Фота Уладзіміра Сцяпана
Сапраўдны вясковец паглядзіць на цупкі пачак добрых цыгарэт у тваіх руках і крыху грэбліва скажа: «Ну, добра, давай адну спорчу». Слова «спорчу» — пароль, адмеціна сапраўднасці.
***
Сапраўдны вясковец заўсёды робіць выгляд, што ён — бедны. Калі ж купляе машыну, дом, кватэру, гальштук, то кажа, што на апошнія, што пазычыў, атрымаў спадчыну, пашанцавала і г. д.
***
Сапраўдны вясковец на «добры дзень!» адкажа «здрастуйця!».
***
Сапраўдны вясковец ведае толькі адну манекеншчыцу — Клаўдзію Шыфер, астатніх цяжка запомніць.
***
Сапраўдны вясковец — крыўдлівы і помслівы неверагодна. Ён можа сядзець са сваім крыўдзіцелем за адным сталом: і год, і дзесяць. Выпіваць, смяяцца, чакаць. Але... І на вясковых могілках шмат помнікаў, дзе партрэтам павыкалупвалі вочы, паразбівалі твары, паадбівалі ў помнікаў каменныя рукі і насы...
***
Сапраўдны вясковец упэўнены, што ты яго хочаш падмануць і абдурыць. Але калі ты яго не падмануў, а такую магчымасць меў, то ты, па яго разуменні, дурань.
Фота Уладзіміра Сцяпана
***
Сапраўдны вясковец прасіць саромеецца, а красці — не.
***
Толькі сапраўдны вясковец падыме з зямлі, выдзера з травы і прыбярэ дошку з цвіком. Падыме і выкіне далей, дзе людзі не ходзяць. Зробіць гэта і нават не задумаецца.
***
Толькі сапраўдны вясковец можа маляваць бярвёны хлява, хаты і камяні пры дарозе жоўтым, блакітным, зялёным, бэзавым.
***
Сапраўдны вясковец заўсёды падкрэсліць, што ён мае вышэйшую адукацыю, навуковую ступень, званне...
***
Сапраўдны вясковец не заўсёды скажа, як звалі прадзеда. Хаця дзеда звалі Антон Міхайлавіч.
***
З многіх чалавечых якасцяў сапраўдны вясковец ці не на першае месца ставіць хітрасць. Можа, таму сярод сапраўдных вяскоўцаў так шмат антысемітаў?
***
Сапраўдны вясковец слова «горад» прамаўляе як «агарод».
***
Сапраўдныя вяскоўцы вельмі любяць даваць парады і паказваць сваю дасведчанасць у самых розных пытаннях. Прыбіваю штыкетнік. Падыходзіць Сяргей.
— Штыкетнік б’еш?!
— Б’ю...
— Трэба было патарцаваць і пашліфаваць, а так доўга не прастаіць.
— Пафарбую, і будзе стаяць.
— Калі нямецкай фарбай, то, можа, і пастаіць...
***
Сапраўдны вясковец дае парады і павучае, нават калі яго не пытаюць. Сядзе на кукішкі, закурыць і трындзіць: пра космас, спорт, палітыку, цвікі, пілы, малаткі, рускага цара Мікалая, медыцыну, раскажа, як дзяцей трэба выхоўваць і жонку любіць... А ў самога ні дзяцей, ні жонкі, ні ката з сабакам, а плот побач з хатай паваліўся — праз яго пераступаць трэба... А ён пра касмічныя караблі і лазерную грунтвагу, па якой штыкетнік выстаўляецца ў нуль.
***
Сапраўдныя вяскоўцы вельмі шкадуюць няшчасных і галодных дзяцей: афганскіх, лівійскіх, сірыйскіх, карэйскіх і г. д.
«У нас во яблыкі гніюць, а там дзецям няма чаго есці...» — кажа сапраўдны вясковец, калі наступае на гнілы яблык.
***
Сапраўдныя вяскоўцы багатых не любяць. Выключэнне — родныя дзеці.
***
Каб не ёмісты багажнік, то сапраўдныя вяскоўцы на легкавіках бы і не ездзілі.
***
Вяскоўцы кажуць так: «Траву пакасіў нямы. Апошні хлеб забрала аднавокая. Там, дзе кульгавы са сваім канём». Любіць сапраўдны вясковец падкрэсліць чужое калецтва, каб самому выглядаць прывабна.
***
Сапраўдны вясковец дужа злуецца, калі з ім гаворыш па-беларуску.
Уладзімір Сцяпан, sn-plus.com