Устава на валокі: калі трэба больш грошай!

30.03.2018 Гісторыя

Бліц-апытанне знаёмых, якія не маюць ніякага дачынення да гісторыі, паказала, што ўсе, хто вучыўся ў беларускай школе, выдатна памятаюць выраз «устава на валокі». Тое ж апытанне, зрэшты, паказала, што ніхто з гэтых знаёмых не мае аніякага паняцця, што гэта, для чаго трэба і чаму так класна называецца. А між тым апублікаваны 1 красавіка 1557 года дакумент раз і назаўжды змяніў гаспадарчае жыццё Вялікага Княства Літоўскага на «да» і «пасля». Пра што ж ідзе гаворка?

Жыццё любой дзяржавы на вельмі малы працэнт складаецца з вялікіх бітваў, высокай палітыкі і інтрыг. Любы самы ваяўнічы рыцар значна часцей есць і п’е, чым ваюе. А вытворчасць таго, што есць і п’е, а таксама апранае, дорыць каханцы і носіць на шыі рыцар, і тое, адкуль ён бярэ на ўсё гэта грошы, складае істотную частку існавання любой дзяржавы. І важны момант — не толькі сама вытворчасць, але і належны кантроль за ёй: калі ў краіне будзе вырабляцца невядома колькі незразумела чаго, нельга будзе і збіраць правільныя падаткі, няма чым плаціць дзяржаўнаму апарату, двару і войску, а тады ўжо і з высокай палітыкай і вялікімі перамогамі усё атрымліваецца вельмі сумна.

У сярэдзіне XVI стагоддзя сістэма землекарыстання ў ВКЛ была архаічнай, павіннасці сялян і правы, на якіх яны валодалі зямлёй, былі складаныя і заблытаныя, і атрымліваць нават з вялікіх маёнткаў сур’ёзныя даходы было праблемна. Дарэчы, для сялян такая сітуацыя была хутчэй плюсам: калі феадал не ведае, як атрымаць сваё, большую частку прыбавачнага прадукту можна пакінуць сабе. Але, на жаль, на шляху эканамічнага прагрэсу меркаванне сялян вельмі мала ўлічвалася ва ўсе часы. Таму пытанне рэарганізацыі сістэмы землекарыстання і павіннасцяў было найважнейшым для кіраўнічых колаў ВКЛ: грошы былі патрэбныя заўсёды.

Неабходная была аграрная рэформа, і яна пачалася.

Пачаткам яе стаў падзел зямлі на аднолькавыя па плошчы ўчасткі, якія зрабіліся «падатковымі адзінкамі» — валокамі (21,36 га). Першае вымярэнне зямлі і падзел яе на валокі адбыліся яшчэ ў 40-х гадах XVI стагоддзя па ініцыятыве каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорца ў яе ўладаннях (Пінск, Клецк, Кобрын і інш). Сын Боны Жыгімонт Аўгуст падтрымаў ідэю маці і таксама пачаў у сваіх уладаннях рэформу.

Нарэшце ў 1557 годзе, калі па выніках першых вымярэнняў быў выяўлены шэраг парушэнняў, было вырашана правесці поўную рэвізію першай «памеры», для чаго і была напісаная інструкцыя, вядомая сёння як «Устава на валокі» з 49 артыкулаў. Гэты дакумент і стаў асноўным з гэтага часу для ўсіх кіраўнікоў маёнткаў у ВКЛ.

Валока дзялілася на 30 моргаў (даследчыкі лічаць, што гэта прамая калька з нямецкага «морген» — «раніца»), кожны морг на 0,76 га селянін прыблізна мог апрацаваць за дзень. Надзел дзяліўся на тры часткі, якія апрацоўваліся па сістэме трохполля — адну частку засяваюць зімавымі, другую — яравымі, трэцяя «адпачывала». Увядзенне трохполля дазваляла зямлі набраць патрэбныя пажыўныя рэчывы за час «адпачынку», і з часам яна не страчвала якасці.

Адной валокай зямлі мог карыстацца адзін земляроб, земляроб з сынам ці два браты. Акрамя ўласных надзелаў сяляне маглі карыстацца агульнымі ўгоддзямі, пасвіць жывёлу на пустых волаках і выганах, браць будаўнічыя матэрыялы і дровы ў лесе, лавіць рыбу ў рэках і азёрах. Калі ў селяніна знаходзіліся лішнія грошы, ён мог яшчэ і арандаваць пустыя валокі для выкарыстання па сваім жаданні.

Усе валокі дзяліліся на «цяглыя» і «асадныя», пры размеркаванні валок сяляне траплялі ў тую катэгорыю, у якую іх вызначылі, без уліку іх жадання. «Асадныя», або «чыншавыя», валокі, з якіх сяляне плацілі грашовы падатак, складалі большую частку ўсёй зямлі.

Павіннасці, якія неслі трымальнікі тых ці іншых валок, былі цяпер строга вызначаныя. Так, на «цяглых» валоках селянін павінен быў адпрацаваць 2 дні на тыдзень паншчыны, на асадных — заплаціць грошы ці аддаць пэўную колькасць прадуктаў сваёй працы. У залежнасці ад якасці зямель (добрая, сярэдняя, ​​кепская, вельмі кепская) змянялася і колькасць прадукту, які належала аддаць з валокі — сена, гусей, курэй, яек, аўса і гэтак далей. На «цягавай» валоцы селянін павінен быў адпрацаваць на гаспадара 102 дні ў год.

Агульны кошт прадукту, які атрымліваў феадал, быў вызначаны таксама ў залежнасці ад якасці зямлі. З добрай валокі гаспадар меў 106 грошаў, з сярэдняй — 97, з кепскай — 83 і з вельмі кепскай — 66. За адзін грош тады можна было купіць 50 яек, курыца каштавала крыху менш за грош, бочка аўса — 5 грошаў і гэтак далей.

Зразумела, селянін, які плаціў падатак грашыма, мог эфектыўней карыстацца сваім часам, чым той, які хадзіў адпрацоўваць паншчыну. У яго было больш стымулаў удасканаліць сваю гаспадарку, бо пры большай колькасці прадукту ён меў магчымасць больш пакінуць сабе пасля выплат. Зрэшты, зусім вызваліцца ад выканання заданняў для гаспадара фальварка не атрымлівалася, былі і дадатковыя павіннасці — скасіць сенажаці, будаваць і рамантаваць масты і інш.

Невыкананне панскіх указаў каралася даволі строга: за нявыхад на працу селяніна «цяглых» валокаў штрафавалі на адзін грош, за другі нявыхад адбіралі барана, за трэці білі бізуном.

Нягледзячы на ​​тое, што сялянам такі падыход падабацца не мог, увядзенне трохполля і ўдасканаленне землекарыстання і павіннасцяў прывялі да выбуховага росту даходаў з зямлі. Як прыклад можна прывесці Берасцейскае староства. Да рэформы з яго зямлі гаспадар атрымліваў прыкладна 1000 коп грошаў, пасля падзелу зямлі на валокі стаў атрымліваць 5527 коп — рост у пяць з паловай разоў! У сярэднім жа гаспадарскія ўладанні ў ВКЛ да рэформы прыносілі прыкладна 20 000 коп грошаў, а пачалі даваць каля 80 000, у чатыры разы больш. Прагрэсіўная эканамічная сістэма дала такі вынік, што не падвяргалася ніякім сур’ёзных зменам практычна да знікнення Рэчы Паспалітай праз 250 гадоў.

 

Дзяніс Буркоўскі