На тэрыторыі Пішчалаўскага замка (былы следчы ізалятар № 1) плануецца захаваць пяць будынкаў, паведаміў 24 сакавіка дырэктар КУП «Мінская спадчына» Аляксандр Кохан падчас аператыўнай нарады ў Мінгарвыканкаме, піша pozirk.online.
Фота: «Позірк»
Паводле яго слоў, якія перадаюць дзяржСМІ, «адзінаму замку» ў Мінску сёлета спаўняецца 200 гадоў, адносна яго рэканструкцыі «быў праведзены шэраг комплексных навуковых даследаванняў». «Архітэктурна-планіровачная канцэпцыя» ўзгоднена, сказаў Кохан.
На ніжніх паверхах згаданых будынкаў, дадаў ён, «плануецца размясціць аб’екты грамадскага харчавання, аператарамі якіх выступяць дзяржаўныя прадпрыемствы».
На іншых паверхах, паводле яго слоў, «мяркуецца размясціць адміністрацыйныя памяшканні».
Акрамя гэтага, праект рэканструкцыі комплексу прадугледжвае «пляцоўку для культурна-масавых мерапрыемстваў».
Раней паведамлялася, што 2 жніўня 2024 года з удзелам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова адкрыўся новы комплекс будынкаў СІЗА № 1 упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Мінску і Мінскай вобласці.
Комплекс размяшчаецца на тэрыторыі прысталічнай прамысловай зоны «Калядзічы» каля вёскі Пашковічы ў Мінскім раёне.
У новы комплекс СІЗА пераехала ў красавіку таго ж года з Пішчалаўскага замка на вул. Валадарскага ў Мінску (адсюль неафіцыйная назва «Валадарка»).
Многія гады на «Валадарцы» ўтрымліваліся грамадзяне, якіх рэжым Лукашэнкі пераследваў па палітычных матывах.