Расійская прапаганда доўгія гады распавядала аўдыторыі, што ўкраінцы не маюць аніякага права на ўласную дзяржаўнасць, што гэтая іх Украіна — фармаванне выключна сінтэтычнае. Пры тым, што за будаванне гэтай псеўда краіны ўкраінцы нібыта павінны быць удзячныя савецкім дзеячам. У гледача тэлебачання, які толькі ўскосна знаёмы з гісторыяй усходнееўрапейскага рэгіёну, насамрэч можа закрасціся думка, што супрацоўнікі расійскіх медыя маюць рацыю. Была ж калісьці такая магутная дзяржава Расійская Імперыя? Так, была. Пераўтварылася ж яна потым у Савецкі Саюз? Так, пераўтварылася. Украіна потым незалежнасць ад гэтай вялізнай імперыі атрымала? Так, атрымала. Можа, і на самой справе само існаванне ўкраінскага народу — гэта нейкая фікцыя і гісторыя цалкам штучная?
Перш чым дэталёва разбірацца з кожным з гэтых тэзісаў, мы б хацелі нагадаць, што ідэалагічны падмурак усіх гэтых разваг — міф пра некалі «Вялікую Расію».
На ўсе лады журналісты дзяржаўных СМІ распавядаюць пра магутную Расійскую Імперыю, якая ў выніку «геапалітычная катастрофы» раздрабілася на шмат няўдалых кавалачкаў. З усяго гэтага лагічна выводзіцца, што святая місія сучаснага расійскага кіраўніцтва зараз — гэта выправіць крыўдную гістарычную памылку і зрабіць Расію вялікай зноў. Праблема тут толькі ў тым, што той кароткі перыяд расійскай гісторыі, калі ў склад Імперыі ўваходзілі і ўкраінскія, і беларускія, і шмат яшчэ якія землі, падаецца як нейкі спрадвечны. Маўляў, ледзь не з часу стварэння зямлі існавала тая самая магутная дзяржава, а потым, па дурасці савецкіх кіраўнікоў, яна развалілася. Давайце ж сапраўды паглыбімся ў гісторыю, і паглядзім, якім чынам насамрэч звязаныя лёсы трох усходнеславянскіх народаў.
Усходнеславянскія плямёны і Кіеўская Русь
Пачнем мы наш аповед пра гісторыю Украіны не з моманту з’яўлення там першых людзей, і нават не з вялікага перасялення народаў, а з моманту засялення гэтага краю славянскімі плямёнамі, бо нас цікавяць менавіта ўзаемаадносіны нашых усходнеславянскіх народаў. У 8 стагоддзі тэрыторыю паўночнай і цэнтральнай Украіны засяляюць усходнеславянскія плямёны. Праўда, гэта былі не тыя ж самыя плямёны, што засялілі тэрыторыі сучаснай Беларусі і Расіі. Далёкімі продкамі сучасных украінцаў былі плямёны драўлян, палян, севяран, улічаў і г.д. Тым часам тэрыторыю сучаснай Беларусі засялялі вядомыя нам са школьнай лавы плямёны крывічоў-палачан, дрыгавічоў і радзімічаў. Тэрыторыю ж Расіі, дакладней некаторых сучасных расійскіх абласцей, засялялі наўгародскія славеня, вяцічы, часткова верхняволжскія крывічы. Як бачыце, ужо на гэтым этапе відавочна, што паходжанне ўсіх трох усходнеславянскіх народаў зусім не аднолькавае.
Кіеўская Русь на мапе. Крыніца: telegra.ph
Неўзабаве ўсе гэтыя плямёны пачалі абʼядноўвацца ў адзіную славянскую дзяржаву — Кіеўскую Русь. Тут трэба адзначыць, што такая раннефеадальная дзяржава, якая складалася ў 9-10 стагоддзях, — гэта зусім не тое ж самае, што сучасныя дзяржавы. Тагачасная Кіеўская Русь прадстаўляла сабой наўпрост абʼяднанне плямёнаў, якіх, акрамя неабходнасці плаціць даніну аднаму князю, асабліва нічога не звязвала. З 12 стагоддзя Кіеўская Русь распадаецца на асобныя княствы. На тэрыторыі сучаснай Украіны зʼяўляюцца Кіеўскае, Чарнігаўскае, Галіцкае ды Валынскае княствы. Тады перыядам феадальнай раздробленасці скарысталіся знакамітыя мангола-татары, якія хутка абклалі гарады Кіеўскай Русі данінай.
