Стаў беларускім нацыяналістам у Львове, жыў у Дэтройце, быў старшынёй Рады БНР – узгадваем, хто такі Язэп Сажыч

06.09.2023 Гісторыя

Язэп Сажыч быў беларускім патрыётам, па якім пры жыцці зладзілі паніхіду, а таксама ён вядомы тым, што галасаваў супраць Івонкі Сурвілы. «Новы час» распавядае пра пакручасты шлях экс-старшыні Рады БНР.


Сяргей Навумчык, Язэп Сажыч, Зянон Пазьняк. 1996 год. Фота radabnr.org
Сяргей Навумчык, Язэп Сажыч, Зянон Пазьняк. 1996 г. Фота: radabnr.org

Гадаваўся ў страшэннай галечы

Язэп Сажыч нарадзіўся 5 верасня 1917 года ў вёсцы Гарадзечна. Ён пісаў ва ўспамінах: «Гадаваўся ў страшэннай беднаце: бацька памёр, калі мне было два годзікі (мамачка расказвала, што ён любіў мяне больш за ўсё на свеце), і маленькі хлопчык мусіў зрабіцца гаспадаром — араць, касіць.

У сем-восем гадоў я стаў у хаце лідарам: як скажу, так і мусіць быць! Калі мама злавалася, называла мяне «праклятым бальшавіком». «Чырвоных», як і палякаў, ніколі не паважала»



Бацька Язэпа, Сымон Сажыч, напачатку XX стагоддзя паехаў на заробкі ў ЗША. Жыў у Нью-Ёрку, развозіў піва. Сымон вярнуўся ў Беларусь, калі даведаўся пра смерць першай жонкі, маці трох ягоных дзяцей. Неўзабаве ажаніўся з маці Язэпа — Верай Дарашэвіч. Памёр у 1919-м ад гішпанкі.

«Мамачка, зусім маладая тады жанчына, да шлюбу працавала ў Гарадзечна ў цёткі. Была яна чалавекам амаль непісьменным, але вельмі інтэлігентным, разумным», — зафіксаваў у мемуарах Язэп на 90-м годзе свайго жыцця.

«Братка, ты не ўяўляеш, як мы з мамачкай любілі адно аднаго. Ужо апынуўшыся на вайне, перад апошняй атакай быў упэўнены, што мяне заб’юць. Смерці не баяўся, страшыўся аднаго: што мама не перажыве страты сыночка...».

Цудам атрымаў магчымасць вучыцца ў беларускай, а потым у польскай гімназіі

Язэп Сажыч
Язэп Сажыч. Фота: novychas

«Калі споўнілася 14 гадоў, здарылася падзея, якая моцна паўплывала на мой лёс. Кашу ля рэчкі сена, пад’язджае брычка з войтам Сокалам: «Хадзі вучыцца, ты здольны хлопец». Я кажу: «Дык гэта грошай вялікіх каштуе». 

А ён: «Нічога, я ведаю дырэктара Ціханоўскага, прыходзь да мяне ў гміну».

Войт мне выпісаў пасведчанне, перахрысціў і кажа: «Сынку, хадзі вучыся, але не давярай ніякай савецкай прапагандзе!



Пасля таго, як зачынілі беларускую гімназію, перайшоў у наваградскую польскую гімназію, плаціў толькі 25 працэнтаў ад сумы. Я быў найбяднейшы з усіх хлопцаў. За гады навучання ў гімназіях не знайшоў магчымасці купіць аніводнай кнігі — пазычаў у багацейшых сяброў», — распавядаў спадар Язэп.

Да таго ж, каб дабрацца да гімназіі, юнаку даводзілася штодзя хадзіць пешшу з Гарадзечна ў Наваградак — каля 10 кіламетраў.

«Чатыры кіламетры ішоў босы, а пад горад надзяваў чаравічкі, вось так, братка», — пісаў Язэп.

Падчас нападу Германіі на Польшчу ў 1939-м быў камандзірам узводу

«На фронце я зрабіўся героем: кідалі ў цяжкія абставіны, і я неяк з іх вылазіў. Камандзір дывізіі, таксама беларус, Мікалай Болтуць называў мяне «беларускім ільвом».

