Восьмы па ліку конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend, які стартаваў 30 жніўня з прыёму заявак, можа стаць самым маштабным у гісторыі. Упершыню беларусы змогут не толькі прапанаваць карысныя грамадству ідэі, але і паказаць накірункі сацыяльных задач, якія больш за ўсё хвалююць беларускае грамадства.
“У гэтым годзе мы вырашылі не абмяжоўвацца традыцыйным прыёмам заявак ад суіскальнікаў конкурснага фінансавання. Чарговы крок наперад – гэта глабальнае апытанне, у якім усе жыхары нашай рэспублікі змогуць прыняць удзел. Яго мэта – вызначыць найбольш блізкія людзям сацыяльныя тэмы, выйсці на рашэнне глабальных грамадскіх задач, да якіх яшчэ не прыступаліся ні на дзяржаўным, ні на лакальным узроўнях”, – адзначыў кіраўнік конкурсу Social Weekend Аляксандр Скрабоўскі. Вынікі апытання будуць карыснымі для развіцця не толькі конкурсу, але і іншых некамерцыйных арганізацый і фондаў, у тым ліку для ўдзельнікаў дзяржаўных сацыяльных праграм.
“Social Weekend быў і застаецца важным дадаткам дзяржаўных ініцыятыў, якія ахапляюць шырокі пласт сацыяльных праблем. Пры гэтым важнай перавагай Social Weekend з’яўляецца яго адкрытасць для любых ідэй, магчымасць хутка рэалізоўваць невялікія, але важныя праекты ў любым кутку нашай краіны без прыцягнення бюджэтных сродкаў”, – адзначае дырэктарка “Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый”, суарганізатара конкурсу, Святлана Зінкевіч.
Акрамя апытання, у межах Social Weekend адбудзецца незвычайны “Дзень натхнення”, калі аўтары паспяховых праектаў і прадстаўнікі знакамітых кампаній паспрабуюць натхніць суіскальнікаў на карысныя справы, а таксама “Сацыяльны Хакатон” па распрацоўцы ўнікальных ідэй у накірунках, вызначаных у апытанцы. Нікуды не знікнуць ужо традыцыйныя магчымасці для іх рэалізацыі: навучанне, экспертыза, фінансаванне.
З 30 жніўня па 2 кастрычніка 2016 года любы ахвотны можа падаць заяўку з ідэяй і атрымаць усе шанцы на яе рэалізацыю.
“Для нас “сацыяльны праект” – гэта вельмі шырокі панятак. Зусім не абмежаваны чыстай дабрачыннасцю, якая безумоўна з’яўляецца важнай. Што гэта можа быць? Гэта любая ідэя, якая прыносіць карысць грамадству ці робіць лепей навакольны свет. Якая не дасць чамусьці знікнуць, штосьці значна палепшыць ці створыць нешта новае, небывалае дагэтуль і камусьці патрэбнае”, – падкрэслілі арганізатары.
Конкурсныя заяўкі будуць разглядацца не толькі арганізатарамі і журы, але і ўсімі зацікаўленымі жыхарамі Беларусі ў межах народнага галасавання. Такім чынам, шанец на рэалізацыю ёсць у кожнай ідэі, нават калі яна не зможа натхніць прагматычных экспертаў ці, наадварот, будзе добра распрацаванай, але не выкліча зацікаўленасці ў публікі.
“Мы пастаянна імкнемся да разнастайнасці і напаўняем Social Weekend новымі магчымасцямі для ўдзельнікаў. Прапаноўваем новыя формы ацэнкі, ствараем асаблівую атмасферу, дапамагаем і навучаем, разам з аўтарамі ідэй запускаем краўдфандынгавыя кампаніі па зборы сродкаў. Вось ўжо некалькі гадоў конкурс курыруюць вядомыя асобы, якія выступаюць не толькі мецэнатамі, але і экспертамі. Усе гэта робіць Social Weekend унікальным конкурсам, які расце і становіцца ключавым мерапрыемствам у сацыяльнай сферы нашай дзяржавы”.
Прыём заявак на конкурс скончыцца 2 кастрычніка 2016 года. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць на сайце https://www.socialweekend.by/ ці па тэлефоне +375 29 87 97 400, электроннай пошце sw8.belarus@gmail.com.
Даведка:
Конкурс Social Weekend праводзіцца ў Беларусі ўжо некалькі гадоў. За гэты час амаль тысяча ўнікальных заявак і ідэй была разгледжана, каля сотні з іх атрымалі фінансаванне і падтрымку. Сярод лаўрэатаў конкурсу — праект па стварэнні даступных медыцынскіх пратэзаў, пошукава-выратавальны атрад “Ангел”, настаўніцтва сірот “Нити дружбы” і шмат іншых.