Бальшавікі хацелі забудаваць Беларусь готыкай. Што засталося ад беларускага нацыянальнага стылю 1920-х?

У дваццатыя гады мінулага стагоддзя архітэктары БССР спрабавалі стварыць уласны, непаўторны нацыянальны стыль, скрыжаваўшы сялянскую хату з сярэднявечным замкам. Гэты амбітны эксперымент мог назаўсёды змяніць аблічча беларускіх гарадоў, але хутка разбіўся аб ідэалагічныя муры сталінскага рэжыму. Засталіся толькі адзінкавыя помнікі, піша «Наша Ніва» са спасылкай на тэлеграм-канал «De facto. Беларуская навука».

Sučasny vyhliad vakzala ŭ Bihosavie
Сучасны выгляд вакзала ў Бігосаве. Фота: Гугл Карты

Аўтар даследавання Ілля Вярбіла, якое было апублікавана ў часопісе «Наука и инновации», падымае пласт гісторыі, які доўгі час заставаўся па-за ўвагай шырокай публікі — архітэктуру нацыянальнага рамантызму БССР 1920‑х гадоў.

Пасля Першай сусветнай вайны і распаду імперый новыя еўрапейскія дзяржавы ліхаманкава шукалі сваю візуальную ідэнтычнасць. Архітэктура стала галоўным інструментам нацыянальнага самавыяўлення. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, ахопленая хваляй беларусізацыі, не засталася ў баку ад гэтага агульнаеўрапейскага працэсу.

Галоўным рухавіком пошукаў стаў Інстытут беларускай культуры. Менавіта ў яго сценах, у секцыі мастацтваў, сабраліся інтэлектуалы, якія спрабавалі сфармуляваць, як мусіць выглядаць сучасны беларускі будынак. Гэта быў час, калі архітэктурныя дыскусіі выходзілі далёка за межы чарцёжных кабінетаў, становячыся пытаннем дзяржаўнай важнасці.

Залаты век беларускай гісторыі супраць сялянскай хаты

У разуменні таго, чым павінен быць «беларускі стыль», адразу акрэсліліся два супрацьлеглыя падыходы. Першы, гістарычны, узначаліў пачынальнік айчыннага мастацтвазнаўства Мікола Шчакаціхін. Расіянін з Масквы, ён захапіўся беларускай спадчынай. Шчакаціхін катэгарычна сцвярджаў, што нацыянальны стыль немагчыма штучна высмактаць з пальца. Сваю канцэпцыю ён будаваў на ідэалізацыі «залатога шаснаццатага стагоддзя», калі беларуская культура, на ягоную думку, дасягнула найвышэйшай мастацкай выразнасці.

Carkva ŭ Muravancy
Новы архітэктурны стыль маладой Савецкай Беларусі мусіў, на думку мастацтвазнаўства Міколы Шчакаціхіна, грунтавацца на помніках гатычнай архітэктуры, такіх як царква ў Мураванцы. Фота: planetabelarus.by

Ідэалам для Шчакаціхіна былі познегатычныя абарончыя храмы ў Сынковічах, Мураванцы і Супраслі. Новая архітэктура мусіла браць з іх манументальнасць, прапорцыі і дух, спалучаючы цэглу і дрэва.

Апанентамі выступалі прыхільнікі этнаграфічнага напрамку, сярод якіх былі Вацлаў Ластоўскі, мастак Анатоль Тычына і этнограф Міхаіл Мялешка. Яны прапаноўвалі шукаць натхненне не ў мураваных замках, а ў драўляным народным дойлідстве і ткацкіх арнаментах. Іх ідэя палягала ў тым, каб перанесці геаметрыю сялянскіх ручнікоў і прапорцыі вясковых хат на фасады сучасных грамадскіх будынкаў.

Драўляны павільён у Маскве

Prajekt nierealizavanaha paviĺjona BSSR dlia Usiesajuznaj sieĺskahaspadarčaj vystavy ŭ Maskvie
Праект нерэалізаванага павільёна БССР для Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве, спраектаванага Г. Кірыкам і К. Ціханавым. Фота: russianartarchive.net

Першая маштабная спроба прадэманстраваць беларускі стыль свету адбылася ў 1923 годзе на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве. Конкурс на праект павільёна БССР выйгралі Г. Кірык і К. Ціханаў, якія прапанавалі бліскучы сінтэз еўрапейскага мадэрну і матываў беларускай замкавай архітэктуры. Аднак да рэалізацыі гэты праект не дайшоў.

Razrez nierealizavanaha paviĺjona BSSR dlia Usiesajuznaj sieĺskahaspadarčaj vystavy ŭ MaskvieРазрэз нерэалізаванага павільёна БССР для Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве, спраектаванага Г. Кірыкам і К. Ціханавым. Фота: russianartarchive.net

Prajekt paviĺjona BSSR na Usiesajuznaj sieĺskahaspadarčaj vystavie ŭ Maskvie
Праект павільёна БССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве аўтарства архітэктара Аляксея Грынберга. Фота: russianartarchive.net

Будаваць даручылі расійскаму архітэктару Аляксею Грынбергу, які пайшоў этнаграфічным шляхам. Ягоны павільён нагадваў гіганцкую сялянскую хату са шматузроўневым дахам, характэрным для драўляных цэркваў, і багатым арнаментальным аздабленнем.

