Напярэдадні гадавіны народзінаў паэта запрашаем наведаць з намі некаторыя мясціны, звязаныя з дзяцінствам ды юнацтвам Адама Міцкевіча, перыядам станаўлення асобы творцы. Такім чынам, сёння скіруемся на старажытную Наваградчыну, наведаем месца нараджэння Міцкевіча, колішні маёнтак Завоссе, касцёл, дзе быў ахрышчаны будучы паэт, будынак дамініканскага кляштара ў Наваградку, дзе вучыўся, сядзібу, дзе жыў у юнацтве, месца сустрэчы з сябрамі па Таварыстве філарэтаў, выбітнымі культурнымі дзеячамі свайго часу, і іншыя цікавосткі.
Фота: Адам Міцкевіч, дагератып 1842 г.
Завоссе
Найперш прапануем завітаць да месца нараджэння Адама Міцкевіча, у фальварак Завоссе. Насамрэч пра месца нараджэння паэта па сёння спрачаюцца даследчыкі, ці быў то Наваградак, ці Завоссе, ці прыдарожная карчма паміж, але ж тут будзем прытрымлівацца кананічнай версіі і пачнем наш шлях з Завосся. Сядзіба Міцкевічаў і комплекс прысядзібных пабудоваў у Завоссі былі адноўлены адносна нядаўна, каля дваццаці год таму. Аўтэнтычныя будынкі тут былі знішчаныя пажарам падчас Першай сусветнай вайны. Аднавіць іх дапамаглі малюнкі Напалеона Орды і Эдварда Паўловіча.
Фота: Завоссе, Напалеон Орда
Бацькі Адама Міцкевіча, Мікалай і Барбара, перасяліліся ў Завоссе незадоўга да нараджэння паэта. Праз некалькі гадоў сям’я пераехала ў Наваградак, маёнтак здалі ў арэнду, пазней ён дастаўся сваякам. Але Адам і ў юнацкія гады бываў тут. У сваякоў Адама была вялікая сям’я, таму Міцкевіч, наведваючы Завоссе, спыняўся не ў сядзібным доме, а ў лямусе. Лямус у незаможнай шляхты быў адначасова і каморай для харчоў ды прыладаў працы, і летнім жытлом. Жылы пакой рабілі звычайна на другім паверсе, тут, як і ў ранейшыя часы, цяпер стаяць ложак, стол, дарожны куфэрак і іншыя рэчы.
Фота: planetabelarus.by
Сёння ў адноўленых будынках размяшчаецца музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе». Наведаць музей можна з 10 да 18 гадзін штодня, апроч панядзелка. Варта звярнуць увагу, што ў першую сераду кожнага месяца ўваходны квіток можна набыць за палову кошту. Усю інфармацыю аб музеі можна знайсці тут. Сядзібны дом стаіць роўна на старым месцы — падчас археалагічных працаў пачатку 1990-х знайшліся ягоныя падмуркі. Асобнай вітрынай у музеі выстаўленыя некаторыя побытавыя рэчы, знойдзеныя падчас раскопак.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Туганавіцкі парк
Наступны пункт нашага маршруту ў свой час знітоўваў лёсы шматлікіх гістарычных постацей ХІХ стагоддзя. Туганавіцкі парк — усё, што захавалася ад колішняга маёнтка Туганавічы — родавага маёнтка Верашчакаў, з якога паходзіла каханая Адама Міцкевіча Марыля, брат якой Міхал быў сябрам Таварыства філарэтаў Віленскага ўніверсітэта, прадстаўнікі якога неаднаразова наведваліся ў Туганавічы.
Туганавічы, Напалеон Орда
Малады Міцкевіч, каб пабачыцца з Марыляй, ездзіў у Туганавічы з роднага Завосся, дзе гасцяваў у сваякоў. У Туганавіцкім парку была альтанка, так званая калыска казання, у выглядзе высаджаных па коле шасці стогадовых ліпаў, дзе сустракаліся Адам і Марыля.