Так бы і існавалі далей гарады на тэрыторыі Украіны пад татарскім ярмом, калі б у гульню не ўступілі вялікія князі літоўскія.
Украіна, Літва, Польшча
У 13 стагоддзі ўзнікла наша любімае Вялікае Княства Літоўскае. Ужо на пачатку 14 стагоддзя вялікі князь Гедзімін устанавіў пратэктарат над Кіевам. Праз пэўны час яго сын князь Альгерд уключыў Кіеў у склад ВКЛ пасля перамогі над татарамі. У выніку, землі Валыні, Чарнігава-Сівершчыны, Кіеўшчыны, Пераяслаўшчыны, Падолля, як, дарэчы, і ўсе беларускія землі, апынуліся ў межах адной магутнай дзяржавы. Жыхары сучасных тэрыторый Беларусі і Украіны зваліся русінамі, а мова іх — русінскай. Гэтую ж мову даследчыкі зараз называюць стараўкраінскай і старабеларускай.
Менавіта на гэтай, агульнай для продкаў і беларусаў, і ўкраінцаў мове былі першапачаткова напісаны Статуты ВКЛ.
Менавіта на гэтай мове размаўляў Францыск Скарына. Зразумела, дыялекты маглі адрознівацца ў залежнасці ад рэгіёна, але ў цэлым гэта была агульная мова для ўсіх жыхароў Вялікага Княства, і менавіта на гэтай мове вялося ўсё справаводства ў ВКЛ. Дарэчы, мова жыхароў Маскоўскай дзяржавы ў гэты перыяд ужо істотна адрознівалася.
Рэч Паспалітая на мапе.Крыніца: tr.pinterest.com
У другой палове 16 стагоддзя ВКЛ уступіла ў вайну з Маскоўскай дзяржавай. Перавага была на баку Масквы, і эліты Літвы прасілі ваеннай дапамогі ў Польшчы. Каралеўства Польскае вырашыла скарыстацца момантам і прымусіць суседнюю краіну да абʼяднання ў адзіную дзяржаву. З гэтай мэтай кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст перадаў усе ўкраінскія землі, якія да гэтага належалі Літве, Каралеўству Польскаму. Менавіта тады Літве прыйшлося пайсці на ўмовы Польшчы. Адбылася Люблінская ўнія, у выніку якой узнікла новая федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Зямлі ж Украіны, як вы разумееце, засталіся ў складзе польскага каралеўства. Так «русіны», якія гаварылі да гэтага на адной мове, апынуліся ў розных краінах, і пачалося іх культурнае развіццё асобна адна ад адной.
«І покажем, що ми, браття, козацького роду»
Казакі. Хто яны, і якую ролю адыгралі ў фармаванні ўкраінскага народа?
Жыў на паўднёвых межах польска-літоўскай дзяржавы ганарлівы і гарачы суб-этнас — казакі. Адважныя воіны, якіх баяліся нават першыя асобы Рэчы Паспалітай, бо адолець іх было немагчыма. Ды і ці варта было іх адольваць, калі казакі служылі буферам паміж межамі хрысціянскай дзяржавы і туркамі-мусульманамі? Палітычныя эліты РП вырашылі пайсці па прынцыпе «не можаш перамагчы — узначаль». Жыгімонт II Аўгуст прапанаваў казакам паступіць на вайсковую службу, каб афіцыйна абараняць межы краіны. Узамен жа казакам даваліся ўсякія вольнасці. Менавіта таму многія сяляне збягалі да казакоў ад сваіх паноў. Відаць, аддавалі перавагу вайсковай службе перад цяжкай рабскай працай на землях шляхціча.
Як бачыце, мы ў храналогіі гісторыі ўкраінскага народа ўжо дайшлі аж да 17 стагоддзі, але ніякай вялікай Расіі пакуль няма. Не хвалюйцеся, хутка зʼявіцца.
Гетман Багдан Хмяльніцкі.Крыніца: wikiwarriors.org
Праблема заключалася ў тым, што на час ваенных дзеянняў многіх сялян уносілі ў рэестр казакоў. Яны ваявалі за манархаў Рэчы Паспалітай, але пасля завяршэння аперацыі, іх са спісу спакойна выкрэслівалі, і яны былі абавязаны вярнуцца да сваіх паноў, каб працягнуць адбываць сялянскія павіннасці. Акрамя таго, Рэч Паспалітая актыўна акаталічвалася, пачаўся прыгнёт праваслаўнага насельніцтва, а казакі якраз былі праваслаўнымі. Што заставалася ганарлівым і смелым казакам, акрамя як выступіць супраць улады? Пасля серыі сялянскіх і казацкіх бунтаў, пачалося знакамітае паўстанне Багдана Хмяльніцкага — гетмана Запарожскіх казакоў. Хмяльніцкі звярнуўся за падтрымкай да рускага цара, пасля чаго чарада паўстанняў ператварылася ў польска-рускую вайну.
