Хроніка квартала, які знікае. Як гродзенскі Новы Свет ужо 20 гадоў губляе сваю ўнікальную драўляную гісторыю

Увесну 2026 года ў Гродне знеслі адразу некалькі драўляных будынкаў у раёне Новага Свету: дом на рагу вуліц Міцкевіча і Філарэта, а таксама два дамы ў «настаўніцкай калоніі». Гэта не першыя гістарычныя дамы, якія горад страціў у гэтым раёне. За апошнія дзесяцігоддзі Новы Свет і кварталы побач з ім паступова пазбавіліся значнай часткі сваёй гістарычнай забудовы.
Якія дамы зніклі з раёна і як змяняўся ягоны выгляд? Што прапаноўвалі для захавання Новага Свету гісторыкі, архітэктары і энтузіясты? Як можна было захаваць старую забудову і даць раёну новае жыццё? Хроніку 20 гадоў барацьбы за аўтэнтычны куток горада падрыхтаваў Hrodna.life.

Hrodzienski Novy SvietГродзенскі Новы Свет. Фота з архіва Hrodna.life

Што такое Новы Свет і ў чым яго ўнікальнасць?

Раён паміж вуліцамі Горкага, Міцкевіча і Астроўскага, так званая Настаўніцкая калонія на вуліцах Чкалава і Асіпенкі, вуліца Лермантава, завулкі паміж паркам Жылібера і вуліцай 17 Верасня — усё гэта гродзенскі Новы Свет і яго ваколіцы.

Нідзе больш у Беларусі не захавалася такога цэльнага комплексу драўляных і мураваных дамоў у стылях мадэрну, эклектыкі і канструктывізму. Тут ацалелі не толькі самі будынкі, але і старая планіроўка вуліц і двароў.

Hrodzienski Novy Sviet Гэтага дому ў гродзенскім Новым свеце ўжо няма. Фота: Hrodna.life


Гісторыя Новага Свету як гарадской ускраіны пачалася ў XIX стагоддзі. Адно з самых ранніх сведчанняў пакінуў бацька паэта Максіма Багдановіча — Адам Багдановіч.

У сваіх успамінах пра пераезд у Гродна ў 1892 годзе ён пісаў: «Жылі мы на ўскраіне горада, на Новым Свеце па Садовай, займалі кватэру ў апошнім доме злева. Дамы ў той час ішлі пасля маёнтка Станіславова».

Сама назва, імаверна, прыйшла з польскай гарадской традыцыі. Вуліцы і раёны з назвай Nowy Świat можна сустрэць у многіх польскіх гарадах — ад Варшавы да Беластока. Раён Новы Свет быў і ў Вільні — цяпер гэта Наўінінкай. Падобная назва замацавалася і за новым раёнам Гродна, які ўключылі ў гарадскую рысу ў 1875 годзе.

Асабліва хутка Новы Свет рос у міжваенны перыяд, калі Гродна знаходзіўся ў складзе Польшчы. Менавіта тады тут з’явіліся дзясяткі акуратных віл і асабнякоў, якія належалі чыноўнікам, афіцэрам, урачам, інжынерам і прадпрымальнікам.

Менавіта таму галоўная архітэктурная асаблівасць раёна — вялікая колькасць будынкаў у стылі канструктывізму, папулярным у 1920–1930-х гадах (у Польшчы гэты стыль прынята называць функцыяналізмам). Яго адметныя рысы — простыя формы, зручная планіроўка, адсутнасць лішняга дэкору і ўвага да камфорту жыхароў. Асаблівасць жа гродзенскай архітэктуры ў тым, што дамы ў гэтым стылі будавалі не толькі мураваныя, але і драўляныя — а гэта вялікая рэдкасць.

Не проста дамы, а гісторыі людзей

Але Новы Свет — гэта не толькі архітэктура. Яго гісторыю стваралі людзі, якія тут жылі. Дзякуючы іх успамінам можна ўявіць, якім быў гэты раён амаль сто гадоў таму.

Асабліва каштоўныя мемуары ўраджэнца Гродна Здзіслава Цыпельта — лётчыка, вайскоўца і грамадскага дзеяча. У іх захаваліся падрабязныя апісанні вуліц, дамоў і дроўнага рынку на Грандзіцкай.