Пяць разоў хадзіў у атаку — быў камандзірам левага флангу. У час апошняй атакі паднімаю пісталет і крычу: «Хлопцы, за мною!». А кулямёт як трахне — добра мяне прасёк. Ляжу, гляджу на рану і думаю: усё, заб’юць немцы.

Аказалася, што яны добра ратавалі афіцэраў, — адразу мяне паднялі з зямлі і адвезлі ў амбулянс. Нямецкі маёр, малады хірург, зрабіў рэнтген, пагладзіў па галаве і кажа: «Юнге, ты шчаслівы! Косць не закранута, мы цябе вылечым». Лячылі мяне ў вялікім ваенным шпіталі ў Лодзі», — згадваў будучы прэзідэнт Рады БНР.

У родным Гарадзечне па Язэпу Сажычу зладзілі паніхіду. Маці думала, хлопец памёр

«Якраз тады саветы дамовіліся з Гітлерам: Нямеччына выпускае дадому беларусаў і ўкраінцаў, а СССР — г. зв. «фольксдойчаў», палякаў нямецкага паходжання. Я скарыстаў гэтую магчымасць, уцёк са шпіталю і пайшоў дадому, у Гарадзечна».

Але да гэтага нехта з аднавяскоўцаў данёс маці Язэпа, што яе адзіны сын палёг у баі. Забітая горам жанчына пабегла да святара. Па хлопцу зладзілі паніхіду, спяваў хор, мясцовыя плакалі... А калі Язэп вярнуўся дадому, маці падумала, што ўбачыла прывід.

«Нацыяналістам я стаў менавіта ў Львове»

Язэп хутка зразумеў, што пры камуністах у Гарадзечна жыцця яму не будзе.

«Сустракаю аднаго са сваіх таварышаў па гімназіі, а ён быў камсамольцам: «Юзік, хавайся. Табе тут не месца. Уцякай!». Выпісаў пасведчанне, у якім было сказана наступнае: «Сажич Иосиф Семенович, бедняк, направляется на учебу», — узгадваў ён.

Тады малады чалавек скіраваўся ў Львоў, дзе здолеў паступіць на ўлікова-эканамічны факультэт Львоўскага ўніверсітэта.

«Між іншага, у Львове ў тыя часы апынулася шмат беларусаў: пасля таго як Вільню аддалі літоўцам, Віленскі ўніверсітэт перавялі на літоўскую мову.
Па-расейску ў Львове ніхто не размаўляў — расейцаў галічане не шанавалі.

Калі прыехаў у Львоў, на нацыяналізм не «хварэў». І мае калегі-студэнты, адданыя галіцкія патрыёты, уцягнулі мяне ў «бандэраўцы». Я сваімі вачыма бачыў, як на Галоўным рынку Львова было аб’яўлена аб стварэнні незалежнай дзяржавы, самаўраду», — распавядаў спадар Язэп.

«Слухай, браток, нацыяналістам я стаў менавіта ў Львове. Калі жылі пад палякамі, пра незалежнасць і не марылі: нейкія правы, аўтаномія і ўсё.

А ў сяле пад Львовам бачу: дзяўчаты выцягваюць з-пад куфраў нацыянальныя «жоўта-блакітныя» сцягі, усе спяваюць, святкуюць — нацыянальны ўздым каласальны. Божа, думаю, а ў нас што?.. Украінцы мяне пытаюць, якія сцяг і гімн у Беларусі, а я чырванею — не ведаю... Нават вусаты селянін-украінец, калі пачуў адказ, адкуль я прыехаў, сказаў: «Дык ты ж ліцьвін!»

Гэта мяне страшэнна ўзварушыла».

Падчас Другой сусветнай вайны быў камендантам падаафіцэрскай школы Беларускай народнай самапомачы

«Мусіў вярнуцца ў Наваградак, дзе ўсё апанавалі палякі, якія здавалі беларусаў немцам: ён, ён і ён — камуністы, і справа скончана... Стаўленне немцаў да нас было рознае: шмат было і добрага, і благога. Напрыклад, галоўны камісар Вільгельм Кубэ зрабіўся сябрам беларусаў, стараўся нам дапамагчы», — пісаў Сажыч.

