У пошуку

24.02.2010 Кнігагляд

d0b2d0bed0bad0bbd0b0d0b4d0bad0b0

Дзмітры Плакс. Трыццаць тэкстаў – Мінск: Медысонт, 2009. – 66 с. (бібліятэчка часопіса “Дзеяслоў”)

“Трыццаць тэкстаў” – кніга Дзмітрыя Плакса, пісьменніка, журналіста і перакладчыка. Ужо сама яе назва маніфестуе незвычайнасць і пэўнага кшталту эксперыментальнасць гэтай кнігі як літаратурнай з’явы. У чым жа палягае гэтая незвычайнасць і эксперыментальнасць? Што падштурхне чытача сказаць сабе: “Такога я яшчэ не чытаў”? На гэтыя пытанні можна даць некалькі адказаў, і ўсе яны праўдзівыя ў дачыненні да гэтай кнігі.

Літаратурная форма. Вызначаючы ўласныя літаратурныя творы як “тэксты”, аўтар з аднаго боку можа імкнуцца сцерці ўсе перадвызначэнні жанру і формы і тым самым даць новаму тэксту магчымасць быць свабодным ад умоўнасцяў, канонаў, якія хтосьці ўжо вызначыў да і за яго; а можа, і паказаць сваю няздольнасць дакладна назваць “новы літаратурны прадукт”. Творы, змешчаныя ў кнізе Плакса, у любым выпадку прозай не назавеш – гэта хутчэй паэзія, толькі нейкага іншага, не зусім звычайнага кшталту. Паэзія, у якой адсутнічае рыфма, а больш важнае месца займае запаволена-флегматычны рытм, яркі вобраз, спосаб арганізацыі словаў. Таму ў дадзеным выпадку ўмоўнае вызначэнне “тэкст” паказвае на пошук аўтарам новага азначэння жанру для сваіх твораў. Сам Дзмітры Плакс часам называе ўласныя тэксты “рэчы та ці вамі”, звяртаючы ўвагу і на форму, і на змест твораў, і на слоўную гульню, што ляжыць у іх аснове.

Сродкі выразнасці. Калі словаў не хапае, дапамагаюць малюнкі. Гэтым прыёмам і карыстаецца для дапаўнення сваіх лаканічных “тэкстаў” Дз. Плакс. Кожны такі “тэкст” суправаджаецца малюнкам: фотаздымкам, сняжынкай, складзенай з радкоў таго ж “тэксту”, хаатычна рассыпаных літараў “тэксту”. Па вялікім рахунку, “тэкстаў” у кнізе не трыццаць, а шэсцьдзесят, бо і кожны фотаздымак, і кожную адмысловую “сняжынку” можна таксама лічыць тэкстам. У творах адсутнічаюць традыцыйныя знакі прыпынку, але аўтар расстаўляе акцэнты з дапамогай іншых, новых сродкаў: дадатковых прабелаў паміж словамі і ў словах: “…ці то свінец ці то чарніцы вы сы па лі ся”; памеру літар: “… час прайшоў штуршок гіне зноў прыйшоў скуру скінем…”; перастаноўкі складоў у словах: “…высакамоўна друзлага цела глуздага гожага ПРЫ”. Часта аўтар выкарыстоўвае і гульню словаў (на яго працуюць амаформы, амафоны і амографы): “…па крузе замазаў амальгамай замураваў мурашамі па скуры амаль гамай сонечнага спектру…”; а таксама ўжывае ўсім вядомыя моўныя штампы ў новым сэнсе і кантэксце: “за словамі за думкамі зласлоўнымі задумкамі за гарамі за лясамі самалёт збудуем самі…”

Ідэі і вобразы, вакол якіх канцэнтруецца ўвага аўтара, “новымі” назваць складана, незвычайным падаецца сам ход думак аўтара, яго высновы і асацыяцыі. Можна вылучыць некалькі традыцыйных вобразаў, прадстаўленых у кнізе ў новай ідэйнай апрацоўцы, менавіта яны і з’яўляюцца аб’ектам ідэйных пошукаў аўтара.

Шыпшына: выкарыстоўваецца ў сваім наўпростым значэнні “ягада” (“адарваў шыпшыну з’еў праглынуў…”), а таксама ў якасці вобразу-сімвалу радзімы: “няма ў свеце лепшай шыпшыны…”. У сваю чаргу Радзіма таксама з’яўляецца аб’ектам ідэйных пошукаў аўтара. Ён разважае і пра ўласную эміграцыю – “як тут ні кінь выгнанне”, і пра геаграфічнае становішча радзімы – “паміж рускім і ляхам заўжды са страхам”, і праводзіць паралелі з некаторымі гістарычнымі рэаліямі: “сам сабе на шыю павесіў прыгоннае права”.

Мова: прадмет і фармальных, і ідэйных пошукаў. Плакс разважае і пра сродкі, якіх не хапае мове для дасканаласці, і пра моўную ідэнтычнасць народа.

Неба бачыцца аўтару і ідэалам існавання (“жыццё падобнае на неба”), і канчатковым пунктам жыццёвага шляху, і прадметам захаплення: “зерне зорнае пеўню роўнае”. Лірычны герой (калі можна яго так называць ва ўмовах “тэксту”) імкнецца быць як мага далей ад зямлі і як мага бліжэй да неба: “толькі б утрымацца…не ўкляпацца ў зямлю цалкам”. Выявы дарогі дапамагаюць аўтару выказаць ідэю вечнага шляху, імкнення, у дадзеным выпадку бліжэй да неба. Неба падаецца лірычнаму герою жывым, што дазваляе яму не страчваць надзеі. Так, “неба жывое мо і ёсць яшчэ шанцы”. А значыць, ёсць і сэнс працягваць творчыя пошукі, фармальныя і ідэйныя, каб туды не проста “пралезці” ці “праціснуцца”, а застацца назаўжды жыць у ідэальным нябесным “сонечным краі бяскрайняй ночы”.

Цалкам наватарскай кнігу Плакса назваць складана, ды гэта і зусім не патрэбна. Галоўнае, што яна паказвае і новы спосаб мыслення, і новыя формы выказвання думак. А гэтага дастаткова чытачу, каб сказаць: “Такога я яшчэ не чытаў”. Або хаця б: “Ніколі не бачыў у кнігах сняжынак з літар і радкоў”.