У маёй краіне вайна
У маёй краіне вайна.
Кроў на душах,
кроў на сьнягах.
І балюча нават у снах.
Ад таго і сноў больш няма.
У маёй краіне вайна.
З ночы і
ажно давідна.
І ніяк ня сыйдзе зіма,
і ніяк не пачнецца вясна,
бо ў маёй краіне вайна.
Гэткіх зімаў ня помніць ніхто.
Не было шчэ жалезнай зімы.
Каб сьняжынкі лавілі ў сіло.
Каб, як турмы, стаялі дамы.
І на голы лес гром упаў.
Быць бядзе, браце, быць бядзе.
Той хто шчасьця свайго ня знаў,
той чужое сабе ўкрадзе.
Пасярод краіны сьцяна,
за сьцяною з табою мы –
пілігрымы тае вайны –
прычакаем канец зімы.
Ці прыйдуць яны за табой…
Быў шанец сысьці
з крывёю
меншай…
Ня выпапала.
Вайна забірае найлепшых.
Б’е ў дыхала іх.
Ці прыйдуць яны за табой,
хлопчык мой…
мілы мой.
Як іх трымае зямля,
дзяўчынка мая…
мілая.
І гэта ўжо ненармальна,
калі ты мне сьнішся штоночы.
Было б ідэальна
сустрэцца
жывымі
аднойчы.
Бог і любоў з табою.
Шанец утоплены ў Леце.
Сумна, трывожна да болю
у беларускім сьвеце.
Ці прыйдуць яны за табой,
хлопчык мой…
мілы мой.
Як іх трымае зямля,
дзяўчынка мая…
мілая.
___________
Пра аўтара:
Валерыя Кустава – паэт, эсэістка, вядомая таксама як Валярына, нарадзілася ў Менску. Скончыла музычную школу па класе скрыпкі, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Літаратурная работа” (2007), магістратуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці “Мастацтвазнаўца”. Магістр мастацтвазнаўства (2008). Аўтар трох кніг вершаў: “Кроў Сусвету” (1996), “Каб неба сагрэць…” (2004), “Тамсама” (2006). Лаўрэат прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф” у галіне Паэзіі (2009). Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў (2004) і Беларускага ПЭН-цэнтру (2009). Жыве ў Менску.