Беларус Барыс Рагуля, які працаваў у гэбітскамісарыяце, прапанаваў яму пасаду камісара паліцыі па Наваградскай акрузе.

«Але, пабыўшы ў Львове, я адрэзаў: «Ніякага супрацоўніцтва з немцамі! Дай мне войска — пайду ў войска», — узгадваў спадар Язэп.

«Аднойчы ноччу, а другой гадзіне, прылятае Барыс, запальвае святло і кідае мне пачак папер: «На табе тваё войска!». Тады немцы далі дазвол утварыць Самаахову: адчынялася афіцэрская школа перашкалення ў Менску, у кожнай акрузе — падафіцэрскія школы і ў кожным раёне — батальёны. Да самай раніцы святкавалі падзею: выпілі, браток ты мой, добра».

«У суме я перашколіў каля 2500 жаўнераў. Гадаваў іх у патрыятычным рэчышчы, рабіў заклікі хапаць зброю і бараніць Бацькаўшчыну. Мала хто ведае, што я з’яўляюся аўтарам некалькіх знакамітых вайсковых песень, падбіраў да іх мелодыі. Пад бел-чырвона-белымі сцягамі, з «Пагонямі» мае хлопцы маршыравалі і спявалі патрыятычныя песні. Лішнім будзе казаць, што размаўлялі мы толькі па-беларуску. А цяпер хтосьці ўяўляе сабе, каб лейтэнант беларускай арміі загаварыў на роднай мове?..»

На загад Франца Кушаля зарганізаваў у Лідзе Беларускі батальён чыгуначнай аховы

«Раптам мяне ў Менск выклікае Франц Кушаль і інфармуе, што немцы даюць дазвол утварыць чыгуначны батальён. Цікава, што Кушаль мяне спаткаў ужо ў чыгуначнай уніформе. У ранзе палкоўніка мяне тады сустрэў князь Святаполк-Мірскі. Я быў супраць гэтай працы, аднак мне адказалі: «Сажыч, вы ёсць афіцэр, таму — ніякіх дыскусій». Я мусіў узяць 50 хлопцаў са сваёй школы ў Наваградку і ехаць у Ліду. Батальён не быў беларускай ваеннай адзінкай: я цягам шасці месяцаў школіў жаўнераў, і пасля іх накіроўвалі на ахову станцый. Мы мелі кулямёты, гранаты, вострую зброю. Нас апранулі ў сінюю нямецкую чыгуначную ўніформу, на шапках была нашыта «Пагоня», а на каўнярах — ярылаўскія крыжы».

«Мая біяграфія чыстая»

У 1950 годзе Язэп Сажыч выехаў у ЗША. Да гэтага жыў у Цюрынгіі, дзе ажаніўся з Верай Мазур, пазней у Гесэне, дзе нарадзілася дачка Алена.
Атрымаў дыплом лекара ў Марбургскім універсітэце.

«Пасля вайны многія беларусы, якія перабіраліся ў ЗША, з той нагоды, што тым ці іншым чынам былі далучаны да немцаў, баяліся праблем. Яўрэі зрабілі так, што нас пачалі называць нямецкімі калабарантамі.

А я нічога не баяўся, бо ведаў: мая біяграфія чыстая. Ніколі, ніводнага разу мяне не вінавацілі, што я быццам зрабіў штосьці благое для свайго народу. Калі даваў нямецкаму журналісту інтэрвію, сказаў наступнае: «З чортам кроўю падпішу дамоўленасць, каб толькі яны далі мне зброю, і я змог бы бараніць Беларусь», — пісаў Язэп Сажыч.



«Цікавая размова адбылася, калі мы ўжо заходзілі на карабель. Правяральшчык глядзіць у мой пашпарт і кажа:

«Хто Вы па нацыянальнасці?» — «Беларус». Той здзіўляецца: «Дык беларусы ж сталіся вольным народам, вяртайцеся на радзіму». Я не губляюся: «А я камуністаў не люблю». Мне ў лоб: «Ты што, — фашыст?» — «Чаму ж, я — дэмакрат». Той зарагатаў: «Тады, канешне, праходзь — будзеш у ЗША за нашую дэмакратычную партыю галасаваць». У той час пры ўладзе былі рэспубліканцы...»