Dom na rahu vulic Mickieviča i Horkaha u Hrodna
Дом на рагу вуліц Міцкевіча і Горкага, побач з былым дроўным рынкам. Фота з архіва Hrodna.life


«Увесь час бачу былую вуліцу Грандзіцкую і прылеглы да яе рынак», — пісаў ён праз дзесяцігоддзі пасля ад’езду з горада.

Апісваў ён і розныя вуліцы Новага Свету.

«Вуліца Грандзіцкая да яўрэйскіх могілак (цяпер гэта тэрыторыя ЦСК «Нёман» — Hrodna.life) з абодвух бакоў была абсаджаная таполямі і ліпамі, на некаторых участках утвараліся падвойныя алеі. Пры ўздыме ўверх па вуліцы з левага боку адкрываўся шырокі агарод і сад, а з правага — зарослыя дрэвамі будынкі ваеннай жандармерыі, а затым шпіталя. Сярод дрэў стаялі масіўныя аднапавярховыя мураваныя будынкі, у якіх таксама жылі сем’і вайскоўцаў.

За вайсковымі будынкамі, да якіх прылягалі жылыя дамы з прадуктовай крамай, перпендыкулярна Грандзіцкай ішла вуліца Міцкевіча. Яна таксама была густа обсаджаная дрэвамі, а ў глыбіні былі агароды і сады. Тут стаялі мураваныя і драўляныя дамы, сярод якіх вылучаліся дом і крама з першакласнымі каўбаснымі вырабамі пана Полудня», — пісаў ён.

Хроніка зносаў: што Новы Свет страціў за чвэрць стагоддзя

Новага Свету, якім яго памятаў Цыпельт, даўно ўжо няма. Частка гістарычнай забудовы страчаная, а выгляд многіх дамоў змяніўся ў выніку рэканструкцый і перабудоў.

Маштабны знос гістарычнай забудовы Новага Свету пачаўся ў пачатку 2000-х гадоў. Першымі пад бульдозер трапілі каля дзясятка драўляных дамоў, размешчаных на так званай Залатой Горцы (паміж вуліцамі Горкага, 17 Верасня і Рэйманта). Гэты квартал раней выбіралі для жыцця заможныя гараджане. Адсюль і назва гэтай часткі раёна.

Zalataja Horka, Hrodna
Залатая Горка, пачатак 2000-х гадоў. Цяпер тут пустка. Фота Мечыслава Супрона

Залатую Горку хацелі знесці яшчэ ў 1980-х гадах, але распад СССР гэтаму перашкодзіў. Знішчаць прыватны сектар пачалі ўжо ў незалежнай Беларусі. Меркавалася, што на месцы Залатой Горкі з’явіцца гасцінічна-спартыўны комплекс, але на працягу 20 гадоў там была толькі пустка. Толькі ў 2026 годзе тут уладкавалі паркоўку.

«Гарачы хлеб», загадкавы пажар і «аварыйны» канструктывізм

Фінальным акордам у знішчэнні Залатой Горкі стаў знос 6 кастрычніка 2006 года былой крамы «Гарачы хлеб» на рагу вуліц Горкага і 17 Верасня. За гэты будынак гродзенскія актывісты і гісторыкі змагаліся і нават дамагліся прыпынення яго зносу паводле рашэння Міністэрства культуры. Але спрацавала «тэлефоннае права»: пасля званка з Гродзенскага аблвыканкама Міністэрства культуры заднім чыслом змяніла сваё рашэнне.

Znos kramy «Haračy chlieb», Hrodna
Знос крамы «Гарачы хлеб» на рагу вуліц Горкага і 17 Верасня. 6 кастрычніка 2006 года

Гродзенцы збіралі подпісы супраць зносу да самага знішчэння будынка. Петыцыю прыклеілі да вітрын крамы. Падчас зносу яе сарвалі і кінулі на зямлю.

Znos kramy «Haračy chlieb», Hrodna
Гродзенцы падпісвалі зварот супраць зносу «Гарачага хлеба» літаральна за некалькі дзясяткаў хвілін да пачатку разбурэння. Фота з архіва Hrodna.life


Заснавальніца групы «Закінутыя дамы горада Гродна» ва «УКантакце» Кацярына так успамінала тыя падзеі:

«Вы нават не ўяўляеце, колькі подпісаў было сабрана, каб «Гарачы хлеб» не знеслі. Усе вокны былі заклееныя лістамі са спісамі СУПРАЦЬ. Але будынак усё роўна разабралі па цагліне толькі дзеля таго, каб крыху пашырыць дарогу. Цяпер там проста газон з брыдкім аленем».

