Украінцы з «Ролікс» едуць у Мінск (аўдыё/відэа)

01.12.2014 Музыка

Вядомы ўкраінскі гурт прыедзе 5 снежня, каб павіншаваць з 15-годдзем сваіх калегаў з гурта Sciana.

«Беларусь – зацішная і мілая краіна, у якую прыехаць заўжды радасна», – кажа лідар каманды з Херсона Дзмітро Ігнатаў. Цікава, што сам ён працуе адвакатам, мае ўласную юрыдычную кантору, а ўвесь вольны час прысвячае музыцы. Яго гурт «Ролікс» ужо стаў брэндам альтэрнатыўнай украінскай сцэны. Яны маюць у даробку два альбомы, дзясятак кліпаў, сольныя канцэрты па некалі адзінай краіне ды выступы ў якасці гасцей на найбуйнейшых украінскіх фэстах. Цяпер гурт працуе над новым альбомам. Іх новыя песні і вядомыя хіты можна будзе пачуць на святкаванні 15-годдзя гурта Sciana, з якім украінцаў звязваюць трывалыя сяброўскія пачуцці.

«Ролікс» і Sciana пазнаёміліся на фэсце «Захід», некалькі гадоў таму мелі супольны тур па Украіне і Беларусі і запісалі разам трэк «Беларусь-Украіна». У Мінску госці выступяць з 45-хвілінным сэтам 5 снежня ў клубе «Піраты».