У Мінску адкрываецца выстава лялечных персанажаў “Калыханкі”

05.02.2016 Культура

З 5 лютага па 1 сакавіка ў Мінску пройдзе выстава “Калыханцы” – 35!” Як паведамляе канал “Беларусь 3”, у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ўпершыню будзе прадстаўлена ўнікальная калекцыя лялечных персанажаў праграмы.

Наведвальнікі музея змогуць убачыць казачных сяброў першых гледачоў “Калыханкі” – сабачку Цяву, зайчыка Даўгавушыка, воўка Вову, ката Марціна, дзяўчынку Васілінку, хлопчыка Васілька, дзядулю Лесавічка. Любімымі многімі пакаленнямі застаюцца Буслік, сімвал Беларусі, знакаміты Дзед Барадзед, усім вядомыя мядзведзік Топа, лісічка Яна і Сплюшык. І гэта далёка не поўны спіс лялечных герояў, на якіх вырасла не адно пакаленне беларусаў.

Апроч лялек, у экспазіцыі можна будзе ўбачыць рэдкія архіўныя фотаздымкі, цікавыя кадры са здымачнай пляцоўкі, калекцыю касцюмаў вядучых, а таксама шматлікія малюнкі і лісты, якія дасылалі на праграму маленькія тэлегледачы. Падчас выставы будзе паказаны відэафільм пра гісторыю “Калыханкі”.

Паводле 3belarus.by