У дзень памяці аднаго з самых цікавых і адметных беларускіх паэтаў усіх часоў, які зведаў радасць поспеху і горыч забыцця, ды пайшоў з жыцця 20 сакавіка 1976 года, распавядаем аб няпростым жыццёвым шляху класіка нашай літаратуры.
Пра Уладзімера Дубоўку можна разважаць бясконца — і як пра таленавітага літаратара, і як пра сведку і ўдзельніка многіх важных падзей, і як проста аб цікавым чалавеку. Нарадзіўся паэт у ліпені 1901 года на Віцебшчыне, але чамусьці заўжды ставіў датай свайго нараджэння 1900 год.
Вучыўся ён спачатку ў Манькавіцкай школе, потым у Мядзельскай двухгадовай вучэльні, а ў выніку паступіў у настаўніцкую семінарыю ў Новай Вільні. На пачатку жыцця ў яго быў літаральна хрэстаматыйны шлях для беларускага актывіста першай паловы ХХ стагоддзя. Настаўнікамі паводле адукацыі былі многія з тых, з кім у будучым будзе стасавацца Дубоўка. Як мінімум, Якуб Колас ды Аляксандр Чарвякоў.
Сям’я Дубоўкаў. Уладзімер Дубоўка стаіць у цэнтры, 1914 год. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Фота: zviazda.by
У 1915 годзе сям’я Дубоўкаў эвакуюецца ў Маскву. Тое быў сапраўдны «сыход» беларусаў са сваёй зямлі — многія аказаліся раскіданымі па абшарах Расейскай імперыі, у самых розных яе закутках. З бацькамі ён пабачыцца толькі ў 1918 годзе, калі трапіць у ахопленую рэвалюцыяй Маскву.
Далей біяграфія ў паэта пакручастая — увосень таго ж года Дубоўка паступае на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, але ў хуткім часе кідае яго. Няма калі вучыцца, бо трэба працаваць. На год Дубоўка едзе настаўнічаць на Тульшчыну, дзе вучыць дзяцей мясцовых старавераў. А вярнуўшыся ў Маскву, ідзе служыць у Чырвоную Армію...
Сапраўдным пераваротам у жыцці Дубоўкі стане ўбачаная на адной з маскоўскіх вуліц шыльда з надпісам «Прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР». Малады паэт зойдзе спытаць газет на беларускай мове і болей ужо ніколі не развітаецца з беларускім словам. Пачнецца ягонае «беларускае» жыццё, хай сабе і на чужыне.
У тым жа 1921-м ён апублікуе верш пад назвай «Сонца Беларусі», а праз 2 гады выйдзе дэбютная кніга паэзіі «Строма», якая будзе карыстацца шалёным поспехам у чытачоў. Жыццё ў Маскве зробіць з Дубоўкі зорку ў два крокі: ён выступае на беларускіх вечарынах, знаёмы з Уладзімерам Маякоўскім і Сяргеем Ясеніным. Дубоўка выкладае на курсах беларускую мову, яго бяруць на працу ў Крэмль — перакладаць на беларускую мову савецкія законы.
Вокладка кнігі «Там, дзе кіпарысы», 1925 год. Фота: zviazda.by
У 1924 годзе ён упершыню прыязджае ў Мінск. Асабіста бярэ ўдзел у лёсавызначальнай для новапаўсталай краіны падзеі — 6 Надзвычайным Усебеларускім з’ездзе Саветаў, так званым з’ездзе ўзбуйнення БССР. На ім на заканадаўчым узроўні было абвешчана павелічэнне тэрыторыі — вярнуліся некаторыя з тых земляў, што былі адарваныя ў пачатку 1919 года. Сярод паўсотні ганаровых гасцей, якія мелі права голаса, акрамя Уладзімера Дубоўкі, былі Якуб Колас, Янка Купала і Змітрок Бядуля.