Новая архітэктура беларускай сталіцы

Куды больш амбітныя планы тычыліся самога Мінска. У сярэдзіне дваццатых гадоў пачалося праектаванне новага галоўнага пасажырскага вакзала на месцы былога Брэсцкага.

Першапачатковы праект маскоўскага майстра Івана Струкава, аўтара Беларускага вакзала ў Маскве, трапіў пад жорсткую крытыку архітэктурнай камісіі Інбелкульта. Ад яго запатрабавалі перапрацаваць фасады так, каб яны нагадвалі беларускую камяніцу шаснаццатага стагоддзя.

Zaciemka z numara № 9 haziety «Savieckaja Bielaruś» za 1926 h.
Зацемка з нумара № 9 газеты «Савецкая Беларусь» за 1926 г. пра перапрацоўку праекта вакзала Струкава

Камісія з захапленнем прыняла выпраўлены варыянт, адзначыўшы, што горад нарэшце атрымае буйны будынак у вытрыманым нацыянальным стылі. На жаль, спачатку ўзніклі фінансавыя праблемы, а потым змяніліся горадабудаўнічыя канцэпцыі, і гэты выбітны праект быў назаўжды пахаваны ў архівах.

Не атрымалася ўвасобіць нацыянальныя рысы і ў комплексе будынкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, нягледзячы на прамыя патрабаванні ўмоваў конкурсу 1926 года.

Памежная фартэцыя

Saviecka-latvijskaja hranica ŭ rajonie Bihosava. 1936 h.
Савецка-латвійская граніца ў раёне Бігосава. 1936 г. Фота: Wikimedia Commons

Калі ў сталіцы манументальны беларускі стыль так і не прапісаўся, то на перыферыі яму пашанцавала больш.

Адзіным захаваным да нашых дзён узорам гэтай архітэктурнай плыні з’яўляецца пасажырскі вакзал на станцыі Бігосава, пабудаваны ў 1926–1927 гадах.

Будынак мае строгую сіметрычную кампазіцыю, выцягнутую па восі, якая завяршаецца плаўным зніжэннем вышыні ад цэнтральнай вежы са шпілем да бакавых крылаў.

Čyhunačny vakzal u Bihosavie ŭ pieršaj palovie XX stahoddzia
Чыгуначны вакзал у Бігосаве ў першай палове XX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Яго манументальныя формы, нішы, зубцы і грувасткасць аб’ёмаў наўпрост адсылаюць да абарончага дойлідства, да той самай беларускай готыкі, якую ўзносіў Шчакаціхін.

Улічваючы, што Бігосава было памежнай станцыяй, такі выгляд не выпадковы — будынак выконваў ролю сімвалічнага замка, які сустракаў падарожнікаў на мяжы маладой рэспублікі.

Rospis budynka Dziaržaŭnaha muzieja BSSR
Роспіс будынка Дзяржаўнага музея БССР. Фота: Наш край. 1927. № 1

Пэўныя поспехі былі дасягнутыя і ў дызайне інтэр’ераў. У 1926 годзе скляпенні Дзяржаўнага музея БССР у Мінску аздобілі гістарычнымі роспісамі з выкарыстаннем традыцыйных матываў, так званых «кутасаў». Віцебскі мастацкі тэхнікум пад эгідай Інбелкульта распісаў залу кінатэатра «Мастацкі кінематограф», запоўніўшы столь арыгінальнымі варыянтамі народнага арнаменту ў смарагдавых і аранжавых колерах.

Малады архітэктар Іван Валодзька (ва ўсіх крыніцах ён Валадзько, але ўласнаручна запаўняючы дакументы па-беларуску ў 1932 годзе, ён запісаў сябе як Валодзька Янка Язэпаў — НН) спрабаваў інтэграваць драўляныя разьбяныя элементы ў тыпавыя праекты працоўнага і сялянскага жытла, спалучаючы іх з перадавымі канструктывісцкімі формамі.

Захад нацыянальнага рамантызму

Эпоха смелых эксперыментаў скончылася гэтак жа хутка, як і пачалася. З пачаткам 1930‑х гадоў партыйны кантроль над культурай стаў татальным. Працы па развіцці манументальнага беларускага стылю былі згорнутыя, а многія іх ініцыятары рэпрэсаваныя.

Doška honaru ŭ Minsku
Дошка гонару ў Мінску. Фота: Мінск незнаёмы, 1920–1940

Ад ідэі беларускага нацыянальнага архітэктурнага стылю, які мог бы стаць матэрыяльным увасабленнем самавызначэння беларускай нацыі, засталіся толькі этнаграфічныя элементы дэкору. Уладам хапала таго, каб на фасады савецкай неакласікі ці канструктывізму быў проста налеплены геаметрычны арнамент. Сённяшняя афіцыёзная беларушчына — тое, што зыходзіць ад дзяржавы, — мала чым адрозніваецца ад гэтай практыкі.

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць