Пасля 2022 года пад уплывам расійска-ўкраінскай вайны ў шмат якіх краінах распачаўся перагляд стаўлення да рускай класічнай літаратуры, музыкі, мастацтва. Напрыклад, сёлета ў Рызе прынялі рашэнне перайменаваць вуліцы Пушкіна, Лермантава, Тургенева, Гогаля, а раней дэмантавалі помнік Пушкіну. У Вільнюсе перайменавалі Літаратурны музей імя Пушкіна, а ў Каўнасе — гімназію імя Пушкіна. Можна зразумець, калі адмаўляюць у праве на існаванне савецкім ідэалагічным сімвалам, але наколькі абгрунтавана распаўсюджваць такі падыход на рускую класіку? Паспрабуем адказаць на гэтае пытанне, якое, хто ведае, можа неўзабаве стаць надзённым і ў Беларусі.
Адкрыццё кніжнай экспазіцыі «Руская літаратура: ад класікі да сучаснасці» ў бібліятэцы імя А. Пушкіна ў Магілёве, верасень 2024. Кнігі перададзены прадстаўніцтвам «Россотрудничество» ў РБ. Фота з інстаграма бібліятэкі
Расійскі чытач выбірае Дастаеўскага і Патапкіну
Напачатку азнаёмімся з апошнімі тэндэнцыямі на кніжным рынку Расіі, якія сведчаць аб запатрабаванасці рускай класікі. Сёння там фіксуецца павелічэнне выданняў замежных пісьменнікаў, што стала трэндам бягучага года. Асаблівым попытам карыстаюцца дэтэктывы, назіраецца вялікая цікавасць да азіяцкай літаратуры. Адзначаецца, што лідарам усерасійскага кніжнага рэйтэнгу з’яўляецца фэнтэзі кітайскай пісьменніцы Мосян Тонсю.
Разам з тым вядомыя творцы рускай літаратуры не саступаюць замежным канкурэнтам. На другім месцы сярод найбольш друкаваных аўтараў упэўнена трымаецца Фёдар Дастаеўскі, на трэцім — Міхаіл Булгакаў. Як бачым, класічныя творы па-ранейшаму займаюць трывалыя пазіцыі ў чытацкіх перавагах сучасных расіянаў. Дзіўным дысанансам выглядае той факт, што першае месца другі год запар належыць не Пушкіну ці Талстому, а Анне Джэйн з сібірскага Краснаярска. Папулярнасць раманаў для моладзі Анны Джэйн (сапраўднае прозвішча Патапкіна) можна патлумачыць як узростам яе аўдыторыі, так і рэкламай кніг пасля заўчаснай смерці пісьменніцы.
Пра актуальнасць разгляданай тэмы можна таксама меркаваць па паводзінах дзяржаўнай прапаганды. Калі недзе за межамі Расіі падвяргаецца сумневу неабходнасць ведання або захоўвання рускай класікі, гэта становіцца значнай нагодай для ідэалагічнага выхавання расійскага грамадства. У некаторых выпадках гучаць заявы на самым версе ўладнай піраміды. Так, гэтай вясной Марыя Захарава, афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў РФ, выступіла ў абарону Булгакава ад «кіеўскага рэжыму». Па яе словах, украінскія ўлады з дапамогай ЗША жадаюць адарваць Украіну ад Расіі, дзеля чаго пераглядаюць значэнне Булгакава і ягонай творчасці. Пры гэтым яна абвесціла, што правобразам Воланда быў тагачасны пасол ЗША ў СССР.
Скрыншот з сайта ria.ru
Руская класіка як імперская маркіроўка тэрыторыі
Украіна, сапраўды, праводзіць сістэматычную працу па пазбаўленні ад савецкай таталітарнай спадчыны і самых розных праяў рускай класікі. Яшчэ да 2019 года было перайменавана каля 1000 населеных пунктаў, 25 раёнаў, 52 тыс. тапонімаў, дэмантавана 2,5 тыс. помнікаў і памятных знакаў. Праўда, большасць з іх тычылася камуністычнай ідэалогіі. Пра пазбаўленне ад сімвалаў Расійскай імперыі, у тым ліку рускай класікі, казалася на дыскусійным узроўні.
У лістападзе 2021 года Украінскі інстытут нацыянальнай памяці паведамляў аб пачатку серыі абмеркаванняў па праблемах дэкаланізацыі. Сярод заяўленых тэмаў былі: Якое месца Гогаля, Чэхава, Булгакава ва ўкраінскай нацыянальнай памяці? Што рабіць з вуліцамі і помнікамі Пушкіна і Талстога?
Абвестка Украінскага інстытута нацыянальнай памяці з сайта uinp.gov.ua
Уварванне расійскіх войскаў у лютым 2022 года падштурхнула ўкраінцаў да радыкальнай змены поглядаў у адносінах да ўсяго, што звязана з Расіяй. У прыватнасці, руская класіка стала ўспрымацца як сродак фармавання месіянскага комплексу рускай нацыі і «дзейсны інструмент каланізацыі нерасійскіх наваколляў Расійскай імперыі».
Доктар гістарычных навук Наталля Старчанка, калі ў яе спыталіся, што рабіць з вуліцамі Пушкіна ва ўкраінскіх гарадах, патлумачыла : «Разуменне прыроды ўкраінскай пушкініяны як імперскага дамініравання, маркіроўкі імперыяй сваёй тэрыторыі можа дапамагчы ў працэсе дэкаланізацыі».
Доктар філалагічных навук Вера Агеева заўважыла, што лямант пра вялікую рускую літаратуру раздаецца, па-першае, бо гэта дзяржаўная імперская прапаганда, па-другое, з-за неадукаваннасці. Яна падкрэсліла, што справа ў няведанні іншых літаратур, «мы і ўкраінскай літаратуры не ведаем», «мы яе катастрафічна не ведаем». Да прыкладу, Гогаля ў Расіі называюць сваім класікам. Аднак ён украінскі пісьменнік, які пісаў на рускай мове.
Вялікі розгалас набылі падзеі вакол музея Булгакава ў Кіеве. У жніўні 2022 года Саюз пісьменнікаў Украіны выступіў з заявай, дзе прапаноўвалася зачыніць музей, бо Булгакаў «ненавідзеў Украіну і яе незалежнасць». Міністр культуры Аляксандр Ткачэнка не падтрымаў гэту прапанову. Тым не менш пад ціскам грамадскасці ўвага да асобы славутага рускага класіка толькі ўзрастала.
Дом-музей Міхаіла Булгакава ў Кіеве. Фота з Вікіпедыі
Спачатку для музея зрабілі новую ўкраінскамоўную мемарыяльную дошку. Потым вуліцу Булгакава ў Кіеве перайменавалі ў гонар Вахтанга Кікабідзе, грузінскага акцёра і спевака. У гэтым годзе Украінскі інстытут нацыянальнай памяці двойчы абнародаваў экспертнае заключэнне па творчасці Булгакава. Эксперты вызначылі ў ёй адзнакі прапаганды расійскай імперскай палітыкі і ўкраінафобіі. Кіраўнік Інстытута Антон Драбовіч паведаміў у інтэрв’ю, што забараняць кнігі пісьменніка ніхто не збіраецца. Але трэба выдаліць яго як сімвал імперскай палітыкі з публічнага ўжытку, прыбраць помнікі і г. д. Музей застанецца, толькі патрэбна змяніць канцэпцыю і змест экспазіцый.
Дэкаланізацыя ў адпаведнасці з законам
Сукупнасць усіх гэтых працэсаў аб’яднана адзінай мэтай — дэкаланізаваць грамадскую і культурную прастору. Для яе ажыццяўлення распрацавана разнастайная прававая база. Адным з апошніх прынятых прававых актаў стаў Закон «Аб асуджэнні і забароне прапаганды расійскай імперскай палітыкі ва Украіне і дэкаланізацыі тапаніміі» (дзейнічае з ліпеня 2023 г.). Яго прыняцце спрыяла перайменаванню ў гэтым годзе некалькіх соцень населеных пунктаў, ад вёсак да гарадоў. Многія з іх мелі назвы са згадваннем рускіх і савецкіх дзеячаў, як Пушкін, Някрасаў, Сувораў, Кутузаў, Чкалаў, Максім Горкі.
У лістападзе 2023 года Урад Украіны выключыў з дзяржаўнага рэестра шэраг помнікаў і мемарыяльных комплексаў расійскім і савецкім дзеячам. Гэта помнікі Пушкіну ў некалькіх гарадах, Сувораву ў Ізмаіле, адміралу Ушакову ў Херсоне, генералу Ватуціну ў Кіеве і інш. Да гэтага яны знаходзіліся ў рэестры нерухомых помнікаў культурнай спадчыны нацыянальнага значэння. Цяпер мясцовым уладам дазвалялася прыняць рашэнне аб іх дэмантажы. У кожным горадзе мясцовыя дэпутаты вырашалі, што і як рабіць з гэтымі аб’ектамі. Напрыклад, у Кіеве помнік Пушкіну прыбралі, а ў Адэсе вырашылі не чапаць, затое дэмантавалі помнік Талстому і перадалі яго на музейнае захоўванне.
Скрыншот з сайта mcip.gov.ua
Адпаведныя захады закранулі і вывучэнне рускай літаратуры ва ўкраінскіх школах. Вясной 2022 года дырэктар Украінскага інстытута кнігі Аляксандра Коваль казала пра неабходнасць змяніць погляды на рускую класіку. На яе думку, Пушкін і Дастаеўскі заклалі асновы «рускага свету» і расійскага месіянства, паўплывалі на менталітэт расіянаў і не толькі іх. Таму трэба выключыць з публічных і школьных бібліятэк кнігі рускай класічнай літаратуры і звярнуць увагу на сусветна вядомыя дасягненні замежнай літаратуры.
А летам працоўная група Міністэрства адукацыі і навукі падрыхтавала рашэнне па абнаўленні школьных праграм па гісторыі і літаратуры. У ім паведамлялася, што вучням замест расійскіх і савецкіх паэтаў і празаікаў будуць распавядаць пра творчасць замежных пісьменнікаў. Адсутнасць Пушкіна, Талстога, Дастаеўскага, Маякоўскага, Шолахава і шмат каго яшчэ ўраўнаважылі вывучэннем Бернса, Гётэ, Гейне, Гюго, Міцкевіча, Камю. Акрамя таго, адбылася паказальная змена падыходаў да творчасці Гогаля. У дакуменце падкрэсліваецца, што Гогаль «вялікі ўкраінскі пісьменнік, таму яго творы мэтазгодна вывучаць на ўроках украінскай літаратуры».
У новай праграме ўжо няма рамана Булгакава «Майстар і Маргарыта», з яго твораў рэкамендуецца адно «Сабачае сэрца», і тое па выбары настаўніка і навучэнцаў. Узамен вершаў Пушкіна прапануюцца вершы еўрапейскіх паэтаў, замест басняў Крылова — басні Лафантэна, апавяданняў Чэхава — апавяданні О. Генры і Анны Гавальда. Украінскім дзесяцікласнікам не выкладаюць пра ўчынкі і перажыванні герояў рамана Дастаеўскага «Злачынства і пакаранне». Цяжка не пагадзіцца з меркаваннем настаўніцы Хмельніцкай школы, што «дзеці не разумеюць, ім не блізка, як галоўны герой можа быць забойцам».
Наперадзе пераацэнка рускай класікі ў Беларусі?
У Беларусі адносіны да рускай класікі добра вядомыя. За савецкі час нават самыя адукаваныя беларусы прызвычаіліся да таго, што творы рускай класічнай літаратуры з’яўляюцца мастацкімі вяршынямі і духоўнымі арыенцірамі. У тагачаснай сістэме каштоўнасных каардынат разважаць па-іншаму было проста немагчыма. Такі ўдумлівы даследчык як Алесь Адамовіч, калі даказваў асаблівасці творчых узлётаў Быкава, невыпадкова згадваў пра «ўплыў Талстога» і «ўздзеянне Дастаеўскага». А пры разглядзе рамана Мележа «Людзі на балоце» ён жа пісаў, што «няма ўсё-такі глухой сцяны паміж пачуццямі куранёўскай Ганны і, напрыклад, пецярбургскай Анны Карэнінай».
Такія адмысловыя параўнанні, з аднаго боку, легалізавалі спрэчныя думкі і высновы ў даследаванні, з іншага, падвышалі значнасць аналізаваных беларускіх пісьменнікаў. З тых часоў і дасюль айчынныя літаратуразнаўцы старанна вышукваюць творчыя паралелі паміж Багдановічам і Блокам, Буйло і Ахматавай, Гарэцкім і Гумілёвым, Мележам і Шолахавым. Гэта некалькі канкрэтных прыкладаў з філалагічных працаў БДУ. Праводзіцца філфакам і шматгадовая канферэнцыя «Русская и белорусская литературы на рубеже ХХ-ХХI вв.».
Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы нядаўна запачаткаваў выданне свайго зборніка «Проблемы современной филологии». За 2022-2023 гады ўбачылі свет два выпускі, дзе «проблемы» так ці інакш закранаюць класічную і сучасную рускую літаратуру. У асноўным разглядаецца творчасць Пушкіна, Талстога, Дастаеўскага, Горкага, Набокава, Бродскага. Ёсць артыкулы пра Адама Міцкевіча, але і яны аб’яднаны тэмай «Пушкин и Мицкевич: к истории культурных контактов и взаимодействий». У першых выпусках зборніка ўсяго два артыкулы на беларускай мове.
Здаецца, у такіх умовах аніяк не прыходзіцца чакаць пераасэнсавання звыклых поглядаў і трактовак. Аднак нагадаем, як у далёкім 1917 годзе Язэп Лёсік празорліва даводзіў: «Нацыянальнае вызваленне — гэта барацьба культур». Падзеі 2020 года засведчылі, што беларускае грамадства ўжо саспела для нацыянальнага вызвалення. Таму рана ці позна пераацэнка рускай класікі адбудзецца і ў Беларусі.
В. С., Budzma.org