Новае кніжнае выданне празаічных і паэтычных твораў класіка беларускай літаратуры пабачыла свет у Баку на азербайджанскай мове. «Вершы і апавяданні» Уладзімра Караткевіча, выдадзеныя ў Азербайджане, змяшчаюць два празаічныя творы («Кніганошы» і «Маленькая балерына») і трынаццаць вершаў, паведамляе газета «Звязда».
Уладзімір Караткевіч у студэнцкія гады. Фота з Вікіпедыі
Творы ў 156-цістаронкавай кнізе друкуюцца на азербайджанскай і рускай мовах. Перакладчыкамі на азербайджанскую мову выступілі: апавядання «Кніганошы» — Кямран Гаджыеў,"Маленькай балерыны" — Севіндж Худзіева. Паэтычныя творы Караткевіча пераўвасобілі Нізамі Байрамлы, Ібрагім Гуліеў, Айдан Хандан.
Тэкстам самога Караткевіча папярэднічаюць артыкул пра творчасць класіка і прадмова да азербайджанскага зборніка. Аўтарка грунтоўнага артыкула і прадмовы — доктар філалагічных навук Флора наджы. У афармленні вокладкі выкарыстана праца беларускага мастака Віктара Юшкевіча «Першыя промні».
Па словах ўкладальніцы і аўтаркі ўступных артыкулаў Флоры Наджы, кніга з пачатку гэтага навучальнага года выкарыстоўваецца і як вучэбны дапаможнік на занятках па беларускай літаратуры ў Бакінскім славянскім універсітэце, дзе рыхтуюць студэнтаў па спецыяльнасці «Рэгіёназнаўства (Беларусь)».
Тым часам і ва Узбекістане рыхтуецца да выдання кніга У. Караткевіча. «Сівую легенду» пераклала на ўзбекскую і надрукавала ў часопісе «Шарк юлдузі» («Звезда Востока») Рысалат Хайдарава. Увага да творчасці Уладзіміра Караткевіча ёсць і ў іншых краінах свету. Свае памкненні перакласці паэтычныя і празаічныя творы на іх родныя мовы выявілі марыец Юрый Салаўёў, башкірка Зульфія Хананава, якуцкая паэтэса і перакладчыца Наталля Харламп’ева, туркмены Джумагельды Мулкіеў, Максат Бяшымаў, уйгурскі перакладчык Авут Масімаў... Казку беларускага класіка «Чортаў скарб» пераклаў на літоўскую мову і выдаў асобнай кнігай Вітаўтас Жэймантас.
Чытайце яшчэ:
«Геній — гэта геній плюс дваццаць праседжаных нагавіц...» Пра што пісаў Караткевіч у сваіх дзённіках