Piakarnia Liubeha ŭ hrodzienskim rajonie Novy Sviet
Пякарня Любэга, 2006 год. Фота Мечыслава Супрона

На гэтым страты не скончыліся. Праз тры гады, 24 верасня 2009 года, пажар знішчыў другі паверх драўлянага асабняка на вуліцы 17 Верасня, 8. Гэта была былая пякарня Любэга, вядомая ў Гродне ў 1930-х гадах. Пасля пажару будынак не сталі рамантаваць, а проста знеслі, каб пабудаваць на яго месцы «элітнае» жыллё з пенаблокаў.

Актывісты, якія змагаліся за захаванне аўтэнтычнасці Новага Свету, тады лічылі, што пажар быў невыпадковым — проста камусьці трэба было расчысціць будаўнічую пляцоўку.

Dom Biekliemišava na vulicy Astroŭskaha ŭ Hrodnie
Дом Беклемішава на вуліцы Астроўскага ў Гродне. Пачатак 2000-х гадоў. Фота Мечыслава Супрона

У 2012 годзе знеслі дом Беклемішавых на вул. Астроўскага, 15. Гэта быў рэдкі для Гродна ўзор драўлянага канструктывізму міжваеннага перыяду. Дом быў звязаны з вядомай сям’ёй Беклемішавых. Сярод яе прадстаўнікоў — урач Мікалай Беклемішаў, акадэмік, заслужаны дзеяч навукі Казахстана і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне медыцыны. У апошнія гады перад зносам у доме размяшчаўся эндакрыналагічны дыспансер.

Знесці дзеля пустыра

Гады без рамонту, адсяленне жыхароў, потым гады без людзей і ацяплення, прызнанне аварыйным і знос — звычайная гісторыя для дамоў на Новым Свеце. Менавіта так у 2019 годзе знеслі дом у стылі рускага драўлянага мадэрну на рагу вуліц Валковіча і 17 Верасня. Раней яго прызналі аварыйным і адсялілі жыхароў, пасля чаго ён больш за шэсць гадоў пуставаў. Але нават у закінутым стане здзіўляў рэшткамі былой раскошы.

Напярэдадні зносу гродзенскія гісторыкі накіравалі ў Міністэрства культуры дакументы для надання будынку статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Аднак гэтае пытанне так і не было разгледжана.

Dom na rahu vulic Valkoviča i 17 Vierasnia, Hrodna
Дом на рагу вуліц Валковіча і 17 Верасня знеслі раніцай 19 снежня, яшчэ да світання. Фота: Hrodna.life

Пасля гэтага дзяржаўная газета «Гродзенская праўда» апублікавала матэрыял, у якім падтрымала рашэнне гарадскіх уладаў. У публікацыі сцвярджалася, што дом знаходзіўся ў аварыйным стане, быў істотна перабудаваны і не меў дастатковай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Абаронцы Новага Свету лічылі інакш. На іх думку, каштоўнасць дома была не толькі ў асобных архітэктурных дэталях, але і ў яго месцы ў гістарычным асяроддзі раёна. Са знікненнем асобных будынкаў, нават аварыйных, Новы Свет губляе сваю цэласнасць і ўнікальны выгляд, які сфармаваўся ў канцы XIX — першай палове XX стагоддзя.

Пасля зносу разглядаліся розныя варыянты выкарыстання вызваленага ўчастка — ад продажу зямлі пад забудову да стварэння невялікай грамадскай зоны адпачынку. Але з таго часу на гэтым месцы — проста пустка. Як і на месцы «Гарачага хлеба».

Легенда пра Лютэка: што сталася з домам на Віленскай

Ад зносаў і «рэканструкцый» пакутуюць і суседнія з Новым Светам раёны. Прыклад такой страты гістарычнай забудовы — дом на вуліцы Віленскай, 37.

Мураваны будынак, узведзены каля 1900 года, быў вядомы не столькі сваёй архітэктурай, колькі сувяззю з адной з самых вядомых гарадскіх легенд Гродна — Аляксандрам Ярмаловічам па мянушцы Лютэк.

Dom Liuteka, Hrodna
Дом Лютэка. Фота: Hrodna.life

Сям’я Ярмаловічаў жыла ў гэтым доме шмат гадоў. У першай палове XX стагоддзя ім належала пякарня, а сам Лютэк пазней стаў адной з самых каларытных постацей гарадскога фальклору. Старажылы ўспаміналі яго як дабрадушнага чалавека, якога ў 1980–1990-х гадах ведаў амаль кожны гродзенец.

У пачатку XXI стагоддзя будынак знаходзіўся ў аварыйным стане і доўгі час пуставаў. У 2019 годзе яго набыла інвестарка Ірына Зубкевіч (Звонка), вядомая дзякуючы гродзенскаму брэнду адзення Zvonkomadewithlove. Новая ўладальніца абяцала рэканструяваць дом пад гасцініцу, але падчас работ яго цалкам знеслі. Для гасцініцы ўзвялі новы будынак, які амаль нічога не мае агульнага з арыгіналам.

Dom Liuteka, Hrodna
Дом Лютэка ў 2024 г. Фота: Urban Hrodna

«Беларускі Скансэн»: як гісторыкі і актывісты спрабавалі выратаваць раён

У сярэдзіне 2000-х гадоў лёс Новага Свету стаў прадметам актыўнага абмеркавання. Пра яго гаварылі і гарадскія ўлады, і архітэктары, і гісторыкі, а таксама неабыякавыя гродзенцы.

У цэлым Новы Свет разглядаўся як тэрыторыя перспектыўнай рэканструкцыі. Але погляды на яго будучыню істотна адрозніваліся. Для гарадской адміністрацыі рэканструкцыя амаль заўсёды азначала знос існуючай забудовы дзеля чагосьці новага.

У 2007 годзе будучыню Новага Свету абмяркоўвалі на пасяджэнні Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Прапаноўвалі ідэі часткова або цалкам абнавіць квартал новымі жылымі і офіснымі будынкамі. Маўляў, існуючая забудова малакаштоўная.

Dom na vulicy Mickieviča, Hrodna
Дом на вуліцы Міцкевіча. Фота: Hrodna.life

У 2008 годзе загаварылі пра падрыхтоўку дэталёвага плана забудовы квартала, які павінен быў вызначыць лёс асобных дамоў. У 2009 годзе галоўны архітэктар горада заяўляў, што на Новым Свеце будуць рабіцца «асцярожныя крокі». Але далей за размовы справа не пайшла.

Прадстаўнікі жыллёва-камунальных службаў у 2010–2011 гадах заяўлялі, што многія дамы знаходзяцца ў аварыйным стане і не падлягаюць аднаўленню. Пад пагрозай зносу тады апынуліся больш за 20 гістарычных будынкаў на вуліцах Міцкевіча, Астроўскага, Валковіча і іншых.

Барацьба за захаванне Новага Свету: пленэр, кніга, фільм і Латушка, які не дапамог

Аднымі з першых пра неабходнасць захавання Новага Свету заявілі гродзенскія гісторыкі Андрэй Чарнякевіч і Андрэй Вашкевіч. У 2006 годзе раёну прысвяцілі асобны выпуск штогодніка «Горад Святога Губерта», дзе ўпершыню сістэмна было пастаўлена пытанне пра яго захаванне.

Актыўная грамадская кампанія ў абарону раёна пачалася пасля зносу «Гарачага хлеба» ў 2006 годзе, калі стала зразумела, што пагроза страціць увесь раён цалкам рэальная. У 2007 годзе адбыўся фотапленэр «Захавай Новы Свет», а ў 2008 годзе супрацоўнікі кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на чале з прафесаркай Святланай Марозавай накіравалі гарадскім уладам прапанову пачаць навуковае вывучэнне раёна і выкарыстоўваць яго як турыстычны аб’ект. У тым жа годзе выйшла кніга Андрэя Чарнякевіча пра Новы Свет, а рэжысёр Арцём Лобач зняў дакументальны фільм «Гродзенскі Новы Свет».

Тады ж стала зразумела, што барацьба за захаванне Новага Свету — гэта частка больш шырокай кампаніі супраць «бульдозернай рэканструкцыі» Гродна. Актывісты нават спрабавалі правесці першы ў гісторыі Беларусі мясцовы рэферэндум па пытаннях рэканструкцыі горада, але іх ініцыятыўную групу з 126 чалавек не зарэгістравалі.

