Сяржук Загорны піша на budzma.by пра магчымы ваенны канфлікт паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Тайванем, які можа перарасці ў самую сапраўдную сусветную вайну.
Учора, 10 кастрычніка, адзначаліся 110-я ўгодкі Сіньхайскай рэвалюцыі, якая скінула дынастыю Цын і паставіла тлустую кропку ў тысячагадовай гісторыі манархіі ў Кітаі. Святкавалі і ў Пекіне, і ў Тайбэі. Бо і кітайскія камуністы, і кітайскія капіталісты вядуць свае вытокі менавіта ад гэтай падзеі. І там, і там аднолькава паважаюцца тры прынцыпы доктара Сунь Ятсена, лідара і стваральніка партыі Гаміньдан: нацыяналізм, дэмакратыя і народны дабрабыт.
Урачысты сход, прысвечаны 110-годдзю рэвалюцыі 1911 года, у Вялікім Народным зале ў Пекіне. Фота: en.cppcc.gov.cn
Усё б нічога, але лідар кантынентальнага Кітаю таварыш Сі Цзіньпін у чарговы раз заявіў, што Кітай верне сабе Тайвань, але зробіць гэта мірным шляхам. Тайбэй у сваю чаргу заклікаў Пекін адмовіцца ад прымусовых захадаў і заявіў, што ў выпадку агрэсіі будзе абараняцца. Даўні канфлікт пачаў разгарацца наноў.
Рэч у тым, што пасля сакрушальнай паразы ў крывавай грамадзянскай вайне 1927–1950 гадоў, кіраўніцтва і прыхільнікі партыі Гаміньдан былі вымушаныя збегчы на Тайвань. Фактычна нацыяналісты кантралявалі і працягваюць кантраляваць толькі некалькі выспаў, але да 1970-х гадоў менавіта іх прызнавалі законнай уладай усяго Кітаю. Менавіта за імі было замацаванае і месца ў ААН. Камуністы ў сваю чаргу разглядаюць гэтыя тэрыторыі як сваю правінцыю.
Кіраўніцтва КНР прапануе палітыку «адна краіна, дзве сістэмы», згодна з якой Тайваню абяцаны аўтаномны статус у выпадку вяртання ў склад КНР. Тайваньскія ўлады настойваюць на працягу так званай палітыкі «двух дарог», калі кожная з краінаў развіваецца сваім шляхам. Але тым не менш апошнія час ад часу робяць саступкі — так, многія афіцыйныя назвы былі зменены з «Кітая» на «Тайвань». Напрыклад, назва цэнтральнай тайваньскай газеты China Post была зменена на Taiwan Post.
Цікавы той факт, што на Тайвані партыя Гаміньдан даўно ўжо не знаходзіцца пры ўладзе. Нацыяналісты зараз у жорсткай апазіцыі да кіроўнай Дэмакратычнай партыі, якая хоча аб’явіць незалежнасць выспы ад кантынентальнай дзяржавы. У выпадку, калі гэта адбудзецца, то войскі КНР пачнуць уварванне на Тайвань з мэтай далучэння выспы.
Але насамрэч прыземленых прычынаў для магчымай вайны паміж кантынентам і выспай куды болей.
Пекін перасцерагае Тайвань ад любых спробаў дамагчыся незалежнасці. Фота: BBC News
Небяспека ўзброенага канфлікту ў Тайваньскім праліве зараз самая высокая за апошнія 40 гадоў, заявіў на мінулым тыдні міністр абароны Тайваня. У сваёй заяве ён адзначыў, што вайна можа пачацца з-за якой-небудзь выпадковасці. Гаворка пра тое, што Пекін апошнім часам накіроўвае вельмі шмат баявых самалётаў у зону супрацьпаветранай абароны Тайваня. І хаця яны не далятаюць да самой выспы, ракавы стрэл з любога боку можа стаць пачаткам адкрытага супрацьстаяння.
Таксама тайваньскі міністр выказаў здагадку, што КНР плануе ўварванне на Тайвань на 2025 год. Паводле яго, Пекін тэхнічна гатовы ўжо сёння, але ў найбліжэйшай будучыні зможа зрабіць гэта з большай лёгкасцю. Міністр не патлумачыў, на чым заснаваны яго прагноз. Імаверна, што гаворка ідзе пра амерыканскія дадзеныя і прагнозы, якія з’явіліся летам гэтага года.
