Аб’екты вярбоўкі
На вас калі-небудзь пісалі даносы ў КДБ? Упэўнены, што пісалі. На мяне, прынамсі, пісалі, і не аднойчы.
А цяпер – рукі на стол! Канспектаваць забараняецца катэгарычна. Мабільныя тэлефоны вы мусілі здаць яшчэ на ўваходзе ў аўдыторыю. Сёння мы вывучаем асноўныя тыпы даносаў у Дзяржбяспеку. Увага на экран: знаёмімся з першакрыніцамі. Перад вамі дакументы з архіваў былога КДБ СССР, рассакрэчаных ва Украіне.
Вокладка падручніка ВШ КГБ СССР
Падручнік Вышэйшай школы КДБ СССР “Обзор оперативной комбинации по внедрению агента в разведывательные органы противника” найбольш поўна адлюстроўвае прынцыпы і метады вярбоўкі. Словы “выведвальныя органы праціўніка” не павінныя ўводзіць вас у зман: за часамі СССР так характарызаваліся не толькі капіталістычныя CIA, ці Secret Intelligence Service, але і якія заўгодна дысідэнцкія суполкі і нацыяналістычныя таварыствы. Бо ўсе гэтыя дысідэнты і нацыяналісты, паводле падручнікаў і метадычак КДБ, толькі і марылі, як бы за брудныя даляры запрадацца спецслужбам Захаду, Усходу, Поўдня і Поўначы.
Публіка з антысавецкіх асяродкаў і была для чэкістаў найбольш цікавай у плане вярбоўкі для напісання агентурных паведамленняў. Ці даносаў, як тыя паведамленні называліся ў савецкім побыце.
Акрамя дысідэнтаў, нацыяналістаў і антысаветчыкаў КДБ найперш цікавіла студэнцкая моладзь, творчая інтэлігенцыя, супрацоўнікі ВПК і стратэгічных аб’ектаў, пралетарыят буйных прадпрыемстваў, а таксама ўсе, хто хоць неяк кантактаваў з замежнікамі, ад перакладчыкаў “Інтурыста” да фарцоўшчыкаў.
Стацыянарныя стукачы ў СССР
Кожная спецслужба мае два планы дзейнасці: стратэгічны і аператыўны. Аснова кожнага плана – інфармацыя. Асноўны прынцып збору інфармацыі агульнавядомы: “лішняга не бывае”.
Цяперашнія спецслужбы збіраюць патрэбную інфармацыю і ў сацыяльных сетках, і на відэахостынгах, а таксама пры перахопе е-мэйлаў, мэсэнджараў і мабільных размоваў. Хаця і інстытута стукацтва ніхто не адмяняў. У часы савецкага КДБ існавала чатыры спосабы здабыцця аператыўных звестак: перлюстрацыя карэспандэнцыі, праслухоўванне стацыянарных тэлефонаў і памяшканняў, вонкавае назіранне і, вядома ж, агентурныя крыніцы.
Пра перлюстрацыю і праслухоўванне ў савецкай Дзяржбяспецы мы пагаворым наступным разам, а сённяшняя наша размова – акурат пра агентуру КДБ усярэдзіне СССР як пра галоўную крыніцу аператыўнай інфармацыі.
Пры слове “стукач” адразу ўяўляецца карцінка: начны пакой, коўдра на акне, бляклая лямпа, цемнатвары мярзотнік, які друкаванымі літаркамі крэмзае данос у Дзяржбяспеку за подпісам “дабразычлівец” і, азіраючыся, бяжыць да паштовай скрыні…
Вядома ж, такія энтузіясты стукацкага рамяства таксама былі. Але аснову агентурнага апарата савецкай Дзяржбяспекі складалі адмыслова падрыхтаваныя і праінструктаваныя людзі.
Колькі такіх адмыслова падрыхтаваных і праінструктаваных было ў адной “саюзнай рэспубліцы”? Напрыклад, ва Украінскай ССР?
