Урачыстае адкрыццё V Мінскай міжнароднай выставы графікі «Арт-лінія»

23.03.2012 Афіша

28 сакавіка а 17-й гадзіне ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё V Мінскай міжнароднай выставы графікі «Арт-лінія».

У чарговы раз праект «Арт-лінія» пацвярджае свой статус адной з    найбольш прадстаўнічых выставак графікі ў краіне. Сёлета праект збярэ пад сваім крылом творы мастакоў-удзельнікаў з больш чым дзесяці краін СНД і свету (Беларусь, Расія, Украіна, Таджыкістан, Кыргызстан, Казахстан, Польшча, Бельгія і інш.).

Адной са складовых частак пятай «Арт-лініі» стане выстаўка твораў мастакоў-удзельнікаў творчых майстэрняў «Сенеж» (Расія), якія доўгі час  узначальваў народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі мастацтваў Георгій Паплаўскі. У доме творчасці «Сенеж», дзе калісьці пісаў свае палотны І. Левітан, стажыраваліся прафесійныя мастакі з усяго былога Савецкага Саюза. Увазе публікі будуць прадстаўлены творы  ўдзельнікаў майстэрняў 70-х гг. з прыватнай калекцыі Леаніда і Ніны Марчанкаў.

Традыцыйна ў межах праекта будзе дэманстравацца рэтрапраграма, якая ўключае творы еўрапейскіх класікаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Сёлета рэтрапраграма прадставіць калекцыю эстампаў бельгійскага мастака-сімваліста Фелісьена Ропса. «Арт-лінія» мае на мэце пазнаёміць гледача з невядомым бокам творчасці майстра, які ўключае партрэты, этнаграфічныя выявы і інш.

Побач з творамі сталых і прызнаных майстроў будуць экспанавацца работы  маладых графікаў, студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Выстава “Арт-лінія” павінна раскрыць новыя перспектывы графікі, яе вялікі патэнцыял, здольнасць пастаянна абнаўляцца, адкрываць магчымасці для пошуку і эксперыментаў; акрэсліць сённяшні стан графікі, яе месца ў творчасці сучасных мастакоў Еўропы; пасадзейнічаць усталяванню творчых кантактаў.

Выстава будзе працаваць да 10 мая 2012 года.

Тэл. для даведак: 293-27-67, 293-28-23
Прасп. Незалежнасці, 116, 2-гі паверх