Гісторыя пра канфлікт з недакуркам і «алтайскім братам» рванула сацсеткі. І гэта — добра. Нядобра тое, што для беларускай моладзі нейкія прыбышы з Алтая незразумелай нацыянальнасці — чамусьці «браты». Палякі і літоўцы — «не браты». А вось гэтыя... «браты»?

Скрыншот з відэа
Гісторыя з недакуркам і мацюкамі ніколі б не зрабіла кар’еры, каб не была часткай шырокай тэндэнцыі. Вяршыняй айсберга. Сам айсберг — гэта «замена насельніцтва» як з’ява, якая адбываецца пасля 2020 года. Замест беларусаў, змушаных эміграваць, краіну напаўняюць «браты» з розных цікавых краінаў — усё як у рамане Юрыя Станкевіча «Любіць ноч — права пацукоў».
У Горадні на галоўнай плошчы стаяў сабе вагончык з кавай на вынас. Працавалі там усмешлівыя дзяўчаты. Побач з кавай, цукрам і цынамонам стаяў сподачак — туды кідалі дробныя манеткі: «на чай». Пасля 2022-га сподачак пачаў напаўняцца... недакуркамі. Прычым «браты» з Усходу кідалі туды недапалкі без злосці. Проста так. «Потому что могу».
«Браты» шчыра здзіўляюцца, калі ім робяць заўвагі датычна парковак, смецця або — адмаўляюцца прымаць расійскія рублі. Яшчэ больш браты дзівяцца, калі сутыкаюцца з беларускай мовай. Для іх ніякіх беларусаў не існуе, а Беларусь — такі сабе Алтайскі або Стаўрапольскі край. Толькі што ў дадзеным выпадку — «беларускі». З вясёлым гасцінным губернатарам.
«Браты» спачатку прыязджаюць на экскурсію, адпачываюць, аглядаюцца. Пасля — купляюць нерухомасць. Ну, а пасля — становяцца «минчанами» і «гродненцами». Роўна таксама, як іхныя папярэднікі пасля 1945-га ставалі «калининградцами», «рижанами», «таллинцами».
Беларусь стала тым самым, чым «Прибалтика» ў часы СССР: блізкая Еўропа, дзе можна сябе адчуваць як дома ды — звысака глядзець на мясцовых.
Карэннае адрозненне нашай сітуацыі з тым, што адбывалася ў Латвіі ці Літве ў паваенны час — у саміх беларусах. Ніякае «Брат, ты у нас у Литве» — там было немагчыма. Які ён брат? З чаго б раптам?.. А ў нас — «брат». Бо так вучылі ў школе, так кажуць у фільмах, так кажуць (галоўнае!) у сям’і.
Латышоў і літоўцаў у савецкі час таксама вучылі на афіцыйным узроўні пра «інтэрнацыяналізм». Але дома казалі — іншае. У двары казалі іншае. У бабулі на хутары, куды дзіцёнак выязджаў на лета, казалі іншае. У кніжках на роднай мове можна было прачытаць — іншае. Усё гэтае «іншае» і было прышчэпкай ад русіфікацыі. Таму заезжыя «браты» і чулі ў адказ: Nesuprantu — «не разумею».
Права не разумець таго, каго не хочаш разумець — моцная пазіцыя. Свядомая адмова ад размовы значыць, што ты можаш абысціся без гэтай размовы. І без суразмоўцы. А твой суразмоўца — не. Не ён табе патрэбен, а ты яму. Значыць, можаш дыктаваць свае правілы, умовы. І — мову.
Нашыя славутыя беларускія «гасцінасць», «ветлівасць» і «неканфліктнасць» — не ад таго, што мы такія добрыя. Але ад таго, што мы ўцякаем ад канфліктаў. Каб не стрэсаваць. Каб было камфортней. Так прасцей выжыць. На практыцы яно вядзе да страты свайго «Я». Бо цябе як такога — ужо няма. Ёсць «зручны чалавек» і «зручная нацыя» для чужых патрэбаў.
Давайце паспрабуем быць нязручнымі, а? Адмовіць. Не зразумець. Не пачуць. Не адгукнуцца. Пажыць з гэтым. Адчуць гэта. Стрываць погляд чарговага «брата», поўны нянавісці. Усміхнуцца ў адказ. Паспрабуйце. Раптам Вам спадабаецца? Перамагаюць толькі «нязручныя нацыі». Усе «зручныя» рана ці позна знікаюць.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org