Урокаў па «Гісторыі Беларусі» больш не будзе ў 10-класнікаў

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь апублікавала пастанову, паводле якой у новым навучальным годзе з праграмы 10-га класа знікнуць прадметы «Гісторыі Беларусі» і «Сусветная гісторыя». Замест іх з’явіцца новы інтэграваны курс.


Kniha

З 1 верасня 2024 года ў раскладзе 10-класнікаў прадметы «Гісторыі Беларусі» і «Сусветная гісторыя» заменяць на «Гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі».

На якой мове будзе выкладацца новы прадмет — незразумела. У пачатку мінулага года прадстаўнікі Мінадукацыі сцвярджалі, што «макет навучальнага дапаможніка гатовы, праходзіць эксперыментальную апрабацыю ў 14 установах адукацыі краіны» і з’явіцца ў пачатку восені 2025 года.

Па словах чыноўнікаў, факты ў падручніках змененыя не будуць, іх нібыта проста «ўдасканаляць» — «у кожнай кнізе будзе заключаны выхаваўчы патэнцыял — тэксты, заданні будуць накіраваны на фарміраванне любові да роднай краіны».

Паводле новых навучальных планаў, «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» на базавым узроўні будзе двойчы на тыдзень па 45 хвілін. У профільных класах — чатыры ўрокі ў тыдзень.

У 11-класнікаў пакуль усё без зменаў, два асобныя прадметы — «Гісторыі Беларусі» і «Сусветная гісторыя», адзін раз на тыдзень па 45 хвілін.