Draŭliany kanstruktyvizm na vulicy Asipienki, Hrodna
Драўляны канструктывізм на вуліцы Асіпенкі. Фота з архіва Hrodna.life

У 2008 годзе Андрэй Вашкевіч і Андрэй Чарнякевіч прадставілі канцэпцыю захавання раёна: яны прапанавалі ператварыць Новы Свет у беларускі аналаг шведскага Скансэна — музея пад адкрытым небам. Аўтары прапаноўвалі захаваць гістарычную планіроўку квартала, прыстасаваць старыя будынкі пад музеі, галерэі, кавярні і грамадскія прасторы, а таксама добраўпарадкаваць даліну ракі Юрыздыкі.

У 2010 годзе гродзенская архітэктарка Алена Шчасная апублікавала артыкул «Стары Новы Свет», у якім выступіла супраць масавага зносу гістарычнай забудовы. Яна прапаноўвала правесці дэталёвае абследаванне дамоў, захаваць найбольш каштоўныя з іх, мадэрнізаваць для сучаснага выкарыстання і развіваць раён па прыкладзе гістарычных кварталаў Рыгі, Вільні ці Таліна.

У лістападзе 2009 года прадстаўнікі грамадскасці накіравалі зварот наконт захавання Новага Свету тагачаснаму міністру культуры Паўлу Латушку. У студзені 2012 года гарадскія ўлады ініцыявалі стварэнне рабочай групы па распрацоўцы канцэпцыі рэгенерацыі раёна. Аднак гэтую канцэпцыю так ніколі і не распрацавалі.

Генплан — адно, рэальнасць — іншае

У 2017 годзе блогер Яўген Аснарэўскі сабраў больш за 600 подпісаў пад петыцыяй за захаванне драўлянай архітэктуры Гродна і Новага Свету. Калектыўны зварот накіравалі гарадскім уладам і ў Міністэрства культуры.

У 2019 годзе гісторык Мечыслаў Супрон і журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч уздымалі пытанне захавання драўлянай забудовы Новага Свету на сустрэчы з кіраўніцтвам горада. Тагачасны старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой паабяцаў ім даць асобным дамам другі шанец.

Damy na Mickieviča 7 i 9 u 2019 hodzie, Hrodna
Дамы на Міцкевіча 7 і 9 у 2019 годзе. Фота: Hrodna.life

Здавалася, што Новаму Свету нарэшце пашанцавала, калі ў 2020 годзе зацвердзілі новы генеральны план развіцця Гродна, а ў яго межах — праект рэгенерацыі гістарычнага цэнтра горада. Яго аўтар, вядучы архітэктар УП «БелНДІградабудаўніцтва» Антон Пятрухін, прапаноўваў не проста захаваць драўляную забудову Новага Свету. Важна было падтрымаць тут асаблівую атмасферу, дух месца, каб у будучыні музеефікаваць раён.

Аднак гэта не спыніла практыку зносу старых дамоў пад выглядам іх аварыйнасці, а толькі адклала яе на некалькі гадоў.

Пад пытаннем: якія дамы на Новым Свеце дагэтуль пад пагрозай зносу

Да гэтага часу пад пытаннем застаецца лёс Залатой Горкі. На месцы двух аднапавярховых дамоў на вуліцы Славацкага, 16 і 16а, плануюць пабудаваць шматкватэрны дом вышынёй да 11 метраў (прыкладна тры паверхі). Участак разам з дамамі, прызначанымі пад знос, выставілі на аўкцыён, але пакуль яго ніхто не набыў.

Dom u Novym sviecie na vulicy Slavackaha i Liuksiemburh, Hrodna
Дом у Новым свеце на вуліцы Славацкага і Люксембург. Фота: Hrodna.life

Дом на рагу вуліц Розы Люксембург і Славацкага (адрасы: вул. Розы Люксембург, 2 і вул. Славацкага, 19) — адзін з самых вялікіх драўляных дамоў у Гродне. Ён знаходзіцца ў добрым стане, з’яўляецца архітэктурнай дамінантай раёна, але гісторыя, якая ўжо не раз паўтаралася, паўтараецца зноў. Дом адсялілі, сёння ён пустуе, частка вокнаў і дзверы закалочаныя.