Глядзім першакрыніцу за 1981 год.
СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
Статистические сведения о результатах работы органов КГБ за год
І. По линии разведки
(…)
Приобретено агентов из числа иностранцев /кроме постоянно проживающих в СССР/ – 37
ІІ. (…) Состоит на связи агентов 58154. Завербовано агентов из числа советских граждан в отчетном году 7535; иностранцев 26.
А цяпер няхітрыя арыфметычныя падлікі. Насельніцтва УССР у 1981 годзе – каля 50 мільёнаў чалавек. То бок пры колькасці агентуры ў 58 154 чалавекі маем аднаго сексота КДБ на 900 чалавек, і гэтую лічбу бярэм за канстанту. Насельніцтва БССР у пачатку васьмідзесятых – каля 9 мільёнаў. Пры сярэднесавецкім паказчыку “1 стацыянарны даносчык на 900 чалавек” маем як мінімум 10 000 савецкіх беларусаў, якія ў брэжнеўска-андропаўскія часы рэгулярна стучалі ў КДБ на саслужыўцаў, суседзяў, знаёмых і нават крэўных.
І гэта без уліку шчырых энтузіястаў, якіх было значна больш за падрыхтаваных і праінструктаваных.
Агентура: хто, як, чаму і за колькі?
Што такое “вярбовачныя сітуацыі” і як яны мадэлююцца – тэма асобнай размовы. Калі каротка, то самай удзячнай публікай для вярбовак былі стоадсоткава савецкія людзі.
Савецкі чалавек адрозніваецца ад чалавека несавецкага наяўнасцю двух спецыфічных рэфлексаў: любові да раскошы з аднаго боку, і страху – з другога. Пад раскошай савецкі чалавек разумеў кілаграм “доктарскай”, выстаяны ў кіламетровай чарзе. А пад страхам – перспектыву перайсці з каўбаснай дыеты на дармавое харчаванне ў якім казённым доме.
Гэтыя рэфлексы выдатна разумелі і кадэбэшныя метадысты.
РАСКРЫТИЕ ДОПРОСОМ ВРАЖДЕБНОЙ АГЕНТУРЫ
(…) А) Вербовка доносчика. идет здесь о том, как агентурно-оперативные органы создают хорошую почву для вербовки доносчика, следовательно, кого намечают на кандитата, какие создают условия для первого контакта, чтобы наилучше отвечали на момент конспирации, как обеспечивает переход доносчика на свою сторону. Присоединение доносчика к агентурной работе через арест и под давлением компрометирующих материалов – один из наиболее примитивных способов. (…)
Арышт і шантаж – спосабы, безумоўна, прымітыўныя. Як і стыль метадычкі, складзенай падпалкоўнікам МГБ СССР тав. С. Мохавым. Але менавіта шантаж стаў ці не самым дзейсным спосабам вярбоўкі; для соцень тысяч людзей з савецкімі рэфлексамі чэхаславацкі фатэль быў зручнейшы за турэмную шконку, а каўбаса – смачнейшая за баланду… Так што данос рабіўся адзіным спосабам самазахавання.
Класічны кадэбэшны шантаж, пры ўсёй сваёй гнюснасці, быў сродкам, папулярнейшым за арышт. У такім разе фігуранта не трэба садзіць у турму, не трэба траціць на яго дзяржаўныя грошы. А шантажаваць можна чым заўгодна: ад абяцанкі “у тваіх дзетак у інстытуце будуць праблемы!” і да пагрозы паведаміць жонцы пра каханку.
Немалая частка стукачоў матывавалася грашыма. Пры гэтым адной з папулярных вярбовачных сітуацыя яшчэ са сталінскага МГБ была такая. Спярша абраны для вярбоўкі чалавек выганяўся з працы і пазбаўляўся ўсялякіх сродкаў для існавання. Калі аб’ект набываў ступень таварнай гатоўнасці, з’яўляўся добразычлівы аператыўнік, які і прапаноўваў рэгулярны заробак у абмен на рэгулярнае інфармаванне.
