Паэт і экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Ўладзімір Някляеў выказаўся у сваім facebook aб судзе над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай. Таксама паэт прысвяціў Кацярыне Андрэевай кранальны верш.
Уладзімір Някляеў
Любы і кожны дыктатарскі рэжым — гэта як фізічнае, падобнае да рака з метастазамі, гэтак і псіхічнае, падобнае да вар’яцтва, захворванне. Нейкая частка грамадства з хваробай змагаецца, нейкая — хваробе паддаецца. І калі для першых страшная (праз турмы, здзекі, катаванні) сама хвароба, дык для апошніх — яе наступствы. Праз усё далейшае жыццё.
Вось што будзе рабіць праз усе далейшае жыццё (якое будзе значна даўжэйшым за жыццё дыктатуры) вайсковы капітан, які стрэліў у спіну свайму суайчынніку? Да таго ж свайму знаёмцу. Кім ён будзе ў вачах суайчыннікаў, калі нават на вайне і нават ворагу страляць у спіну — ганьба? Кім будуць следчыя, пракуроры, суддзі, якія заводзяць крымінальныя справы, вінавацяць і садзяць у турмы за колер адзежы ці мармеладу? Кім будуць цяперашнія следчыя Ігар Кудзеля і Ігар Курыловіч, якія зляпілі крымінальныя справы на журналістак (якія заўсёды будуць журналісткамі!) Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову? Кім будзе пракурорка Аліна Касьянчык, якая запатрабавала для Каці і Дар’і па два гады турмы проста за тое, што яны журналісткі? І кім будзе суддзя Наталля Бугук, калі вынясе гэтакі прысуд, а пасля ёй, як і следчым, і пракурорцы, яшчэ жыць і жыць?.. Побач з Дар’яй, побач з Кацяй... Няўжо яны пра гэта не думаюць?
Гэта не наіўныя пытанні — за жыццё я шмат чаго пабачыў і зведаў. І ўжо мала чаму здзіўляюся. Але не перастаю здзіўляцца высокай чалавечай годнасці (у тым ліку той, якую выявіла ў судзе Кацярына Андрэева) і бяздоннай чалавечай подласці.
Сёння Беларусь стварае сваю будучыню. І сваю будучыню стварае сёння кожны чалавек. Будучыня, створаная Кацярынай і Дар’яй (незалежна ад вынесенага ім прысуду), светлая, як іх усмешкі. І нікому ўжо, і ніколі гэтыя ўсмешкі не пагасіць. Тыя, хто ў гэтым завіхаецца, проста пазбаўляюць сябе будучыні.
КАЦЯРЫНЕ АНДРЭЕВАЙ
Гнюсь пануе над краем. Што ж мусіць
З нашым краем зрабіць гэта гнюсь?
Не пакінуць жывой Беларусі,
А змяртвіць, знежывіць Беларусь!
І змярцвела б, быць можа, краіна,
Не жывы не стрывала б цяжар,
Каб не ўсмешка твая, Кацярына,
Не біблейскі — за кратамі! — твар.
Каб не вочы, што нават у болю,
У глыбока схаваных слязах
Гэтак поўняцца вечнай любоўю,
Быццам свецяцца на абразах.