Беларускія паэты Анатоль Вярцінскі і Валерыя Кустава наведалі Полаччыну па запрашэнні суполкі “Рубон” Наваполацкай гарадской арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” 14 студзеня.
Агулам на трох імпрэзах прысутнічала больш за 250 чалавек.
Дзякуючы суполцы “Рубон” аматары паэзіі атрымалі ў падарунак кнігі паэзіі Валерыі Куставай і Анатоля Вярцінскага. Тыя ж, хто прапанаваў найцікавейшую версію на пытанне В. Куставай “Што можна рабіць па-беларуску?”, атрымалі ў падарунак модныя кашулькі і торбачкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”
В. Кустава: “Нас са спадаром Анатолем прыемна ўразіў цёплы прыём у Полацку і Наваполацку – вельмі гасцінныя людзі, якія сапраўды нераўнадушныя да беларускай культуры і беларускіх паэтаў: настаўнікі і вучні ведалі не толькі нашыя біяграфіі, але і вершы на памяць. Было вельмі прыемна выступаць перад старшакласнікамі абедзвюх гімназіяў – дзеці слухалі ўважліва, задавалі шмат пытанняў, жыва рэагавалі на паэзію і гісторыі з літаратурнага жыцця, якімі мы з імі дзяліліся. У бібліятэцы прысутныя слухачы былі ўжо больш сталага веку… Зрэшты, сярод іх былі і навучэнцы ПТВ, і студэнты Полацкага універсітэта, выкладнікі і проста аматары прыгожага пісьменства. Асабіста мне падалося, калі меркаваць па рэакцыі залі, што ў сэрцах гледачоў знайшлі водгук не толькі вершы, але і саснёная мной песня “Жытачка”, якую я выканала акапэльна”.
Традыцыйным на ўсіх трох выступах стала тое, што першым браў слова класік беларускай літаратуры Анатоль Вярцінскі, які пасля дасціпных гісторый і чытання вершаў прадстаўляў творчасць Валярыны, якую, паводле словаў пісьменніка, ён яшчэ ў 12 гадоў пасля Алеся Разанава і Васіля Жуковіча блаславіў на творчы шлях сваёй прадмовай да яе нізкі вершаў у часопісе “Полымя”.
Імпрэзы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Аўтары фота – Зміцер Шчэрбік і Яна Шаўчэнка.
Тэгі: Наваполацк, Полацк