У Паставах прайшла прэзентацыя кнігі Ігара Пракаповіча “Чароўны край – Пастаўшчына”

23 студзеня у Пастаўскай гімназіі адбылася прэзентацыя другога выданьня вучэбнага дапаможніка “Чароўны край – Пастаўшчына”, створанага для навучальнага курса “Паставызнаўства”.

Аўтар абодвух выданьняў – Ігар Пракаповіч – выкладчык геаграфіі, краязнавец, паэт, кіраўнік пастаўскай суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны. Ідэя перавыданьня з’явілася ў загадчыка Пастаўскага РАНА А. Кашырына яшчэ ў пазамінулым годзе, бо першае выданьне кнігі І. Пракаповіча аказалася вельмі папулярнай у нашым раёне. Але, як заўсёды, пытаньне ўзьнікла з фінансаваньнем. А так як у наш час трэба спадзявацца толькі на ўласныя сілы, то на новую кнігу грошы зьбіралі ўсім скопам. У канцы кнігі зьмешчаны сьпіс з 55 самых розных устаноў, арганізацый і проста прыватных асоб, якія фінансава дапамаглі гэтай кніжцы з’явіцца на сьвет.

Нарэшце, у канцы мінулага года работа была завершана. І як толькі новенькія кніжкі з’явіліся ў Паставах, адразу ж была арганізавана іх прэзентацыя. На гэта мерапрыемства сабраліся самыя розныя людзі: і тыя, хто дапамагаў у стварэньні кнігі, і тыя, хто проста цікавіцца творчасьцю Ігара Пракаповіча, і шмат вучняў, бо Ігар Міхайлавіч вельмі папулярны сярод вучнёўскай сферы ў Паставах.

Спачатку, як заўсёды, была афіцыйная частка: выступіў сам ініцыятар перавыданьня кнігі – А. Кашырын – і начальнік аддзела ідэялогіі райвыканкама. А пасьля пайшло цікавей. Ігар Пракаповіч стаў знаёміць гасьцей са сваёй новай кнігай. Паглядзець было чаго, бо ў кнігу дадалося рознай новай інфармацыі і ілюстрацый, якія ўсе падзеленыя на 5 тэм і з дадаткамі ў канцы. Усе тэмы расстаўлены ў лагічным парадку: спачатку йдзе геаграфічнае азнаямленьне з тэрыторыяй раёна, пасьля яго гісторыя і азнаямленьне з матэрыяльнай і духоўнай спадчынай рэгіёна. А потым ідзе асаблівая тэма, якая паказвае вучням на тую сувязь, якая існуе паміж кожным зь іх і той зямлёй, на якой ён нарадзіўся. І ў апошняй тэме разглядаюцца найбольш значныя і цікавыя населеныя пункты Пастаўшчыны.

Асаблівасьць выданьня ў тым, што для яго Ігар Пракаповіч распрацаваў ня толькі сам вучэбны дапаможнік, але яшчэ адмысловы сшытак па курсу “Паставызнаўства” і шэраг мультымедыйных прэзентацый па ўсіх вышэйназваных тэмах для выкарыстаньня іх у навучальным працэсе. Усе гэтыя прэзентацыі разам з вялікай колькасьцю фотаздымкаў лепшых пастаўскіх фатографаў запісаныя на дыск, які ўваходзіць у камплект разам з кнігай і сшыткам. Усё гэта дазваляе максімальна зацікавіць Пастаўскім краем ня толькі аматараў, але і вучняў падчас навучальнага працэсу.

Пасьля азнаямленьня з кнігай гасьцей мерапрыемства спачатку пабавілі мяцовыя песенныя таленты, а пасьля пачалася самая прыемная частка падзеі з вялікай колькасьцю добрых слоў аўтару ад настаўнікаў, вучняў і проста яго сяброў. І, зразумела, падаркі: госьці дарылі аўтару, а той у адказ дарыў плён сваёй шматгадовай працы – сапраўдную энцыклапедыю Пастаўшчыны.

 

Вадзім Шышко, “Нашыя Паставы”

Тэгі: