Валярына Кустава і Алесь Камоцкі выступілі ў мінскіх бібліятэках на працягу 16–17 лютага.
16 лютага ў бібліятэцы №7, а 17 лютага – у бібліятэцы №4 Валярына Кустава і Алесь Камоцкі зладзілі творчыя сустрэчы. На сустрэчах прысутнічалі школьнікі, настаўнікі і супрацоўнікі бібліятэк.
В.Кустава: “Так сталася, што на абодвух выступах мы з Алесем шмат успаміналі і расказвалі дзецям пра Рыгора Барадуліна, – шмат цяпер пра яго думаем, бо ён знаходзіцца ў шпіталі. Дай Бог яму здароўя! Алесь некалькі альбомаў песняў з ім напісаў, шчыльна сябруе, а для мяне дзядзька Рыгор быў хросным маёй другой кнігі і ўвогуле ёсць чалавекам, якім я захапляюся. Выступаць на адной сцэне з Алесем мне заўжды прыемна, а дуэтам – і пагатоў!”
Алесь Камоцкі: “На апошняй сустрэчы настаўнікі проста завалілі пытаннямі. Не думаў, што настаўнікі цікавяцца паэзіяй, думаў, што толькі педагогікай. Прыемна здзівіла мяне гэтая сустрэча”.
В.Кустава: “Таксама са школьнікамі мы развучвалі новыя для іх адмысловыя беларускія словы, праводзілі конкурсы, разам разважалі пра музыку і паэзію…”
Выступы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”