Моладзевае грамадскае аб’яднанне “Гісторыка” запрашае на валанцёрскі летнік у в. Уселюб Наваградскага раёна. Фронт працы – дабраўпарадкаваанне старых каталіцкіх могілак (пахаванні XIX ст.), дапамога па аднаўленню капліцы-усыпальніцы графаў О’Руркаў, збор вусных гістарычных звестак пра Уселюб сярод мясцовых старажылаў.
Вёска Уселюб (альбо Усялюб) Наваградскага раёна з’яўляецца традыцыйным месцам правядзення валанцёрскіх летнікаў МГА “Гісторыка”. Гэта невялікае паселішча мае сваю багатую гісторыю, якая цягнецца ажно з XV ст. У гэтай вёсцы знаходзіцца самы стары з захаваўшыхся ў Беларусі каталіцкіх храмаў -касцёл Св. Казіміра, на тэрыторыі якога знаходзяцца старажытныя каталіцкія могілкі, а таксама праваслаўная царква Св. Арханёла Міхаіла ( другая палова XIX ст.) і сядзібна-паркавы комплекс графаў О’Руркаў (будынак сядзібы знішчаны пажарам у 2012 г.).
У 2010 і 2011 гадах МГА “Гісторыка” пры падтрымцы мясцовага касцёла ўжо праводзіла ва Уселюбе валанцёрскія летнікі, быў зроблены вялікі кавалак працы па добраўпарадкаванні пахаванняў. Фірмовай рысай усіх летнікаў стала асаблівая атмасфера сяброўства, узаемадапамогі і добрага настрою. Па водгуках ранейшых удзельнікаў уселюбскі летнік дапамагае адчуць, што старажытныя могілкі гэта месца не столькі смутку, колькі памяці аб людзях, аб іх эпохах і жыцці, дапамагае адчуць сваю сувязь з гісторыяй, таму праца ў такіх месцах прыносіць вялікае маральнае задавальненне і стварае ўзнёслы настрой.
Дзе?
Вёска Уселюб Наваградскага раёна Гродзенскай вобласці
Калі?
З 16 па 29 ліпеня (можна быць не ўвесь тэрмін, а індывідуальна абраць колькасць дзён, якія вы правядзеце на летніку)
Як дабрацца?
Уселюб мае рэгулярнае аўтобуснае злучэнне з Наваградкам, таксама адзін раз на дзень ходзіць аўтобус з Мінску (падрабязны расклад будзе вывешаны бліжэй да даты летніку). Зручна дабірацца аўтастопам.
Што робім?
Даследча-рэканструктарская праца на капліцы, прыборка могілак, ландшафны дызайн (расстаўляем на месцы паваленыя надгробкі, ссякаем дрэўцы, косім траву сякерай касой альбо трымерам).
Умовы пражывання
Жывем у гістарычным будынку плябані – доміку ксяндза – у цывільных умовах ( з гарачай вадой і ўсімі ўтульнасцямі)
Пры сабе акрамя асабістых рэчаў варта мець уласныя працоўныя пальчаткі, а таксама тое, на чым спаць (спальнікі, дыванкі, падушкі, ёсць магчымасць размясціць невялікую частку людзей наложках і канапах, таму варта ўзяць уласныя прасціны).
Прыязжай да нас на летнік і не забудзься на сякеру! (жарт, на месцы дадзім)))
Кантакты:
+375295043114 (Таша)