Мінула 75 гадоў з таго часу, як пайшоў з жыцця навуковец Уладзімір Пічэта. У дзень памяці прыгадваем малавядомыя факты з біяграфіі чалавека, які стаяў ля вытокаў не толькі беларускай гістарычнай навукі, але таксама і айчыннага краязнаўства.
Будучы першы рэктар БДУ нарадзіўся ў Палтаве ў 1878 годзе ў сям’і серба з балканскага горада Мостар (цяпер гэта Боснія і Герцагавіна).
Уладзімір Пічэта, narbel.bsu.by
У 1897 годзе Пічэта скончыў Палтаўскую гімназію, а ў 1901 годзе — гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Вучыўся ў знаных расійскіх гісторыкаў Мацвея Любаўскага і Васіля Ключэўскага. Прыкладна ў той час зацікавіўся гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, што ў многім акрэсліць увесь яго будучы жыццёвы шлях. Пасля вучобы будзе займацца пераважна выкладчыцкай дзейнасцю.
Менавіта праз сферу навуковых інтарэсаў адбываецца збліжэнне Пічэты з актывістамі беларускага нацыянальнага руху ў канцы 1910-х гадоў. А ў 1918 годзе за манаграфію «Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве» ён атрымае ступені магістра і доктара. Разам з тым ён стане прафесарам у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, дзе будзе чытаць адмысловы курс па гісторыі Беларусі.
Беларускі ўніверсітэт
Па запрашэнні ўрада БССР Пічэта перабіраецца ў Мінск, дзе летам 1921 года становіцца рэктарам толькі што створанага Беларуска дзяржаўнага ўніверсітэта. Займаць ён гэтую пасаду будзе да 1930 года.
Стары будынак БДУ, narbel.bsu.by
Варта адзначыць, што асоба Уладзіміра Пічэты была кампраміснай. На момант паўставання ўніверсітэта далёка не ўсе хацелі бачыць менавіта яго на першай пасадзе. Некаторым куды больш імпанавала кандыдатура Яўхіма Карскага, таго самага, які ў 1903 годзе апублікаваў мапу беларускіх гаворак, на падставе якой потым і дзеячы БНР, і дзеячы БССР будуць акрэсліваць межы беларускай дзяржаўнасці.
У адрозненне ад згаданага Яўхіма Карскага або Мітрафана Доўнар-Запольскага, Уладзімір Пічэта не лез глыбока ў палітыку, хаця і імкнуўся шчыра дапамагчы развіццю беларускай справы. З гэтай прычыны ён не выклікаў негатыву ў бальшавікоў, якія былі пры ўладзе. Для іх ён быў цалкам лаяльным навукоўцам. Гэта акалічнасць дазволіла Пічэту праявіць сябе ў справе разбудовы ўніверсітэта.
На момант адкрыцця ўніверсітэт меў усяго тры факультэты: грамадскіх навук, медыцынскі і рабочы. З часам установа разраслася да пяці факультэтаў. Менавіта БДУ стаў тым месцам, дзе пачалі паўставаць уласна беларуская гістарычная навука і акадэмічная беларуская гістарыяграфія. У час, калі Пічэта быў рэктарам, гісторыя выкладалася ўсім студэнтам, а гісторыя Беларусі была абавязковым прадметам на ўсіх факультэтах. Менавіта з яго ініцыятывы пры БДУ пачала працу аспірантура.
Асноўная праблема, як сам прыгадваў пазней Пічэта, была ў тым, што не ставала ўласна беларускіх кадраў. Многія асобы «беларускага паходжання», якім ён прапаноўваў прыехаць у Мінск, каб працаваць у першым беларускім універсітэце, адмаўляліся з тых ці іншых прычын. Таму Пічэта быў вымушаны шукаць кадры сярод небеларусаў або займацца іх падрыхтоўкай у сценах БДУ.
Уладзімір Пічэта спрыяў максімальнай беларусізацыі ўстановы. Ён не толькі сам вывучыў беларускую мову, на якой пісаў і размаўляў, але таксама патрабаваў гэтага і ад іншых. Яно і не дзіва, калі ўлічыць, што на двары былі 1920-я гады — самы разгар беларусізацыі, якую праводзіў урад Савецкай Беларусі.
Навуковая дзейнасць
Акрамя працы ва ўніверсітэце, Уладзімір Пічэта спрычыніўся да стварэння Інстытута беларускай культуры, які паўстаў у пачатку 1922 года з ініцыятывы вядомага беларускага мовазнаўцы Сцяпана Некрашэвіча, які і стаў першым яго кіраўніком.