Чытаем у той жа метадычцы:
(…) …надо рассмотреть такие вопросы:
а/ какие причины натолкнули доносчика на агентурную работу, имел ли он возможность выбрать другую работу для оправдания себя перед большевиками, если он был виноват перед ними, мог ли он выбрать другой способ заработка, мог ли без вреда для себя отказаться от агентурной работы (…)
Але здаралася, што аператыўныя сумы, якія даваліся чэкістам для матэрыяльнага заахвочвання стукачоў, тымі ж чэкістамі бессаромна раскрадаліся.
Прыклад з тых жа кадэбэшных архіваў. Супрацоўнік КДБ брэжнеўска-андропаўскіх часоў курыруе студэнцкую моладзь і рэгулярна кантактуе з завербаванымі агентамі. Для матэрыяльнага стымулявання якіх і атрымлівае штомесяц да тысячы рублёў у цэнах 1982 года. Грошы перадаюцца агентуры без усялякай распіскі (канспірацыя!) Аднак студэнта-стукача можна заахвоціць ста рублямі, а можна прастымуляваць тэлефанаваннем у дэканат з просьбай не ставіць двойку на экзамене, а грошы забраць сабе, прапусціўшы іх па графе “аператыўныя выдаткі”.
Круцельства з “аператыўнымі сумамі”, адпрацаванае яшчэ са сталінскага НКУС, квітнела і ў КДБ ажно да самага скону Савецкага Саюза. Праколы ў дасведчаных камітэтчыкаў здараліся, але вельмі рэдка. У разе такіх праколаў супрацоўнік КДБ звычайна не ішоў у турму “за растрату”, а проста вылятаў з “органаў”.
Данос як ён ёсць
Усе агентурныя паведамленні акуратна падшываліся ў “агентурныя справы”, а таксама ў так званыя “літарныя справы” і “справы-фармуляры”. Знайсці канкрэтныя даносы канкрэтных даносчыкаў у архівах КДБ вельмі цяжка. На некаторыя дакументы быў вызначаны тэрмін захавання 5 гадоў, на некаторыя – 10 гадоў. Пасля чаго даносы (а таксама аператыўныя фота і відэаздымкі, пратаколы “вонкавага назірання” і аўдыёзапісы) знішчаліся. У 1990 годзе, пасля знакамітага загаду № 00150 тагачаснага старшыні КДБ СССР У. Кручкова, былі знішчаныя ўсе агентурныя картатэкі, большасць “літарных справаў” і “справаў-фармуляраў”, а таксама процьма агентурных паведамленняў. Але сляды некаторых даносаў пры жаданні можна знайсці і пагэтуль: рапарты і справаздачы, ліставанне з партыйнымі органамі, крымінальныя справы.
У 1980 годзе ў Чарнігаўскае У КДБ, апераджаючы ўласны віскат, прыбег Мірон Якаўлевіч Кальчынскі з даносам на тамтэйшага беларускага дысідэнта Мікалая Аляксандравіча Маліноўскага. Мірона Якаўлевіча добразычліва выслухалі, але данос усё ж замацавалі на паперы.
Протокол приема устного заявления
г. Чернигов, 11 марта 1980 г.
Прием заявления начат в 14-05.
Прием заявления окончен в 18-30.
Начальник следственной группы УКГБ СССР по Черниговской области майор Полунин.
Считаю своим долгом сообщить органам госбезопасности следующее (…) Где-то в ноябре месяце 1979 г. мне на квартиру позвонил по телефону человек, который представился Малиновским Николаем Александровичам (…) Примерно через день-два наша встреча с Малиновским состоялась. В ходе ее Малиновский заявил, что ему известно о предстоящем выезде за границу моей дочери и попросил, чтобы она провезла через границу несколько писем (…)
Мікалай Аляксандравіч Маліноўскі, дзякуючы даносу Мірона Якаўлевіча Кальчынскага, атрымаў за “спробу перадаць лісты за мяжу” яшчэ па-людску: усяго тры гады…
У архівах былога КДБ можна адшукаць даносы, напісаныя не падрыхтаваная агентурай, а ініцыятыўнымі савецкімі грамадзянамі. Найбольш папулярны матыў – жаданне штурхнуць у прорву больш паспяховага суседа ці сябра.
