Гэта адзіная Кальварыя, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Два разы яна была разбураная: першы раз яшчэ ў царскія часы ў другой палове ХІХ стагоддзя, другі раз – бальшавікамі.
Урачыстасць распачалася ў нядзелю 13 верасня ў 11 гадзін, калі вернікі сабраліся каля касцёла, каб сустрэць Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці. Пасля прывітальных словаў арцыбіскуп акрапіў вернікаў святой вадой і зайшоў у храм.
Пасля кароткай малітвы ў касцёле вернікі разам са святарамі выправіліся да Кальварыі. Каля адноўленай брамы мядзельскай Кальварыі працэсію ўжо чакала шмат людзей, якія далучыліся да Крыжовага шляху. Пасля прывітальных слоў і ўручэння папскаму пасланніку хлеба, распачалася ўласна Крыжовая дарога.
Яна праходзіць па маляўнічых мясцінах, дарога то падымаецца на пагорак, то спускаецца ўніз. І ўсё гэта ў лесе або на ўзлеску. Месцамі можна пабачыць падмуркі і рэшткі сцен старых каплічак. Па іх памерах відаць, што яны былі значна большымі за сённяшнія.
У наш час каплічкі размешчаныя на абодвух баках шашы, што вядзе з Паставаў у Мядзел. Таму, каб патрапіць у канечны пункт Крыжовага шляху, трэба перасячы шашу.
Апошняя стацыя знаходзіцца на ўзгорку. Працягласць Крыжовай дарогі складае каля двух з паловай кіламетраў.
У дзве гадзіны на пагорку Кальварыі, дзе ўсталяваныя тры крыжы, распачалася святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці.
Гісторыя мядзельскай Кальварыі
Гісторыя мядзельскай Кальварыі цесна пераплятаецца з гісторыяй парафіі. У сярэдзіне XVIII стагоддзя фундатар касцёла Маці Божай Шкаплернай Антоній Кошчыц запрасіў у Мядзел кармелітаў босых. Ён таксама фундаваў будаўніцтва для іх кляштара.
Кармеліты вырашылі пабудаваць Кальварыю, падобную да Крыжовай дарогі ў Ерусаліме. Годам заснавання Кальварыі лічыцца 1765-ы. У 1772 годзе яна ўжо налічвала 21 капліцу і 8 брамаў, якія пачыналіся паблізу касцёла і выходзілі за мястэчка. Капліцы былі самага рознага кшталту, збудаваныя з дрэва, стаялі на каменных падмурках, і змяшчалі ў сабе маляваныя абразы і драўляныя скульптуры.
У другой палове ХІХ стагоддзя будынак касцёла разам з Кальварыяй быў перададзены праваслаўнай царкве, кармеліты вымушаныя былі пакінуць Мядзел. Кальварыя аказалася непатрэбнай новым гаспадарам і стала занепадаць і разбурацца.
У 1920 годзе, калі Мядзел трапіў у склад адроджанай польскай дзяржавы, храм і Кальварыя былі перададзеныя католікам. Зноў у Мядзел вярнуліся айцы-кармеліты і пачалося другое адраджэнне Кальварыі. Яго ініцыятарам быў айцец Браніслаў Ярасінскі, які працаваў у Мядзеле напрыканцы дваццатых гадоў мінулага стагоддзя. Пасля смерці жыхара Мядзела Генрыха Козел-Паклеўскага, якому на той час належала ўся тэрыторыя першапачатковай Кальварыі, айцы-кармеліты адкупілі ў нашчадкаў 50 га зямлі пад адраджэнне новай Кальварыі. У 1933-1938 гадах былі пабудаваны 15 капліц з цэглы, каменя і блокаў, пакрытых бляхай.
Але другому адраджэнню Кальварыі перашкодзіла Другая Сусветная вайна, якая пачалася ў 1939 годзе. Спачатку Мядзельшчына патрапіла ў склад Савецкага Саюза, потым тут тры гады гаспадарылі немцы, пасля сюды зноў прыйшлі камуністы з іх ваяўнічым атэізмам. Замест другога адраджэння наступіў перыяд другога разбурэння Кальварыі. Гэта разбурэнне было куды больш жорсткім, чым першае, бо цалкам знішчыла Кальварыю. Пацярпеў і сам будынак храма. Спачатку тут зрабілі зернясховішча, а потым склад мінеральных угнаенняў. Парэшткі фундатара касцёла, якія спачывалі ў скляпеннях храма, былі выкінутыя.
Касцёл быў перададзены вернікам толькі ў 1989 годзе. Адразу ж пачаліся працы па аднаўленню будынка храма. Пасля аднаўлення храма ўзнікла ініцыятыва па аднаўленню мядзельскай Кальварыі. Як заўсёды ў такіх справах, не хапала сродкаў, таму спонсараў шукалі нават у суседняй Польшчы. Адтуль жа прывозілі і большасць матэрыялаў, бо беларуская цэгла аказалася не самай лепшай і хутка разбуралася.
Сучасная Кальварыя ў Мядзеле складаецца з чатырнаццаці капліц памерам тры на два з паловаю метры, якія сімвалізуюць 14 стацый Крыжовага шляху Хрыста. Працягласць мядзельскай Крыжовай дарогі складае каля двух з паловай кіламетраў. Адроджаная Кальварыя праектавалася на ўзор Кальварыі Зэбжыдоўскай у Польшчы. Праект зрабіў інжынер-архітэктар Якуб Вэстрых з Варшавы.
Адноўленую Кальварыю ў 2014 годзе асвяціў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
kraj.by паводле catholicnews.by
Фота, відэа з сайта catholicnews.by