Паэт таксама бярэ ўдзел у справе арганізацыі беларускіх выданняў — дзякуючы яго дбанням з’явіўся часопіс «Беларускі піонэр», які і павінен быў ачоліць Уладзімер Дубоўка. Але на справе першым фактычным рэдактарам стаў іншы, троху менш вядомы ў наш час дзіцячы пісьменнік — Алесь Якімовіч. Часопіс гэты выходзіць і цяпер ды мае назву «Бярозка».
У 1925 годзе Уладзімер Дубоўка займае пасаду старшыні цэнтральнага бюро «Маладняка» — першага літаратурнага аб’яднання, якое з’явілася ўвосень 1923 года. За некалькі гадоў дзейнасці суполка разраслася да неверагодных памераў — пачыналі ўсё 6 чалавек, а ў сярэдзіне 1920-х у ліку «маладнякоўцаў» было пад 5 соцень чалавек. Філіі былі ва ўсіх асноўных гарадах, а таксама ў мястэчках і вёсках. Акрамя таго, прадстаўлены быў «Маладняк» і ў замежжы — у Празе і Маскве.
Дубоўка і ўкраінскі паэт Уладзімір Сасюра. 1925 год. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Фота: zviazda.by
У гэты час Уладзімер Дубоўка ўжо прызнаны літаратар, які не толькі піша і актыўна выдае сваё — кніга за кнігай друкуюцца ягоныя зборнікі вершаў, але і бярэцца рэдагаваць чужое. У 1926 годзе ў бібліятэчцы «Маладняка» выходзіць зборнік жаночай паэзіі — пад адной вокладкай сабралі вершы трох зусім яшчэ маладых паэтак — Яўгеніі Пфляўмбаўм, Зінаіды Бандарынай і Наталлі Вішнеўскай. Рэдактарам гэтага выдання пазначаны Дубоўка.
Вокладка кнігі «Credo», 1926 год Фота: zviazda.by
Вокладка кнігі «Наля», 1927 год. Фота: zviazda.by
Як няцяжка здагадацца, маскоўская філія «Маладняка» існавала дзякуючы дбанням Уладзімера Дубоўкі. Праўда, ён сам быў не надта задаволены такім буйным ростам літаратурнай арганізацыі. Бо разам з павелічэннем колькасці сябраў імкліва гублялася якасць твораў — і вершы, і проза ператвараліся ў плакатныя агіткі на патрэбу часу. Усё гэта ў выніку прывяло да таго, што ў канцы траўня 1926 года група пісьменнікаў выйшла з арганізацыі і заснавала сваю.
Сярод тых, хто пратэставаў супраць «прымітывізацыі» і «палітызацыі» мастацтва былі крытык Адам Бабарэка, раманіст Кузьма Чорны, паэт Язэп Пушча, сатырык Кандрат Крапіва і нават пісьменнік старэйшага веку Змітрок Бядуля. Новае літаратурнае аб’яднанне назвалі «Узвышша», каб па адной назве было зразумела, чаго хочуць ягоныя сябры. Іх цягнула да вытанчанасці, чаго ў актуальнай пралетарскай культуры проста не было. Калі «Маладняк» быў беларускім авангардам, то «Узвышша» было нашым дэкадэнцтвам з яго імкненнем да ўзнёсласці і вытанчанасці.
У 1927 годзе Уладзмер Дубоўка засноўвае разам з Адамам Бабарэкам часопіс «Узвышша», у якім друкуе не толькі ўласныя мастацкія тэксты, але таксама і тэарытычныя. Так у адным з артыкулаў пра пераклад ён разважае аб правільнасці наймення — на яго думку лепш называць гэта пераказ. Акрамя гэтага, на старонках выданняў разгортваецца зацятая барацьба паміж колішнімі сябрамі. Частка былых «маладнякоўцаў» далучаюцца да «Полымя» — часопіса і аднайменнага літаратурнага аб’яднання, за якім стаяў Цішка Гартны. Ён на дух не пераносіў ні самога Уладзімера Дубоўку, ні ягоныя вершы.