Аднак сустракаюцца і даносы шчырых неадэкватаў…
Москва, Кремль,
тов. Брежневу Л. И.
Директор института сверхтвердых сплавов Бакуль во время своих командировок за границу встречается с сионистами. Передает им клевету на Советский Союз, передает сионистам золото. Срочно обезвредить нужно негодяя Бакуля, который находится в Киеве.
Нават такія лісты, напісаныя відавочна псіхічна хворым чалавекам, дбайна разглядаліся і правяраліся ў КДБ, пасля чаго чэкісты рабілі “арганізацыйныя высновы”. Для Героя сацыялістычнай працы, навукоўца з еўрапейскім імем Аляксандра Бакуля данос невядомага добразычліўца скончыўся серыяй праверак і інсультам.
Ці пісаліся даносы ўсярэдзіне Дзяржбяспекі? Яшчэ як!
Вось тыповы ўзор даносу 1937 года, напісаны чэкістам Зіновіем Кацнэльсонам на свайго сябра, чэкіста Абрама Кардаша, на імя камісара Дзяржбяспекі 1 рангу Усевалада Баліцкага:
Почему Кардаш, сотрудник НКВД УССР, написавший в Москву антипартийное письмо относительно следствия по делу Харьковских троцкистов остался членом КПбУ и назначен начальником отдела Дортранса, т. е. получил повышение.
Этот Кардаш имел дела с расстрелянным Тыкочинским по делу Киевского ХОЗО Исполкома. Спросите т. Агранова, кто такой жулик Кардаш.
І хаця данос напісаны друкаванымі літаркамі, імя даносчыка ўжо ў тыя часы вызначалася элементарна…
Чэкіст Абрам Грынфельд-Кардаш быў па гэтым даносе арыштаваны і асуджаны на доўгі лагерны тэрмін. Праз паўтара месяца быў арыштаваны і чэкіст Зіновій Кацнэльсон – яго выкрылі як “фашыста” па іншым даносе і праз год пасля арышту расстралялі. А неўзабаве быў арыштаваны і расстраляны наркам НКУС, камісар Дзяржбяспекі 1 рангу Усевалад Баліцкі.
Вам шкада гэтых чэкістаў? Мне – не. Яны сталі ахвярамі машыны, якую самі і сабралі.
Аўтар дзякуе Цэнтральнаму галіноваму архіву СБ Украіны за прадстаўленыя матэрыялы, архіўныя справы: Фонд 13, вопіс 1, адзінка захавання 372, Фонд 16, вопіс 1, адзінкі захавання 1177, 1193, а таксама архіўна-ўліковай службе СБ Украіны па Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, справу “П-14693”.
На здымках:
1. Падручнік, выдадзены Вышэйшай школай КДБ СССР у 1956 г., у якім разбіраюцца тыповыя вярбовачныя сітуацыі і даюцца навучальныя заданні
2-3. Са справаздачы КДБ СССР за 1981 г. пра зробленую працу
4. Метадычны дапаможнік савецкіх спецслужбаў па вярбоўцы даносчыкаў сярод савецкіх грамадзянаў
5. Данос узору 1937 г., напісаны супрацоўнікам НКУС тав. Кацнэльсонам на супрацоўніка НКУС тав. Кардаша ў апарат камісара Дзяржбяспекі 1 рангу тав. Баліцкага
6. Данос узору 1977 г., напісаны шараговым стукачом-энтузіястам
7 Данос узору 1980 г., напісаны “агентурнай крыніцай” М. Кальчынскім на беларуса-дысідэнта М. Маліноўскага
Уладзіслаў Ахроменка