Ушачы аказаліся на 500 гадоў старэйшыя: археолагі знайшлі сляды паселішча X–XI стагоддзяў

Падчас руціннага археалагічнага абследавання перад будаўніцтвам газаправода ў самым цэнтры Ушачаў вучоныя з Інстытута гісторыі НАН Беларусі зрабілі дзіўнае адкрыццё — знайшлі сляды старажытнага паселішча, якое існавала тут яшчэ ў X-XI стагоддзях, піша тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Staražytnaje sielišča Старажытнае селішча знаходзіцца на сучасных агародах. Фота Марата Клімава

У цэнтры гарадскога пасёлка, за 300 метраў ад райвыканкама, падчас назірання зоны па пракладцы газаправода УП «Полацкгазбуд» археолагі выявілі старажытныя пласты, якія адносяцца як мінімум да X–XI стагоддзяў, а ў іх знайшлі фрагменты ганчарнай і ляпной керамікі і бронзавы наканечнік шыйнай грыўны. Гэта сведчыць аб тым, што ў X–XI стагоддзях тут ужо было селішча, і значыць, гэтая знаходка перапісвае гісторыю Ушач, адзначае супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марат Клімаў:

— Раней лічылася, што Ушачы ўпершыню згадваюцца толькі ў XVI стагоддзі ў складзе Полацкага ваяводства. Але цяпер аказалася, што людзі жылі тут на 500 гадоў раней. Гэта мяняе ўяўленне аб гісторыі засялення гэтых зямель.

Archiealahičnyja znachodki
Фота Марата Клімава

Ушачы вядомыя археалагічнымі раскопкамі курганоў, а старажытныя паселішчы заставаліся «за кадрам». Таму, умоўна, можна сказаць, што знайшлі старажытнае селішча ў саміх Ушачах. Аб астатнім можна меркаваць ужо пасля грунтоўных археалагічных раскопак. Але ці будуць яны, пытанне застаецца адкрытым, кажа Марат Клімаў:

— Помнік гісторыі знаходзіцца на месцы сучасных агародаў жыхароў райцэнтра. З-за гэтага, нажаль, даследаванне можа сутыкнуцца з цяжкасцямі. Але ўжо дакладна можна сказаць, што Ушачы на 500 гадоў старэйшыя.