Вандроўка шляхамі Францішка Багушэвіча

З нагоды 184-й гадавіны з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, грамадскага дзеяча, паэта, публіцыста, перакладчыка Францішка Багушэвіча прапануем узгадаць мясціны, звязаныя з жыццёвым і творчым шляхам Мацея Бурачка і Сымона Рэўкі з-пад Барысава. Наведаем будынкі, дзе нарадзіўся, жыў і працаваў пісьменнік, пабачым мемарыяльныя шыльды ды помнікі, усталяваныя ўдзячнымі нашчадкамі ў гонар айца-заснавальніка беларускай літаратуры. Маршрут пралягае праз 3 краіны: Беларусь, Літву і Украіну.


«Francišak Bahuševič». Partret bielaruskaha mastaka supolki «Pahonia» Valiancina Varaniščy
 «Францішак Багушэвіч». Партрэт беларускага мастака суполкі «Пагоня» Валянціна Варанішчы

Свіраны, Літва

Нарадзіўся Францішак Багушэвіч у фальварку Свіраны, што месціцца недалёка ад Вільні. Бацькі пісьменніка Казімір і Канстанцыя паходзілі з дробнай шляхты. Маёнтак Свіраны належаў продкам Францішка Багушэвіча па кудзелі, то-бок па лініі маці. Дзявочае прозвішча Канстанцыі было Галаўня.

Svirany, chata na miescy budynka, dzie naradziŭsia Francišak Bahuševič
Свіраны, хата на месцы будынка, дзе нарадзіўся Францішак Багушэвіч. Фота: bogushevich.home.blog

На жаль, будынак, дзе нарадзіўся паэт, да сёння не ацалеў. На тым месцы, дзе ён быў, пабудавана драўляная хата, якая належыць мясцовым жыхарам. У 2002 годзе неабыякавымі актывістамі на гэтым будынку была ўсталяваная мемарыяльная шыльда.

Svirany, šyĺda Francišku Bahuševiču
Свіраны, шыльда Францішку Багушэвічу. Фота: bogushevich.home.blog

Кушляны, Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць

Дом-музей Францішка Багушэвіча знаходзіцца ў вёсцы Кушляны. Тут часткова захаваўся маёнтак, які належаў продкам Францішка Багушэвіча па бацьку ажно з сярэдзіны XVIII стагоддзя. У гэты маёнтак у перыяд з 1841 па 1846 год пераехала сям’я Багушэвічаў з малым Францішкам і ягонымі трыма братамі: двума малодшымі і адным старэйшым.

Muziej-siadziba Franciška Bahuševiča «Kušliany»
Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча «Кушляны». Фота: strada.by

У колішняй сядзібе пісьменніка сёння функцыянуе музей, які адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у 1990-я гады. Сядзібны дом, дзе месціцца музей, Францішак Багушэвіч пабудаваў у сваім спадчынным маёнтку ў 1896 годзе і правёў у ім апошнія гады свайго жыцця. За савецкім часам маёнтак Кушляны быў перададзены калгасу, а ў сядзібным доме размясцілі мясцовую бібліятэку і сельскі клуб.

Muziej-siadziba Franciška Bahuševiča «Kušliany»
Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча «Кушляны»

Сярод унікальных экспанатаў музея варта звярнуць увагу на арыгінальныя выданні зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі», надрукаваныя ў Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца ў наша ваконца» ў 1908 годзе. У кабінеце Багушэвіча можна пабачыць пісьмовы стол, тры крэслы і скарбонку, у гасцёўні захоўваецца камод паэта. Яшчэ ў музеі захоўваюцца родавыя абярэгі з часцінкамі мошчаў святых, якія Багушэвічы прывозілі з пілігрымак да культавых мясцінаў.

Kušliany, u muziei
Кушляны, у музеі

Побач з сядзібай захаваліся рэшткі старога парку, закладзенага яшчэ ў XVIII стагоддзі. У адным з ягоных куточкаў, недзе за кіламетр ад сядзібы, захаваўся камень, дзе, паводле легенды, Францішак Багушэвіч сустракаўся са сваімі паплечнікамі па паўстанні 1863-1864 гадоў. Так яно было ці не, невядома, але дакладна можна сказаць, што паэт сапраўды разам з братам Валяр’янам актыўна прымаў удзел у Студзеньскім паўстанні, змагаўся ў атрадзе славутага Людвіка Нарбута. Бацькоў Францішка Багушэвіча арыштоўвалі за дапамогу паўстанцам, а ягоная сястра Ганна была зняволена ў віленскай турме Лукішкі.

Kušliany, u muziei
Кушляны, у музеі

Сам Францішак Багушэвіч быў паранены ў сутычцы з царскімі карнікамі, але ў яго атрымалася пазбегнуць вязніцы. Тым не менш ён быў вымушаны пакінуць радзіму на доўгія дваццаць гадоў. Паэт хаваўся ад пакарання ва ўкраінскім Канатопе, у 1865 годзе паступіў у юрыдычны ліцэй у горадзе Нежын, пасля атрымаў пасаду следчага. Падчас працы на гэтай пасадзе Багушэвіч раскрыў шмат злачынстваў, за што быў неаднаразова ўзнагароджаны. Падчас сканчэння ліцэя паэт працаваў у Чарнігаве.

Šyĺda ŭ Kušlianach
Шыльда ў Кушлянах. Фота: planetabelarus.by

У 1884 годзе творца пераехаў у Вільню, дзе працаваў адвакатам ды абараняў інтарэсы беларусаў, пераважна сялянаў, на зразумелай ім мове. У Кушляны паэт вярнуўся напрыканцы ХІХ стагоддзя. Тут адбудаваў сядзібу, у якой цяпер месціцца музей. Вядома, што свае рукапісы паэт хаваў пад каменем у прысядзібным парку, каб зберагчы сябе і сваіх родных ад наступстваў: у той час беларуская мова была забаронена для друку, для навучання, у храмах. На камені сёння можам пабачыць надпіс, выбіты сябрамі паэта пасля ягонай смерці: «PAMIECI MACIEJA BURACZKA. 1900 R.».

Kamień Bahuševiča, Kušliany
Камень Багушэвіча, Кушляны. Фота: planetabelarus.by

Вільня, Літва

У сучаснай сталіцы Літвы таксама можна знайсці адрэсы, звязаныя з жыццёвым шляхам Францішка Багушэвіча. У жыцці паэта можна налічыць два перыяды, калі паэт жыў у Вільні. Першы — у 1852-1861 гадах падчас навучання ў І-й Віленскай гімназіі — адной з дзвюх мужчынскіх гімназій, што месцілася ў карпусах зачыненага на той час расійскімі ўладамі Віленскага ўніверсітэта (Universiteto g., 3). Сцены будынкаў яшчэ памяталі філаматаў ды філарэтаў і шмат іншых пакаленняў значных для гісторыі краю асобаў. Аднакласнікамі і сябрамі Багушэвіча былі будучыя паплечнікі Кастуся Каліноўскага па паўстанні: Зыгмунт Мінейка, Цітус Далеўскі, Юльян Чарноўскі, у старэйшых класах вучыліся Кастусь Далеўскі ды Ігнат Здановіч.

U dvary Vilienskaha ŭniviersiteta У двары Віленскага ўніверсітэта

Другі віленскі перыяд Багушэвіча пачаўся ў 1884 годзе, калі пасля свайго ўдзелу ў паўстанні і доўгіх гадоў канспірацыі ва ўкраінскіх Канатопе, Нежыне ды Чарнігаве паэт вярнуўся ў Вільню, каб працаваць адвакатам. Будынак акруговага суда, дзе служыў Францішак Багушэвіч, на той час знаходзіўся ў вядомым сярод віленчукоў доме «пад балванамі», які сёння можна пабачыць на скрыжаванні вуліц Pylimo, 26 / Trakų, 1. Адвакат Багушэвіч стасаваўся з кліентамі-беларусамі пераважна па-беларуску, а віленчукі і жыхары навакольных вёсак называлі яго «мужыцкім адвакатам».

Byly budynak akruhovaha suda ŭ Viĺni, dzie pracavaŭ Francišak Bahuševič
Былы будынак акруговага суда ў Вільні, дзе працаваў Францішак Багушэвіч. Фота: therepus.blogspot.com

У той час Багушэвіч ужо пісаў вершы па-беларуску. Першы зборнік Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская», дзе пясняр упершыню назваў «мужыцкую» мову беларускай, выйшаў у 1891 годзе ў Кракаве. Тут ён даў назву будучай краіне і вызначыў яе этнічныя межы «ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбску за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня...».

«Dudka Bielaruskaja», 1891 h.
«Дудка Беларуская», 1891 г.

Працуючы адвакатам у Вільні з 1884 па 1898 год, Багушэвіч кватараваў у будынку па вуліцы Конскай (Arklių, 18). На будынку, які ўзведзены сёння на тым месцы, у 2010 годзе адкрылі мемарыяльную шыльду паэту. Пасля сканчэння адвакацкай дзейнасці паэт пераехаў з Вільні ў свой родавы маёнтак Кушляны, дзе пражыў да канца жыцця.

Šyĺda Francišku Bahuševiču ŭ Viĺni
Шыльда Францішку Багушэвічу ў Вільні. Фота: bogushevich.home.blog

Жупраны, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць

Памёр Францішак Багушэвіч у сваёй кушлянскай сядзібе 15 красавіка 1900 года. Развітваліся з паэтам у Петрапаўлаўскім неагатычным касцёле ў вёсцы Жупраны. Там можна пабачыць мармуровую мемарыяльную шыльду паэту, створаную віленскім скульптарам Я. Арасімовічам, усталяваную ў 1901 годзе.

Pietrapaŭlaŭski kasciol, Župrany
Петрапаўлаўскі касцёл, Жупраны. Фота: planetabelarus.by

Župrany, šyĺda ŭ kasciolie
Жупраны, шыльда ў касцёле

Пахаваны пясняр побач са сваімі роднымі на Жупранскіх могілках. Тут жа спачываюць бацька паэта Казімір Багушэвіч, брат Уладзімір, жонка Габрыэла і сын Тамаш. Надмагільныя помнікі Багушэвічам выкананы па-беларуску.

Župrany, mahila Franciška Bahuševiča
Жупраны, магіла Францішка Багушэвіча. Фота: planetabelarus.by

У Жупранах варта таксама звярнуць увагу на помнік Францішку Багушэвічу. Ён быў усталяваны ў 1958 годзе ў цэнтры мястэчка побач з мясцовым Петрапаўлаўскім касцёлам. Бюст беларускага песняра створаны знакамітым скульптарам Заірам Азгурам.

Pomnik Francišku Bahuševiču, aŭtar Zair Azhur
Помнік Францішку Багушэвічу, аўтар Заір Азгур. Фота: strada.by

Смаргонь, Гродзенская вобласць

Больш сучасны помнік Францішку Багушэвічу можна пабачыць у цэнтральным парку Смаргоні. Ён быў усталяваны да Дня беларускага пісьменства ў 2009 годзе. Аўтарамі манумента сталі Леў і Сяргей Гумілеўскія. Яшчэ ў Смургонях на адным з дамоў па вуліцы Кутузава можна пабачыць маляўнічы мурал у гонар паэта з надпісам «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай...»

Pomnik Francišku Bahuševiču ŭ Smarhoni
Помнік Францішку Багушэвічу ў Смаргоні. Фота: planetabelarus.by

Mural u Smarhoni
Мурал у Смаргоні

Язэп Вараніцкі, Budzma.org