На апублікаваных праектам vandrvm фотаздымках, на рагу вуліц Чырвонаармейскай і Чкалава, дзе стаяў заезны двор, цяпер пустая пляцоўка з пяском і камянямі, якія засталіся ад помніка грамадзянскай архітэктуры, на фасадзе якога вісела савецкая ахоўная шыльда, піша тэлеграм-канал «Спадчына».

Заезны двор у Вялікай Бераставіцы да знішчэння. Фота: Vandrvm
Гэты П-падобны ў плане аб’ём на масіўным бутавым падмурку быў рэдкім узорам традыцыйнага гасцінічнага комплексу, які спалучаў памяшканні для начлегу, карчму і ўнутраны двор для коней і фурманак. Галоўны фасад ашаляваны, завершаны высокім трохвугольным шчытом, дэкарыраваным фігурнай шалёўкай.
Аб’ект быў прызнаны помнікам і знесены ў савецкі «Збор помнікаў гісторыі і культуры» 1986 года. Аднак пры фарміраванні сучаснага Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей заезны двор па незразумелых прычынах проста «выпаў» з пераліку помнікаў і пазбавіўся якой-небудзь аховы.
Шыльда, якая абвяшчае, што заезны двор з’яўляецца помнікам грамадзянскай архітэктуры другой паловы XIX стагоддзя і ахоўваецца законам. Фота: Vandrvm
Апошні шанец уратаваць помнік быў змарнаваны зусім нядаўна. У верасні 2024 года быў зацверджаны праект зон аховы для суседніх аб’ектаў — рэштак касцёла кармелітаў і брацкай магілы на Ратушнай плошчы. Дакументацыю распрацоўвала ААТ «Белрэстаўрацыя», і якасць гэтай працы выклікае шмат пытанняў. Праект аказаўся настолькі павярхоўным і пазбаўленым аналізу навакольнага гістарычнага асяроддзя, што заезны двор, які тэрытарыяльна трапляў у межы зоны рэгулявання забудовы, не быў ніякім чынам вылучаны і ніякі рэгламент не абараняў яго ад зносу.
Месца, дзе стаяў заезны двор у Вялікай Бераставіцы. Фота: Vandrvm
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.