У Амерыцы будучы прэзідэнт БНР працаваў анестэзіёлагам.

Пазней у Сажыча нарадзіўся сын Юзік, якому было наканавана стаць пратэстанцкім місіянерам.

«Прыехаўшы ў Дэтройт, адразу ж працягнулі нацыянальную справу»

«Ведаеш, чалавеча, калі б я не быў у Дэтройце, ніхто б там не ведаў, што такое Беларусь, і хто такія беларусы. Справу сваю мы рабілі шчыра, самааддана, самаахвярна.

Менавіта я заснаваў у Дэтройце праваслаўную парафію Святога Духа. Потым царкву напаткала бяда. Пра раскол у беларускім царкоўным жыцці сказана-пісана шмат, таму спыняць на ім увагу не буду. Скажу адно: я заўсёды падтрымліваў беларускую аўтакефалію. Яна, а не вуніяцтва, мусіць быць нашай нацыянальнай рэлігіяй», — лічыў Язэп Сажыч.

З 1982-га – старшыня Рады БНР

Язэп Сажыч з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам – старэйшым
         Я.Сажыч з прэзідэнтам ЗША Д.Бушам – старэйшым, 1991 г. Фота radabnr.org

«Шчыра кажучы, я не збіраўся займацца палітыкай. Аднак у 1982 г. мяне нечакана абралі на пасаду старшыні Рады БНР», — прызнаваўся спадар Язэп.  

«Хоць былы старшыня Вінцэнт Жук-Грышкевіч мяне не любіў, галасы за мяне падалі 70% дэлегатаў. Раней Жук-Грышкевіч зрабіў мяне сакратаром па справах ветэранаў, заўсёды казаў, што палітычна я — непісьменны.

Пісьменны, непісьменны, але ж кіраваў 15 гадоў. Час майго кіравання хтосьці ахрысціў «брэжнеўскім застоем», але, паверце, гэта хлусня».

Галасаваў супраць Івонкі Сурвілы

«Калі сыходзіў, галасаваў супраць цяперашняй старшыні Івонкі Сурвілы, і яна пра гэта ведае — хацеў, каб маё месца заняў Рагуля.

Калі яе выбралі, я сказаў: «Івонка, будзеш нашай Маргарэт Тэтчар»



Лічу, што яна добра кіруе справамі: усюды піша, прамаўляе»

У 1993 годзе Язэп Сажыч прыязджаў на святкаванне 75-годдзя БНР


«Ніколі не забуду гэтага гістарычнага моманту: я раблю прамову перад трыма тысячамі чалавек, усе скандуюць «Жыве Беларусь!» — і ў мяне цякуць слёзы...

Ездзіў тады і ў Вільню, дзе адбыўся заклад магілы братоў Луцкевічаў. І ў Беларусі, і ў Літве за мной бегала прэса, усё пытала пра БНР. Я адказваў коратка: «Калі б не БНР, не было б БССР. Калі б не было БССР, не было б незалежнай Беларусі». Вось так, братка.

Спаткаўся з нашымі адметнымі дзеячамі. Напрыклад, з Пятром Краўчанкам у добрым рэстаране пілі каньяк, з мітрапалітам Філарэтам. Апошні, дарэчы, абяцаў, што з цягам часу абавязкова пяройдзе на беларускую мову...

Антыбеларускасць — страшэннае гора сучаснай Беларусі. Лукашэнка — хітры і здольны палітык. І сярод апазіцыі я сёння не бачу такіх жа здольных ды хітрых. Але ж, нягледзячы ні на што, Беларусь мусіць адрадзіцца», — пісаў Язэп Сажыч напрыканцы жыцця.

Ён памёр 19 лістапада 2007 году, ва ўзросце 90 гадоў, у Saint Clair Shores, штат Мічыган. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША).