Вадохрышча: як адзначыць без купання ў палонцы

Вадохрышча (Хрышчэнне, Кшчэнне) — завяршэнне Калядаў. Хрысціянскі сэнс свята — хрышчэнне Божага сына на рацэ Ярдан. Таму палонкі на любым вадаёме ў гэты дзень прынята называць «ярданямі».


254.jpg

У дахрысціянскія часы гэтае свята ўвасабляла культ вады, веру ў яе цудадзейную і жыццядайную моц.

Шмат рытуальных і абрадавых дзеянняў было звязана з вадой: яе збіралі ў трох (а лепш — у сямі) крыніцах, асвячалі на месяцовым святле ці ў храме, апырсквалі ёю хатнюю жывёлу, садовыя дрэвы. Самыя адважныя купаліся ў палонцы. Прычым рабілі гэта да ўзыходу Сонца. 

Калі ў вас побач няма вадаёма ці вы не вельмі хочаце занырваць у асвячоную палонку пры царкве, мы падкажам, як можна адсвяткаваць Вадохрышча без «ярдані».

1. Прыборка

Так, без гэтага элемента не абыходзіцца, бадай, ні адно традыцыйнае свята. Перад тым, як адзначаць нешта, варта прыбрацца: і ў сваёй фізічнай прасторы (пакой, дом, працоўнае месца), і ў ментальнай (думкі, настрой, стан душы). 

Калі няма сіл і часу на генеральную прыборку ўсяго дома, навядзіце парадак хаця б у сваім ванным пакоі: вынесіце адтуль усё смецце, пратрыце краны, ракавіну, люстэрка.

З парадкам у думках бывае больш складана. Адвядзіце для сябе 10–20 хвілін і проста глыбока падыхайце, спакойна выпіце кубачак гарбаты. Штосьці можна выпісаць у дзённік, некаторым думкам сказаць: «А пра гэта я падумаю заўтра».
Ад панылых думак і журботнага настрою дапаможа шпацыр па свежым паветры. Абавязкова — свядомы. Гэта значыць, шпацыруючы, вы поўнасцю аддаеце сябе гэтаму занятку: заўважаеце ўсё навокал, чуеце сваё цела, дыхаеце на поўныя грудзі. Калі няма такой магчымасці, варта зрабіць некалькі фізічных практыкаванняў альбо энергічна патанчыць.

2. Вада

255.jpg
Крыніца: vikna.tv

Гэта галоўная «гераіня» гэтага дня. Яна мусіць быць ушанаваная. Няма магчымасці назбіраць вады з трох — сямі крыніцаў і пасвяціць у царкве? Не бядуйце! Напоўніце некалькі ёмістасцей і вынесіце іх на ноч пад адкрытае неба.

Калі няма і такой магчымасці, проста наліце 3–7 (можна рознакаляровых) шклянак вады і пастаўце на падаконне пад месяцовае святло. Адчыніце фортку, каб вулічнае паветра «дакранулася» да вашай вады (заадно і ў пакоі праветрыцца). 

Зранку ў вас будзе цудадзейны сродак: можна піць (канечне, калі вы бралі чыстыя ваду і посуд), умывацца, сімвалічна апырскваць хатніх гадаванцаў і пакаёвыя расліны.

А ўвогуле можна паразмаўляць з вадой. Папрасіць яе ачысціць вас, пазбавіць ад хваробы (любога негатыву), а таксама надаць вам сілы, мудрасці, поспеху для вырашэння важных спраў. Ды проста памаліцца. Паверце, у такі знакавы дзень вада абавязкова адгукнецца на вашу шчырую просьбу.

3. Рытуальная вячэра

253.jpg
Крыніца: www.facebook.com

Напярэдадні Вадохрышча — Вадзяная куцця. Строга рэгламентаваных страў (як і іх колькасці на стале) няма. Хіба што абавязковай лічыцца непасрэдна куцця (каша з цэльных альбо тоўчаных круп, да якой дадаецца поліўка: мёд, разведзены вадой, ці алей). 

На вадзяную (як і на Вялікую — першую) куццю перавага аддаецца посным стравам: гародніна, гарох, грыбы, бліны ці аладкі, селядзец. У некаторых рэгіёнах з цеста выпякалі крыжыкі і елі іх, каб быць дужымі увесь год. Паспрабуйце і вы!

4. Варожбы

У нашых продкаў на Вадохрышча было прынята не толькі купацца ў палонцы. У гэты дзень выконвалі шмат «магічных» дзеянняў для забеспячэння добрага ўраджаю і прыплоду скаціны.

Напрыклад, часалі лён, каб такімі ж гладкімі былі цяляты. Калі ў вас ёсць ваўняныя гадаванцы, вычашыце іх. Можна таксама правесці аромарасчэсванне для дзетак ці каханых.

Дзяўчаты варажылі на будучага мужа — з куццёй у роце выбягалі на дарогу і запытвалі імя ў першага, хто трапляўся. Альбо лічылі калы ў плоце: «кол, каліца» — калі скончацца на калу, чакае шлюб.

256.jpg
Крыніца: haradok.info

Бегаць з кашай у роце сёння не варта, ды й плыты з каламі ў горадзе цяжка адшукаць. Але можна стварыць для сябе пэўныя сімароны (смешныя рытуалы). Напрыклад, даслаць фота куцці, якую зварылі для вячэры, усім сваім кантактам супрацьлеглага полу. Хто першы адгукнецца — такое імя ў вашай другой палавінкі.

5. Сустрэчы

Звычайна такія вячэры ладзілі ў сямейным коле. Але не выключаліся і стасункі з іншымі сваякамі ды сябрамі. Падумайце, каго вы б хацелі пабачыць, і, па магчымасці, запрасіце іх на вячэру альбо сумесны шпацыр (да бліжэйшай палонкі). Вазьміце на сустрэчу па бутэлечцы вады — «абмыйце» вашыя стасункі! Калі з’явілася нейкае напружанне, непаразуменне, у гэты святочны дзень можна яго проста змыць.

А ўвогуле ўсе святочныя дні — гэта яшчэ і нагода скінуць напружанне і стому ад руцінных штодзённых клопатаў. То не губляйце такой магчымасці — стварыце атмасферу рэлаксу для сябе, у першую чаргу. Астатнія — падцягнуцца!

Радуйцеся кожнаму дню і будзьце на пазітыве!

Ева Вятрыскіна, budzma.org