Што ў выніку? Прайграла ў выніку Рэч Паспалітая. Смаленшчына і левабярэжная Украіна адышлі да Рускай дзяржавы. Правабярэжная Украіна ўсё яшчэ заставалася ў складзе Рэчы Паспалітай. Было гэта, варта нагадаць, у канцы 17 стагоддзя.
Паміж імперыямі
Напрыканцы 18 стагоддзя аслабелая Рэч Паспалітая знікла з карты Еўропы, падзеленая паміж уплывовымі суседзямі. Да Першай Сусветнай вайны ўкраінскімі землямі валодалі Расійская і Аўстрыйская імперыі.
Падзелы Рэчы Паспалітай на мапе.Крыніца: profil.adu.by
На Галіччыну, якая ўваходзіць у склад аўстрыйскай імперыі (напрыклад, горад Чарнаўцы і Львоў) значна паўплывала еўрапейская культура. Менавіта таму беларускія турысты так любілі падарожнічаць па цудоўнай заходняй Украіне, захапляючыся ўтульнасцю старых аўстрыйскіх вулачак.
Львоў на пачатку 20 стагоддзя.Крыніца: karpaty.kurorts.com
Дарэчы аб культурным уплыве: вось, напрыклад, у Львове помнік знакамітаму пісьменніку Леапольду фон Захер Мазоху. Таму самаму, ад імя якога пайшоў тэрмін «мазахізм».
Помнік Захеру Мазоху ў Львове.Крыніца: carabaas.livejournal.com
Пасля лютаўскай рэвалюцыі, а потым кастрычніцкага перавароту, якія адбываліся ва ўмовах Першай сусветнай вайны, на тэрыторыі Украіны пачалі ўзнікаць дзяржаўныя ўтварэнні, у назвах якіх ужо было слова «Украіна». Ні ў кога не ўзнікла сумнення, як называць гэтую маладую дзяржаву. Складанасць становішча заключалася толькі ў тым, што на тэрыторыі Украіны была вялікая колькасць палітычных сіл з рознымі інтарэсамі і рознымі поглядамі на далейшае развіццё. Менавіта такая сітуацыя грамадзянскай вайны і складанага змешвання сацыяльных груп па рознасці поглядаў апісаны ў прыватнасці ў рамане Міхаіла Булгакава «Белая Гвардыя». Не будзем удавацца ў падрабязнасці перыпетый той грамадзянскай вайны, адзначым толькі, што ў выніку Галіччына адышла да новаўтворанай польскай дзяржавы, астатняя ж частка Украіны стала Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Усе ўкраінскія землі, як мы зараз іх разумеем, увайшлі ў склад Украінскай Савецкай дзяржавы ўжо пасля другой сусветнай вайны.
Што ў выніку?
Дык вось, што мы маем у выніку? Як бачыце, украінская нацыя фармавалася ва ўнікальных культурна-гістарычных умовах. Зразумела, пад уплывам суседніх дзяржаў і народаў, як зрэшты любая нацыя. Аднак казаць пра тое, што ўкраінскага народа не існуе, ці што Украіна была прыдумана Уладзімірам Леніным, ці кім-небудзь яшчэ, — гэта проста ігнараваць вядомыя гістарычныя факты.
Дык што ж з роляй вялікай Расіі? — спытаеце вы. Глядзіце самі.
З канца 17 стагоддзя частка цяперашніх украінскіх земляў уваходзіла ў склад Расійскай Імперыі. Частка, але зусім не ўсе землі цалкам. У сярэдзіне 20 стагоддзя паўнавартасна ўзнікла Савецкая Украіна. Вядома, як любая савецкая рэспубліка, яна знаходзілася пад пратэктаратам Масквы і кіравалася камуністычным урадам. Аднак гэта ўсё ж была асобная краіна са сваім асобным сацыя-культурным развіццём.
Нікому ж не прыйдзе ў галаву казаць, што, напрыклад, Туркменістан — гэта частка рускага свету, які не мае права на незалежнасць ад Расіі, бо некалі быў адной з савецкіх рэспублік. Зрэшты, калі замест падручнікаў па гісторыі глядзець расійскае тэлебачанне, то ў галаву можа прыйсці і не такое.
Д.Г., budzma.org