«Руіны Беларусі» — выстава пад такой назвай адкрылася 8 лістапада ў Берліне. Аўтар выставы, мастак Уладзімір Грамовіч у інтэрв’ю budzma.org распавёў пра цікавасць да страчаных архітэктурных помнікаў і параўнаў умовы для працы сучаснага мастака ў нашай краіне і Нямеччыне.
Уладзімір Грамовіч. Фота з інстаграма мастака
— Выстава ўяўляе вашую рэфлексію на фотаздымкі, на якіх прадстаўленыя разбураныя помнікі архітэктуры Беларусі першай паловы XX стагоддзя. Чаму вы абралі такую тэму для выставы?
— Руіны ў Беларусі даўно былі часткай маёй творчасці і цікавасці. Фотаздымкі, прадстаўленыя на выставе, я набыў на eBay: яны былі зробленыя ў беларускіх гарадах падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусветную. У адрозненне ад савецкіх жаўнераў нямецкія ў той час мелі доступ да фотаапаратаў.
Гэта, безумоўна, погляд каланіяльны, погляд ката, але з пункту гледжання гісторыі і маёй працы гэта вельмі каштоўны матэрыял. Дзякуючы гэтым здымкам сёння можна ўбачыць будынкі, якія не захаваліся і не пакінулі слядоў.
Афіша вытавы «Руіны Беларусі»
Увогуле невядомыя раней фотаздымкі ўяўляюць сабою даволі вялікі пласт візуальнай гісторыі Беларусі, якая сёння збіраецца аматарамі і краязнаўцамі, але пакуль не трапляе ў больш шырокі ўжытак.
Пасля выставы знойдзеныя мною фотаздымкі я адсканую і перадам у архіў VEHA. Ініцыятыва плануе выдаць кнігу пра руіны Беларусі, дзе будзе і мой артыкул.
Дарэчы, для выставы мы адмыслова выбралі не нейкую абстрактную паэтычную назву, якая магла б даць больш шырокі кантэкст, а назву, у якой канкрэтна акрэслілі, што размова ідзе пра Belarus. У Нямеччыне да гэтага часу існуе праблема з назвай нашай краіны, для іх мы па-ранейшаму Weißrussland. Хацелася зрабіць унёсак для выпраўлення гэтай сітуацыі. Мы ж хочам, каб на Захадзе нас неяк адрознівалі ад Расіі і Украіны, а тут пакуль што нават назву нашай краіны не ўсе ведаюць.
— Ці варта, на ваш погляд, у будучыні аднаўляць страчаныя Беларуссю архітэктурныя помнікі?
— Гэта асобнае пытанне, якое трэба будзе вырашаць у дыскусіях, з экспертнымі ацэнкамі гісторыкаў архітэктуры, даследчыкаў, мастакоў і г.д. Агульнага адказу ў мяне няма, думаю, трэба разбіраць кожны асобны выпадак.
— Распавядзіце трохі пра сябе. Чаму вы выбралі для сябе прафесію мастака?
Уладзімір Грамовіч. Фота партрэтнае: Małgorzata Kujda
— Я нарадзіўся ў 1989 годзе ў Мінску. Прафесію мастака я, можна сказаць, не выбіраў. Ад пачатку было бачна да чаго меў здольнасць, да таго ж мне вельмі падабаецца, што прафесія сучаснага мастака дазваляе працаваць у розных накірунках: здымаць фільмы, ствараць гукавыя інсталяцыі, працаваць з графікай.
— Вашая творчасць прысвечана ў тым ліку трансфармацыі гарадской прасторы ў Мінску, напружанню паміж мінулым і сучаснасцю. З гэтага пункту гледжання якія вашыя ўлюбёныя месцы ў Мінску?
— Адразу ўзгадваецца Няміга, як месца аб’яднання многіх гістарычных напластаванняў і праблем. У гэтым месцы сутыкаюцца розныя часы — у тым ліку, у візуальным, архітэктурным сэнсе. Трапляючы на Нямігу мы не бачым выразнага разумення, што краіна, дзяржава, супольнасць хацелі б бачыць на гэтым месцы.