Не толькі знос: удалыя і спрэчныя прыклады рэканструкцыі на Новым Свеце

Акрамя зносу старых дамоў, на Новым Свеце ёсць і прыклады рэканструкцыі або перабудовы гістарычнай забудовы.

Адзін з такіх прыкладаў — дом па адрасе вул. 17 Верасня, 59/4. У 2018 годзе яго набыў гродзенскі прадпрымальнік Віктар Быкоўскі. Падчас рэканструкцыі будынак захавалі, надбудаваўшы другі паверх. Пазней аналагічны праект распрацавалі і для суседняга дома № 59/6. Дом № 59/2 таксама адрэстаўравалі з надбудовай паверха. Усе гэтыя дамы ўваходзяць у комплекс, які захаваўся ад казённага віннага склада (фактычна — спіртзавода), што існаваў тут на пачатку XX стагоддзя.

Dom na 17 Vierasnia 59/4, Hrodna
Дом на 17 Верасня 59/4. Фота: Hrodna.life

Дом па адрасе вул. Горкага, 27 — яшчэ адзін прыклад рэканструкцыі на Новым Свеце. Да Другой сусветнай вайны будынак належаў яўрэйскай сям’і Канэляў. У доме працавала крама каланіяльных тавараў, а старажылы ўспаміналі, як дачка гаспадара іграла на скрыпцы каля адчыненага акна.

Hrodna
Рэстаранна-гасцінічны комплекс на вуліцы Горкага, 27 з вышыні. Скрыншот з відэа ў профілі instagram.com/peshkov_grodno

У 2019 годзе дом набыў прыватны інвестар і пачаў яго рэканструкцыю. Гістарычнае аблічча будынка змянілася: ён стаў большым, з’явіўся нехарактэрны дэкор, а невялікую мансарду перабудавалі ў паўнавартасны мансардны паверх з арачнымі вокнамі, што зусім не ўласціва для гэтага раёна. Цяпер у будынку працуюць рэстаран «Пешкоў» і гасцініца «Новы Свет».

Rajon Novy sviet u HrodnaАпарт-гатэль у асабняку на вуліцы 17 Верасня, 12. Фота: ostrovok.ru

Гарадскі асабняк 1920–1930-х гадоў на вуліцы 17 Верасня, 12 лічыцца адным з найбольш яскравых узораў польскага мадэрну з элементамі неабарока на Новым Свеце. У розныя гады будынак выкарыстоўваўся як дзіцячы садок, а потым некалькі гадоў пуставаў. Пазней яго прыстасавалі пад апарт-гатэль.

Падчас перабудовы захавалі асноўны аб’ём гістарычнага будынка, але да яго прыбудавалі некалькі лішніх аб’ёмаў, усталявалі пластыкавыя дзверы і вокны, знялі арыгінальную чырвоную дахоўку. Дом захаваўся і атрымаў новае жыццё, але стаў выглядаць танна, як навабуд.

Dom na Mickieviča, 7, Hrodna
Дом на Міцкевіча, 7. Фота: instagram.com/vid_grodno

За апошнія пяць гадоў прыватныя інвестары набылі і рэканструявалі так званы «Дом з драконамі» на вуліцы Міцкевіча, 7, а таксама ўзяліся за падобны суседні дом на вуліцы Міцкевіча, 9. Каштоўныя будынкі ўдалося ўратаваць ад зносу, але да рэканструкцыі ёсць пытанні: арыгінальную разьбу і ліштвы на вокнах замянілі. І ўсё ж гэта пакуль адзін з найлепшых прыкладаў захавання драўлянай забудовы Гродна.

Што чакае Новы Свет далей?

Сёння маштабныя дыскусіі вакол Новага Свету, характэрныя для 2000-х і 2010-х гадоў, практычна сышлі на нішто. Праекты комплекснага ператварэння раёна ў музей пад адкрытым небам так і засталіся на паперы, а многія актывісты адышлі ад гэтай тэмы або выехалі за мяжу.

Але аблічча Новага Свету працягвае змяняцца. Гісторыя з апошнімі зносамі драўляных дамоў паказвае, што гэтыя змены адбываюцца не ў бок захавання аўтэнтычнасці.

Падобна на тое, што ў сваім першапачатковым, цэласным выглядзе Новы Свет ужо не захаваецца. Але якім у выніку гэты ўнікальны квартал выйдзе з эпохі перамен і колькі сапраўднай гісторыі ў ім застанецца?