Ultra-Music выбірае лепшых музыкаў 2011-га году

17.02.2012 Афіша

Музычны партал Ultra-Music.com падводзіць вынікі 2011 году! З 9 студзеня на сайце пачалося галасаванне, у якім можа прыняць удзел любы жадаючы.

Трэці год запар менавіта слухачы вызначаюць пераможцаў Ultra-Music Awards у намінацыях «Замежны альбом году», «Замежная песьня году», «Беларускі альбом году», «Беларуская песьня году», «Беларускі кліп году» і «Канцэрт году ў Беларусі». Лаўрэаты стануць вядомыя ў канцы студзеня, а цырымонія ўзнагароджання Ultra-Music Awards адбудзецца 15 сакавіка ў клубе Re:Public.

«У гэтым годзе мы вырашылі адысці ад камернай атмасферы клуба „Графіці“ і правесці сапраўды запамінальнае мерапрыемства, — распавядае заснавальнік і галоўны рэдактар Ultra-Music Вячаслаў Радзівонаў. — Кожны тыдзень мы будзем аб’яўляць новых удзельнікаў канцэрту. Гэта будуць тыя музыкі і гурты, якія пакінулі адметны след у музычным жыцці краіны ў мінулым годзе. Будуць, вядома, і новыя імёны».

Рэдакцыя сайта Ultra-Music.com ўручыць некалькі спецыяльных прызоў. У першую чаргу — гэта «дэбют» і «адкрыццё году». Лаўрэатамі Ultra-Music Awards у гэтай намінацыі станавіліся такія гурты, як Akute і The Blackmail. З тых часоў яны ўжо паспелі заявіць пра сябе, запісалі ў 2011 годзе вельмі ўдалыя альбомы, і на гэты раз будуць прэтэндаваць ужо на больш сур’ёзныя ўзнагароды.

Галасаванне на Ultra-Music праходзіць у тры этапы. На першым, які будзе доўжыцца да 22 студзеня, любы жадаючы можа прапанаваць да 10 сваіх варыянтаў у кожнай намінацыі. 23 студзеня пачнецца другі этап галасавання: з прапанаваных варыянтаў будуць прадстаўлены па дзесяць намінантаў у кожнай катэгорыі. За аднаго з іх можна будзе галасаваць штодня на працягу месяца. Канчатковыя вынікі галасавання будуць падведзены 20 лютага.