Фота: planetabelarus.by. Месца, дзе была альтанка ў Туганавіцкім парку
Маёнтак у Туганавічах — яшчэ адзін прэтэндэнт на прататып Сапліцова ў творы «Пан Тадэвуш». Туганавічы маляваў Напалеон Орда, фатаграфаваў Ян Булгак, дзякуючы ім мы можам уявіць, як выглядаў сядзібны дом Верашчакаў, які згарэў па Першай сусветнай вайне. Сёння ад былой велічы можна пабачыць толькі рэшткі прысядзібнага парку.
Фота: planetabelarus.by
Камень філарэтаў
Тут жа, на тэрыторыі Туганавіцкага парку, ля вёскі Карачова ва ўрочышчы Кут варта наведаць Камень філарэтаў. Акрамя таго, што гэта самы вялікі валун у Берасцейскай вобласці, ён вядомы тым, што каля яго збіраліся студэнты Віленскага ўніверсітэта, чальцы Таварыства філарэтаў, сярод якіх быў і Адам Міцкевіч, які часта гасцяваў у Верашчакаў. Магчыма, тут Міцкевіч і сябры Тамаш Зан, Ян Чачот, Ігнат Дамейка, Юзаф Яжэўскі, Францішак Малеўскі і інш. складалі прысягу адданасці ідэалам свабоды, братэрства і незалежнасці.
Фота: planetabelarus.by
Міхась Карпук «Ля Каменя філарэтаў». Фота: posmotrim.by
Варонча
Далей рушым да яшчэ аднога прататыпу Сапліцова з «Пана Тадэвуша», у вёску Варонча, дзе была сядзіба Юзафа Несялоўскага, апошняга наваградскага ваяводы, які напрыканцы ХVIII — пачатку ХІХ стагоддзя зрабіў Варончу адным з найбольш уплывовых мясцовых гаспадарчых і культурніцкіх цэнтраў. Адам Міцкевіч у творы «Пан Тадэвуш» узгадвае Юзафа Несялоўскага як заўзятага паляўнічага, які вывеў найлепшую ў Еўропе пароду ганчакоў, па якіх у Варончу прыязджалі адмыслоўцы з усяго Старога свету. У маёнтку функцыянавалі млын, сыраварня і вінакурня. Вінакурня працуе і сёння як філіял Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода. А сама сядзіба была знішчана ў 1943 годзе савецкімі партызанамі.
Варонча, сядзіба Несялоўскіх, Напалеон Орда
У Варончы перакрыжоўваліся лёсы шматлікіх асобаў, значных для гісторыі краю. У Варанчанскім касцёле быў хрышчаны сябар і паплечнік Міцкевіча паэт Ян Чачот і каханне ўсяго жыцця Адама Марыля Верашчака. Варта зазірнуць і на варанчанскія могілкі — значны шляхецкі некропаль, які захаваўся з ХVIII—ХІХ стагоддзяў, дзе пахаваныя бацькі Яна Чачота і блізкія сваякі Марылі.
Фота: polymia.by
Шчорсы
Вядома, што ў 1819 годзе паэт нейкі час жыў і працаваў над паэмай «Гражына» ў маёнтку яшчэ аднаго знакамітага шляхецкага роду Храптовічаў у Шчорсах. Тады Шчорсы належалі Адаму Храптовічу, сыну Яўхіма Літавора Храптовіча, аднога са стваральнікаў Адукацыйнай камісіі, міністра замежных спраў, канцлера ВКЛ. Ён і заклаў тут галоўную родавую рэзідэнцыю. На жаль, сядзібны дом быў разбураны падчас Першай сусветнай вайны, ад яго захаваліся только падмуркі.
Шчорсы, сядзіба Храптовічаў, Напалеон Орда
Недалёка ад палаца таксама быў пабудаваны двухпавярховы будынак бібліятэкі ў класічным стылі, які захаваўся да нашых дзён, варта, завітаўшы ў Шчорсы, яго пабачыць. У гэтым будынку Яўхім Літавор заснаваў прыватную бібліятэку, фондамі якой карысталіся прафесары Віленскага ўніверсітэта: тут захоўваліся больш за 6 тысяч выданняў кніг, старыя летапісы і рукапісы, геаграфічныя карты, перапіска Багдана Хмяльніцкага з польскімі гетманамі і іншыя артэфакты. Вядома, што наведваў бібліятэку і Адам Міцкевіч, а ягоны Сябар Ян Чачот у 1841–1846 гадах працаваў тут бібліятэкарам. Дарэчы, наваградскаму князю, мужу галоўнай гераіні свайго твора «Гражына» паэт даў імя Літавор, у гонар першага гаспадара сядзібы ў Шчорсах.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Наваградак
Касцёл Перамянення Пана
Далей рушым у Наваградак да самага старажытнага з захаваных там будынкаў — фарнага касцёла, узведзенага напрыканцы ХІV стагоддзя ў гатычным стылі па загадзе князя Вітаўта. Храм быў моцна перабудаваны ў ХVІІІ стагоддзі ў сціплым стылі сармацкага барока, у гэтым выглядзе ён захаваўся да нашых дзён.
Фота: planetabelarus.by
Менавіта ў гэтым касцёле 22 лютага 1799 года быў ахрышчаны Адам Міцкевіч. У адной з капліцаў храма знаходзiцца цудадзейны абраз Мацi Божай Наваградскай. Абраз з’яўляецца копіяй першай паловы ХVІІІ стагоддзя. Менавіта з гэтым абразам звязанае цудоўнае выратаванне Адама Мiцкевiча: калі ён маленькім выпаў з вакна і моцна пабіўся, ніхто не верыў у тое, што дзіця акрыяе. Напалоханая Барбара, маці Міцкевіча, з амаль нежывым сынам на руках пабегла маліцца да Маці Божай у фарны касцёл, і здарыўся цуд — хлопчык акрыяў.
Фота: budzma.org
Касцёл Міхаіла Арханёла
Яшчэ адзін наваградскі касцёл звязаны з іменем Адама Міцкевіча — Дамініканскі, сёння Міхаіла Арханёла. Тыповы барочны храм, пабудаваны ў 1724 годзе. Напачатку ХІХ стагодзя пры касцёле дзейнічаў дамініканскі кляштар, у школе пры кляштары і вучыўся Адам Міцкевіч.
Фота: budzma.org
Тут з 1809 года пачалося сяброўства з будучым паплечнікам паэта па паэтычнай, культурніцкай, асветніцкай, грамадскай дзейнасці, з Янам Чачотам, які ў той час пераехаў з бацькамі ў Наваградак з маёнтка Новая Мыш, які належаў ужо вядомаму нам Юзафу Несялоўскаму з Варончы.
Фота: budzma.org
Дом-музей Адама Міцкевіча
У цэнтральным парку Наваградка месціцца дом-музей Адама Міцкевіча. Комплекс будынкаў адноўлены на арыгінальных падмурках сядзібы і гаспадарчых пабудоў сям’і Міцкевічаў паводле старых фотаздымкаў. З часоў Міцкевіча ў аўтэнтычным выглядзе ў колішняй сядзібе захаваная толькі кухня. Кожная з 5 заляў музея ўвасабляе розныя перыяды жыцця паэта з дапамогай карцінаў, кніг, мэблі і іншых рэчаў — сучаснікаў паэта. З рэчаў, якія дакладна памятаюць Міцкевіча, тут варта звярнуць увагу на гадзіннік, які стаяў у яго пакоі ў Вільні, і на акуляры, што пэўны час належалі пісьменніку.
Фота: budzma.org
Фота: budzma.org
У фондах музея знаходзяцца 9 прыжыццёвых выданняў твораў Адама Міцкевіча, 120 старадрукаваных кніг, рукапісы. Варта звярнуць увагу на арыгінальнае выданне паэмы «Пан Тадэвуш» з аўтэнтычнымі малюнкамі мастака Міхала Эльвіры Андрыёлі — актыўнага ўдзельніка паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Такіх кнігаў было выдадзена не больш за 100 асобнікаў.