Паводле іх Пентагон мяркуе, што Кітай у бліжэйшы час не рыхтуе ўварвання на Тайвань, але ўсё яшчэ прыкладае істотныя намаганні па нарошчванні паветраных, сухапутных і марскіх сілаў, якія могуць спатрэбяцца для захопу выспы. Пра гэта ў свой час заявіў старшыня Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў, генерал арміі ЗША Марк Мілі, выступаючы ў Кангрэсе.
Амерыканскі генерал лічыць, што ўлады КНР могуць паспрабаваць захапіць Тайвань да 2027 года, калі будзе адзначацца сто гадоў Народна-вызваленчай арміі Кітая, заснаванай у жніўні 1927 года. Мілі адзначыў, што пагроза для Тайваня «праявіцца ў гэтым дзесяцігоддзі, фактычна ў бліжэйшыя 6 гадоў».
Армія Тайваня налічвае каля 300 тыс. Вайскоўцаў. На фота - танкі M60A3 на манеўрах 16 верасня 2021 года. BBC News
Эканамічнае ператварэнне Кітая з адной з самых бедных краін у свеце ў адну з самых багатых, прывяло і да істотнага павелічэння абарончага бюджэту краіны. Таксама за апошнія два дзесяцігоддзі ўлады краіны правялі серыю рэформ з мэтай зрабіць кітайскія ўзброеныя сілы супастаўляльнымі заходнім. Так, напрыклад, адбылося скарачэнне войска і павелічэнне бюджэту ваенна-марскіх і ваенна-паветраных сіл. Агулам абарончы бюджэт краіны павялічваецца прыкладна на 6 працэнтаў кожны год. Увесь гэты час Кітай робіць упор на сілы, якія могуць быць выкарыстаны за межамі краіны.
У Popular Mechanics прагназуюць, што бітва за Тайвань можа пачацца не ў 2027-м, а ў 2035-м. На думку выдання, да гэтага часу Пекін будзе больш падрыхтаваным для вядзення ваенных дзеянняў, у прыватнасці для дэсантавання праз праліў, які падзяляе мацярык і востраў. Тым не менш, у кіраўніцтва Кітая ёсць вельмі важкі чыннік быць гатовым да вайны і магчымага ўварвання. Кітай неаднаразова папярэджваў, што абвяшчэнне тайваньскай незалежнасці пацягне за сабой ваенныя дзеянні. Калі гэта адбудзецца, і Кітай не будзе гатовы да ўварвання, гэта можа падарваць давер да кіруючай камуністычнай партыі Кітая.
Іншае амерыканскае выданне 19Fortyfive сцвярджае, што суперніцтва Кітая і ЗША можа прывесці да двух новых сусветных войнаў.
У прыватнасці, Кітай і ЗША могуць распачаць узброены канфлікт з-за Тайваня, бо амерыканцы абавязаліся падтрымаць Тайвань у выпадку ўварвання.
«Нават калі Кітай пераможа ў кампаніі за Тайвань, гэта не выкараніць фундаментальныя супярэчнасці са Злучанымі Штатамі», – адзначыў палітолаг Роберт Фарлі. Пры гэтым падтрымка ЗША не прымусіць Пекін адмовіцца ад ідэі ўз'яднання.
Фарлі адзначыў таксама, што «складана прадбачыць рэакцыю дзяржаў Азіі на ваенны поспех кітайскай арміі, можна меркаваць, што пасля гэтай падзеі такія краіны, як В'етнам, Японія і Паўднёвая Карэя, будуць імкнуцца да больш цеснага саюза з Вашынгтонам».
«Супрацьстаянне Пекіна і Вашынгтона, хутчэй за ўсё, не скончыцца адным вырашальным сутыкненнем, а прывядзе да серыі войнаў», – рэзюмуе палітолаг.
Эксперт таксама падкрэсліў, што любы ваенны канфлікт у Ціхім акіяне прывядзе да вялікай катастрофы з-за разбурэння інфраструктуры паміж Азіяй і Амерыкай.
Сяржук Загорны, budzma.by