Ultra-Music Awards падводзіць музычныя вынікі 2010 года

uma2010_afisha_lennon

Штогадовае галасаванне Ultra-Music Awards, якое вызначае з дапамогай наведвальнікаў сайта Ultra-Music лепшых музыкаў мінулага года, выйшла на фінішную прамую. Да канца галасавання застаецца два тыдні, а ўжо 26 лютага адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў у клубе «Графіці».

«Ultra-Music Awards — адзіная ў Беларусі музычная прэмія, пераможцаў у якой выбіраюць самі слухачы, — кажа заснавальнік прэміі і каардынатар праекта Ultra-Music Вячаслаў Радзівонаў. — Тое, што ўжо на першым этапе галасавання, напрыклад, у намінацыі „Беларуская песня года“ былі прапанаваныя 92 запісы, у два разы больш чым у мінулым годзе, сведчыць аб тым, што такое падвядзенне вынікаў года неабходна як слухачам і музыкам, так і беларускім СМІ».

Як і ў мінулы раз, галасаванне Ultra-Music Awards падзелена на дзве часткі: у першым туры ўсе жадаючыя прапаноўвалі свае варыянты фаварытаў, пасля чаго былі адабраныя выканаўцы, альбомы і падзеі, якія ўзгадваліся часцей за іншых — яны і трапілі ў другі тур. Галасаванне праходзіць у пяці намінацыях — «Лепшы замежны альбом года», «Лепшая замежная песня года», «Лепшы беларускі альбом года», «Лепшая беларуская песня года» і «Музычная падзея года ў Беларусі» — і працягнецца да 20 лютага. За палову другога тура зафіксавана ўжо больш за 17 тысяч галасоў.

Акрамя асноўных намінацый, рэдакцыя Ultra-Music адзначыць шэраг музыкаў спецыяльнымі прэміямі. 26 лютага ў клубе «Графіці» адбудзецца віншаванне пераможцаў і канцэрт з удзелам гуртоў Sang Sattawood, Clover Club і IQ48. Наведаць мерапрыемства можа любы жадаючы.

26 лютага, паб-клуб «Графіці» (зав. Калініна, 16). Пачатак у 18:00.
Квіткі: 25 000, 30 000 (пасля 20 лютага).
Колькасць месцаў абмежавана! Даведкі і замова квіткоў па тэлефонах: +375 29 77-999-18, +375 29 17-999-18, +375 29 613-95-06.