Паводле першаснай задумы, Інбелкульт меўся стаць толькі грамадскай арганізацыяй, але навукоўцы хацелі большага. Адмысловая камісія, якую ачольваў былы старшыня першага часовага ўрада БССР Зміцер Жылуновіч, распрацавала статут. І менавіта Уладзімір Пічэта займаўся яго рэдагаваннем, каб прывесці ў адпаведнасць з нормамі навукова-даследчых інстытутаў.
Па першым часе Інбелкульт быў дастаткова сціплай установай, якая займалася збольшага распрацоўкай навуковай тэрміналогіі, якой да гэтага папросту не было. Прычым сябры Інбелкульта займаліся гэтым на грамадскіх пачатках па вечарах, пасля сваёй асноўнай працы. Праз два гады ад заснавання Інбелкульт ператвараецца ўжо ў комплексную навуковую ўстанову.
У тым жа 1924 годзе Пічэта атрымлівае статус правадзейнага сябра інстытута. Ён жа будзе першым кіраўніком гісторыка-археалагічнай секцыі. На яе паседжаннях ён будзе выступаць з цікавымі і змястоўнымі дакладамі. Працы, якія былі напісаныя і выдадзеныя ў часы працы Пічэты ў Інбелкульце, маюць важнае значэнне для развіцця беларускай гістарычнай навукі. У гэты час ён даследуе сацыяльныя, эканамічныя і прававыя працэсы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Але далёка не ўсім падабалася тое, што ён піша.
У 1925 годзе на Пічэту з крытыкай за ягоную манаграфію па гісторыі Беларусі абрынуўся Вацлаў Ластоўскі са старонак «Крывіча», які выдаваўся ім у Коўна. Але крытыка тая была галоўным чынам з ідэалагічных пазіцый:
«Гiсторыя праф. Пiчэты гэта — апавяданьне аб мiнуўшчыне крыўскага (беларускага) народа, расказанае ў сьцiслым зьвязку з гiсторыяй Кiява i Масквы ў духу „общерусскости“. Да ацэны гiстарычных падзей аўтор падыходзiць не са стараны iнтарэсаў крыўскага (беларускага) народа, а са стараны надуманай i не маючай падстаў у мiнуўшчыне тэорыi аб „адзiнай Русi“».
Пічэта і праўда быў прыхільнікам канцэпцыі так званай «старажытнарускай народнасці», паводле якой племянныя прыкметнасці страцілі сваё значэнне ў часы Кіеўскай Русі, а галоўныя рысы, якія адрозніваюць усходнеславянскія народы, узніклі ўжо ў больш пазні час, пасля яе канчатковага распаду. Што ж тычыцца Вялікага Княства Літоўскага, то Уладзімір Пічэта лічыў, што беларускія землі не былі заваяваныя літоўскімі князямі, а само дзяржаўнае ўтварэнне мела федэратыўны характар.
Пры гэтым не варта забываць, што сам Вацлаў Ластоўскі класічнай акадэмічнай адукацыі не меў. Яшчэ ў прадмове да «Кароткай гісторыі Беларусі», якая пабачыла свет у 1910 годзе, ён прызнаваўся, што не можа даць навуковай працы, а гэта ўсяго толькі кампіляцыя з вядомых яму крыніцаў. Таму, відаць, і апошні закід у бок Пічэты ў цытаваным артыкуле быў у тым, што той «свае публiкацыi друкуе мовай Масквы, а не Менска».
Для справядлівасці варта адзначыць, што з 1926 года Пічэта пачне друкаваць артыкулы на добрай літаратурнай мове. І яны будуць даволі беларусацэнтрычныя паводле свайго зместу. Так, у калектыўным выданні «Чатырохсотлецьце беларускага друку», якое пабачыць свет у тым жа годзе, будуць апублікаваныя цэлыя чатыры працы Пічэты.
Вокладка выдання «Чатырохсотлецьце беларускага друку», 1926
У тым ліку і праца «Беларускае Адраджэньне ў XVI сталецьці», дзе аўтар пісаў пра нашага першадрукара:
«Выдавецкая перакладчая дзейнасьць Скарыны ёсьць зьявішчам вялікага культурнага значэньня. Яна зьявілася навочным паказальнікам таго гуманістычнага руху, які паволі пранікаў у гарадское беларускае грамадзянства. У імкненьнях Скарыны перакласьці біблію на родную мову і тым самым наблізіць яе да шырокіх грамадзянскіх колаў нельга было ня бачыць намеру дапамагчы нацыянальна-культурнаму адраджэнню беларускага народу „к научению людям посполитым руского языка“. Скарына хацеў выпрацаваць літаратурную беларускую мову, утварыць беларускую інтэлігенцыю, якая была б прасякнута нацыянальна-культурнымі заданьнямі і інтарэсамі, і ўсім гэтым дапамагчы адраджэньню свайго народу».