Мы бачым супярэчнасці паміж саборам Пятра і Паўла, барэльефам савецкіх часоў «Салідарнасць», «Домам Чыжа» і г.д. З аднаго боку гэта хаос, але з пункту гледжання гісторыі і мастацкай перспектывы гэта вельмі цікавае месца.
— Вы неяк сказалі, што заўсёды ўспрымалі магчымасць заставацца ў Беларусі як дзіўны прывілей. Што вы мелі на ўвазе?
— Быць сучасным мастаком і працаваць з мясцовымі тэмамі і матэрыяламі — норма для такіх краін як Польшча, Чэхія, Нямеччына. Там гэта не выклікае здзіўлення, такіх мастакоў там тысячы.
А для Беларусі праца вольным мастаком у вачах астатніх — нешта сярэдняе паміж актывізмам і псіхічных захворваннем. Бо ты не абаронены, не маеш за плячыма сацыяльнага пакета і ўсяго астатняга, што мае звычайны чалавек.
Але ў Беларусі перад табою непачаты край працы, шмат магчымасцяў для адкрыццяў. Цікава з творчага боку пераасэнсаваць гэтую тэрыторыю, надаваць ёй сэнсы, запаўняць белыя плямы. Таму я і кажу, што магчымасць працаваць у Беларусі — прывілей.
Дарэчы, цяпер па сацыяльных сетках можна заўважыць, што многія людзі сталі актыўна посціць фотаздымкі з беларускімі краявідамі, хаця раней такога не рабілі. Заўважна, што пры ўсіх складанасцях і пагрозах людзі стараюцца атрымліваць задавальненне ад кожнай хвіліны знаходжання ў Беларусі.
Ведаю даволі шмат людзей, якія цяпер не могуць з’ездзіць у Беларусь, і гэта вялікі выклік з пункту гледжання творчасці. Напрыклад, даследчыкі архітэктуры просяць кагосьці паездзіць па краіне і зрабіць фотаздымкі, ці знайсці ў архіве матэрыялы і адсканаваць іх.
Вось і я воляй лёсу апынуўся ў Берліне, хаця ніколі не планаваў пераязджаць з Беларусі.
Выстава «Руіны Беларусі». Фота выставы: Lesia Pcholka
— Якія бачыце плюсы і мінусы жыцця і дзейнасці для беларускага мастака ў сталіцы Нямеччыны?
— Для мастакоў магчымасцей тут дастаткова. Іх падтрымку ў Нямеччыне не параўнаць з падтрымкай у Беларусі, дзе няма дзяржаўных грантаў, стыпендый, стажыровак і г.д. (асабліва зараз). Безумоўна, патрэбны час, для адаптацыі, атрымаць дакументы, і зразумець, як усё гэта працуе, але нават на тым узроўні, на якім я паспеў пазнаёміцца з сістэмай, відавочна, што культурная палітыка тут з беларускай непараўнальная.
Выстава «Руіны Беларусі». Фота выставы: Lesia Pcholka
У Берліне вельмі багатае мастацкае жыццё. Імпрэзаў столькі, што не хапае часу і ўвагі на ўсё.
Мінусы, якія з цягам часу становяцца плюсамі, заключаюцца ў тым, што ты аказваешся ў адным шэрагу з тысячамі мастакоў, якія прыехалі з іншых рэгіёнаў і з розных краін свету, у Беларусі ж мастацкае поле вельмі маленькае. Таму пераязджаючы пасля яго ў Берлін ты быццам бы трапляеш з акварыума ў акіян. Я таксама назваў бы гэта «вяртаннем» у шырокі міжнародны кантэкст: мы штучна былі пазбаўленыя магчымасці быць сярод нашых сяброў і суседзяў.
Антон Навумчык, budzma.org