Фота: budzma.org
Наваградак, сядзіба Міцкевічаў, Напалеон Орда
Курган Міцкевіча
У міжваенны час у Наваградку склаўся своеасаблівы культ асобы Міцкевіча. Мясцовыя жыхары і турысты на месцы ніжняга замку насыпалі цэлы курган неўміручасці. Зямлю прывозілі са сваіх родных мясцінаў, некаторыя дасылалі яе поштай.
Фота: planetabelarus.by
Помнік Адаму Міцкевічу
Насупраць кургана варта звярнуць увагу і на помнік Адаму Міцкевічу, урачыстае адкрыццё якога адбылося 12 верасня 1992 г. падчас Міжнароднага свята ў гонар паэта. Аўтар помніка — беларускі скульптар Валяр’ян Янушкевіч.
Фота: budzma.org
Чамброва
З Наваградка рушым у бок вёскі Радагошча да колішняга маёнтку Чамброва (53°28’06.8"N 25°53’13.5«E), які не захаваўся да нашых дзён. Тут здымаўся першы польскі блокбастэр 1928 года «Пан Тадэвуш» паводле аднайменнага твора Адама Міцкевіча.
Фота: onebid.pl
Месца было абрана не выпадкова, бо шмат хто з даследчыкаў лічыць сядзібу ў Чамброва яшчэ адным з прататыпаў міцкевіцкага «Сапліцова». Міцкевіч часта бываў тут, ягоная маці Барбара Маеўская дапамагала па гаспадарцы тагачасным гаспадарам Узлоўскім, у прыватнасці, гаспадыні Анэлі. Пазней Анэля Узлоўская стане хроснай маці Адама Міцкевіча.
Чамброва, падчас здымкаў фільма «Пан Тадэвуш», 1928, Фота: muzeumetnograficzne.rzeszow.pl
Цікавы факт, што ў здымках прымалі ўдзел мясцовыя жыхары і тагачасны ды апошні гаспадар сядзібы Караль Карповіч. Падчас Другой сусветнай вайны Караль з сынам быў рэпрэсаваны НКУС, а сядзібу спалілі партызаны. Сёння ад сядзібнага комплексу засталіся крушні гаспадарчых пабудоваў і рэшткі парку. А на родавых могілках пару год таму была адноўлена каплічка, якую можам пабачыць сёння.
Фота: kimpress.by
Валеўка
У вёсцы Валеўка варта пабачыць адзін з самых старажытных драўляных храмаў Беларусі. Ён быў пабудаваны ў 1656 годзе з дрэва як Троіцкі касцёл пры кляштары дамініканаў у стылі барока. Пасля скасавання кляштара Расійскай імперыяй касцёл быў перададзены ўладамі праваслаўнай царкве. Апошняя перабудова храма адбылася ў 1870-х гг., з таго часу храм істотна не змяняўся, толькі ў міжваенны час да царквы была дабудавана трохузроўневая драўляная званіца. Менавіта ў гэтым храме бралі шлюб Адам і Зося — героі паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».
Фота: vedaj.by
Возера Свіцязь
Апошні пунктам нашай вандроўкі па мясцінах Міцкевіча прапануем зрабіць самае загадкавае возера Беларусі — Свіцязь. Возера размяшчаецца амаль у цэнтры Наваградскага ўзвышша, мае амаль ідэальна круглую форму ды мяккую і чыстую ваду. Шчыльным колам паабапал возера расце лес.
Фота: @homo.gradiens
Паводле паданняў, у ціхую ноч у возеры можна пабачыць брук зніклага горада, які належыў князю Тугану. Горад пайшоў пад ваду разам з жыхарамі, якія замест жыцця ў няволі абралі смерць. Гэтую легенду ўвасобіў у паэтычнай форме Адам Міцкевіч у адной са сваіх баладаў. Балады Міцкевіча «Рыбка», «Свіцязь», «Свіцязянка», сюжэт якіх заснаваны на народных беларускіх песнях і паданнях, прысвечаны гэтаму надзвычай прыгожаму і вартаму таго, каб яго пабачыць, куточку Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
ПЖ, budzma.org