Яшчэ ў лютым 1926 года ЦВК БССР прымае пастанову выключыць Інбелкульт са складу Наркамату асветы БССР і надаць статус самастойнай установы, якая падпарадкоўваецца непасрэдна СНК БССР. Да стварэння Акадэміі навук застаецца адзін крок.
Выступаючы на VIII Усебеларускім з’ездзе Саветаў, які адбываўся ў красавіку 1927 года, Пічэта звяртаецца да прысутных з ініцыятывай стварэння самастойнай Акадэміі навук. Сам працэс па стварэнні гэтай установы распачнецца толькі ў сярэдзіне 1927 года, а будзе завершаны ўвосень 1928 года. Канчаткова рэарганізаваны Інбелкульт у Акадэмію навук будзе ў 1929 годзе. Ачоліць яе гісторык Усевалад Ігнатоўскі, які кіраваў Інбелкультам з 1925 года.
Краязнаўства
Акрамя ўласна навуковай дзейнасці, Уладзімір Пічэта шчыраваў на ніве краязнаўства. У канцы 1923 года пры Інбелкульце было створана Цэнтральнае бюро краязнаўства, якое было паклікана арганізоўваць і каардынаваць дзейнасць краязнаўчых гурткоў і таварыстваў па ўсёй краіне.
Удзельнікі гуртка беларускай культуры рабфака БДУ разам з Якубам Коласам, 1925, narbel.bsu.by
Пічэта ўваходзіць у першы склад ЦБК, прамае актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні краязнаўчых канферэнцый, а таксама стварае краязнаўчае таварыства пры БДУ, якое і ачольвае. Сакратаром у тым таварыстве стаў, дарэчы, іншы вядомы беларускі гісторык — Мікалай Улашчык, які ў той час быў яшчэ студэнтам. Гэта было першае таварыства падобнага кірунку пры вышэйшай навучальнай установе ва ўсім СССР.
Часопіс «Наш край» паведамляў у 1928 годзе аб тым, што краязнаўчае таварыства пры БДУ сумесна з ЦБК арганізавалі 6-тыднёвыя нядзельныя курсы, якія наведалі тры сотні чалавек.
Вокладка часопіса «Наш край», №1, 1925
На тых курсах Пічэта чытаў курс лекцый пад назвай «Гісторыя вывучэння краю».
Зацемка з часопіса «Наш край», №6–7, 1928
Арышт
Пічэта стаў ахвярай так званай «Акадэмічнай справы» Сяргея Платонава і быў арыштаваны 13 верасня 1930 года. Да Беларусі гэтая справа ўласна ніякага дачынення не мела: бальшавікі праводзілі зачыстку расейскай акадэмічнай супольнасці ад «рэакцыйных» элементаў.
І тым не менш выключаны са спісаў акадэмікаў ён быў 6 снежня 1930 года разам з беларусамі, якія абвяшчаліся «ворагамі пралетарскай рэвалюцыі»: Вацлавам Ластоўскім, Язэпам Лёсікам, Гаўрылам Гарэцкім, Сцяпанам Некрашэвічам ды Аляксандрам Дубахам. На той момант усе яны былі ўжо арыштаваныя па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі».
Па злой іроніі лёсу гісторыку-славісту інкрымінавалі тое, што пры наяўнасці любой здаровай логікі супярэчыць само сабе. Пічэта абвінавачваўся ў тым, што быў адначасова вялікадзяржаўным рускім шавіністам, беларускім нацыяналістам, а да ўсяго яшчэ і глядзеў на Захад. З такім наборам закідаў, верагодней за ўсё, ён у любым разе трапіў бы пад прэс савецкай сістэмы.
Летам 1931 года Пічэта быў высланы ў Вятку, дзе жыў і працаваў, вядома не па спецыяльнасці, да 1934 года. Толькі напрацаванае гадамі імя за межамі савецкай дзяржавы дазволіла яму ўжо ў 1935 годзе вярнуцца ў Маскву, дзе вывучэнне гісторыі славянскіх народаў стане справай ягонага жыцця. За год да смерці стаў адным з заснавальнікаў і намеснікам дырэктара Інстытута славяназнаўства Акадэміі навук СССР.
Паводле ўспамінаў сучаснікаў, сам Пічэта лічыў найбольш плённым у сваім жыцці менавіта «мінскі перыяд», калі ён адначасова быў рэктарам універсітэта, супрацоўнікам Інбелкульта, займаўся гістарычнай навукай і краязнаўствам ды яшчэ не забываўся і на грамадскую нагрузку.
Газета «Савецкая Беларусь», №239, 1928
Нам ёсць за што яму падзякаваць.
Л. Г., budzma. org