Уладзімір Дубоўка з жонкай Марыяй Клаўс. Фота: zviazda.by
У тым жа 1927 годзе Уладзімер Дубоўка жэніцца, а на наступны год у пары нараджаецца сын Альгерд. Даволі рэдкі выпадак, калі беларускі дзеяч міжваеннай пары называе свайго сына ў гонар літоўскага князя часоў Сярэднявечча. Для тагачаснай Савецкай Беларусі — гэта былі хутчэй адзінкавыя выпадкі.
Марыля і Альгерд. 1930-я. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Фота: zviazda.by
У канцы 20-х гадоў, калі пачынаецца «калектывізацыя» літаратуры, стракатае і багатае на падзеі літаратурнае жыццё замірае. Уладзімера Дубоўку арыштоўваюць проста на працоўны месцы — у ягоным крамлёўскім кабінеце ў ліпені 1930 года. Ён праходзіць па справе надуманага Саюза вызвалення Беларусі.
Адбіткі пальцаў Уладзіміра Дубоўкі. З архіва Грузінскага МУС. Фота: zviazda.by
А ў красавіку 1931 года больш за сотню нашых нацыянальных дзеячаў былі высланыя з Беларусі. Сяроді іх Вацлаў Ластоўскі і Язэп Дыла, Сцяпан Некрашэвіч і Мікола Шчакаціхін, Максім Гарэцкі і Мікола Каспяровіч ды многія іншыя больш або менш вядомыя персоны. Адзін з іх — Уладзімер Дубоўка.
Уладзімер Дубоўка з сынам Альгердам і маці ў Яранску, 1932 года. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Фота: zviazda.by
Ягоны лёс складзецца даволі трагічна — сам Дубоўка будзе у лагерах 27 гадоў. У 1942 годзе ў выніку няшчаснага выпадку — гуляючы з дзецьмі знойдзе кінуты вайсковы снарад — загіне адзіны сын Альгерд. Потым будзе рэабілітацыя і вяртанне ў беларускі кантэкст, але на Радзіму паэт так і не вернецца, хаця і будзе прыязджаць час ад часу.
Рэдкі выпадак, калі творца пасля 30 гадоў зацішша не проста пачне зноў друкавацца, але нават атрымліваць прэміі за свае вершы. Расчараваўшыся ў людзях, але не расчараваўшыся ў слове, Уладзімер Дубоўка перарве сваё маўчанне ў 1958 годзе:
...А колькі дзе б ні вандраваў,
Хоць добра ўсюды і прыгожа,
Мяне цягнула да Пастаў,
Хацелася пабыць ля Доўжа.
У Айчыне многа гарадоў,
І вёсак — незлічоны шэраг.
А ўсё ж адсюль я ў свет пайшоў,
І тут ён, гэты самы бераг...
Алена Кім, Уладзімір Дубоўка, Алеся Бабарэка. Жукаўка, 1969 год. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Фота: zviazda.by
Вельмі сімпатычнай глядзіцца таксама кніга ўспамінаў «Пялёсткі», якую Дубоўка скончыў за 3 гады да сваёй смерці. Абмінаючы вострыя вуглы, каб не быць «парэзаным» цэнзурай, ён здолеў расказаць гісторыю свайго жыцця шчыра, наколькі гэта было мажліва ў застойныя часы. Гэтыя абразкі чытаюцца і цяпер цікава, асабліва калі ведаць акалічнасці жыцця іх аўтара.
Пайшоў з жыцця Уладзімер Дубоўка 20 сакавіка 1976 года — выйшаў у аптэку за лекамі для хворай жонкі, паслізнуўся ва ўласным двары, упаў ды зламаў шыйку бядра — даволі распаўсюджаная траўма для людзей сталага веку. Аперацыю, на якую даў згоду паэт, ён ужо не перажыў — адарваўся тромб.
Уладзімер Дубоўка ў сталыя гады. Фота: zviazda.by
У апошнія гады жыцця Уладзімер Дубоўка зрабіў сабе пазнавальны вобраз, які ніяк не паблытаеш — даўгая белая барада і шчырая прыязная ўспешка. Кажуць, вельмі радаваўся, калі дзеткі ўважалі яго за дзеда Мароза.
Уладзімер Дубоўка ў сталыя гады. Фота: zviazda.by
Л.Г., budzma.org