На камернай сцэне Купалаўскага тэатра адбыўся спецыяльны паказ спектакля па нашумелай кнізе Андруся Горвата «Радзіва “Прудок”». Зборнік кароткіх нататак з Facebook расказвае пра беларускага журналіста і дворніка, які адправіўся ў «космас» роднай вёскі, каб аднавіць хату продкаў і знайсці сваё месца ў свеце. Режысёрам спектакля стаў акцёр Раман Падаляка. Пастаноўка была здзейснена пры падтрымцы кампаніі velcom і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Ідэя стварыць спектакль па кнізе некалі дворніка-«купалаўца», а цяпер пісьменніка і даўншыфцера Андруся Горвата ў Рамана Падалякі з’явілася вельмі даўно: спачатку пры дапамозе краўдфандынга выйшла кніга, пасля здарыўся першы режысёрскі вопыт — з караткаметражным фільмам «Ягор», знятым паводле ўрыўка з «Радзіва» сумесна з Міхасём Зуём. З гэтай карцінай Раман прыняў удзел у фестывалі мабільнага кіно velcom Smartfilm і атрымаў прыз глядацкіх сімпатый. У снежні 2017 года Раман Падаляка выйграў конкурс режысёрскіх эксплікацый, арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, што дало яму магчымасць узяцца за работу над паўнавартаснай тэатральнай пастаноўкай. Да ажыццяўлення гэтай ідэі далучылася і кампанія velcom, вядомая падтрымкай культурных праектаў, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы.
«Ужо шмат гадоў мы падтрымліваем праекты, звязаныя з беларускай мовай і культурай. Таму вельмі прыемна, што гэтыя пачынанні знайшлі водгук з боку таленавітых творчых дзеячаў нашай краіны і людзей, якія, як і мы, неабыякава ставяцца да тэмы сучаснай нацыянальнай культуры і якім цікава магчымасць прыўнесці новае бачанне ў яе тэмы і вобразы. Што датычыцца кнігі «Радзіва “Прудок”», з ёй velcom звязвае шмат: спачатку Андрусь Горват працаваў у Купалаўскім, пасля напісаў кнігу, кніга стала часткай праекта Movabox. Па «Дзённіку» Раман Падаляка спачатку зняў караткаметражны фільм, цяпер кніга становіцца сапраўднай пастаноўкай. Мы назіраем гэты шлях з самага пачатку, таму вельмі прыемна прымаць удзел у падтрымцы гэтага спектакля», — адзначыла прадстаўнік кампаніі velcom Дар’я Пракаповіч.
Спектакль уяўляе сабой нешта больш значнае, чым перанос сюжэта кнігі на тэатральныя падмосткі. Тым больш што нелінейнае апавяданне, выказанае ў форме дзённікавых нататак пра розныя з’явы ў жыцці, патрабавала ад режысёра асаблівага падыхода і неарднарых рашэнняў. Раман Падаляка вырашыў зрабіць акцэнт на ідэі ўнутранага космасу — як самай эмацыйна блізкай кожнаму патэнцыальнаму глядачу. Незвычайнасць пастаноўкі яшчэ і ў тым, што ўсе 6 галоўных роляў выконваюць усяго тры акцёры: Міхаіл Зуй, Святлана Анікей і Зміцер Есяневіч.
«Перадаць «Радзіва» са сваіх рук у іншыя — свайго кшталту выпрабаванне для мяне як для аўтара. Я разумею, што сёння у яго закончыцца адно жыццё і пачнецца цалкам новае. З аднаго боку, гэта радаснае адчуванне, а з другога, крыху страшнавата. I усё ж такі цікава – тым больш, што я даверыў сваю кнігу не нейкаму чужому дзядзьку, а чалавеку, якога я даўно і добра ведаю і які ўклаў у свій спектакль шмат любові. Было вельмі цікава назіраць за самім сабою з боку, з глядацкай залы, і вынік, на мой погляд, атрымаўся проста выдатным», — адзначыў аўтар кнігі «Радзіва “Прудок”. Дзённік» Андрусь Горват.
«Зрабіць з літаратурнага твора спектакль — заўсёды няпростая задача, а спектакль па кнізе, напісанай у такой форме, як «Радзіва “Прудок”», — складаная ўдвая. Але, як сведчыць наш вопыт, калі ёсць жаданне, натхненне і падтрымка аднадумцаў, нічога немагчымага не існуе. Мне самому было вельмі цікава назіраць, як кніга трансфармуецца ў спектакль. Спадзяюся, што нават тыя, хто ўжо чытаў «Радзіва “Прудок”», знойдуць ў пастаноўцы нешта новае для сябе — таму што спосабаў вандраваць па планеце Прудок шмат, і наш спектакль — гэта адзін з іх», — адзначыў рэжысёр Раман Падаляка.
Пастаноўка «Радзіва “Прудок”», хаця і пачыналася як эксперыментальная, ужо ўключана ў бягучы рэпертуар Купалаўскага тэатра. Аб велізарнай глядацкай цікавасці да будучых спектакляў сведчаць аншлагі падчас продажу квіткоў: усе 440 месцаў на чэрвеньскія паказы былі выкупленыя ўсяго за 6 гадзін. Тыя, каму пашанцавала, змогуць убачыць «Радзіва “Прудок”» 1, 4, 10, 25 і 26 чэрвеня. Акрамя таго, нагадаем, улетку спектакль будзе паказаны і на яго «гістарычнай радзіме» — у самой вёсцы Прудок.
Сачыць за навінамі пастаноўкі і стартам продажу квіткоў на ліпень можна на сайтах kupalauski.by і velcom.by, а таксама на старонках тэатра ў сацсетках.