Рэдкі экскурсійны маршрут з Віцебска дазволіць засяродзіць увагу на палацавых помніках. Альбо гэта будзе далёкая дарога ў заходнюю частку краіны, альбо ў большасці наведаных аб’ектаў экскурсанты сустрэнуць рэшткі падмуркаў і яшчэ пазнавальныя паркавыя абрысы.
Вандроўка “Падняпроўскія рэзідэнцыі” за 15 гадзін паказала ўдзельнікам шляхецкую і пісьменніцкую рэзідэнцыі, замак, два палацы і яшчэ тузін цікавых і важных мясцінаў. Каб паўдзельнічаць у паездцы з краязнаўцам і гісторыкам Мікалаем Піваварам, некаторыя экскурсанты прыехалі ў ранішні Віцебск з Лепеля, Полацка і нават Вялікага Ноўгарада. Паездцы дапамагла грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”.
Дзве з паловай гадзіны дарогі — і аўтобус пад’язджае да мястэчка Дашкоўка. У адным з яго закуткаў захаваўся невялікі сядзібны дом, які калісьці належаў шляхцічам Жукоўскім.
У вандроўцы ўдзельнічала нямала маладых гісторыкаў і філолагаў, таму трэба было абавязкова заехаць у вёску Баркулабава. Тут пакрысе аднаўляецца праваслаўны манастыр, у якім была напісаная славутая Баркулабаўская хроніка.
Наступны прыпынак — Быхаў. Нядаўні Дзень пісьменства навёў у горадзе парадак. Замак Сапегаў і Хадкевічаў, магутная Быхаўская сінагога, драўляная Траецкая царква вітаюць гасцей у свежапатынкаваным, афарбаваным і пакрытым “андулінам” будынку.
У Рагачове вандроўнікі пакланіліся хаце, у якой Уладзімір Караткевіч напісаў шэраг сваіх найлепшых твораў, а таксама пагулялі па гэтых натхняльных мясцінах.
У Чырвоным Беразе нават у нядзелі ідзе праца па рэстаўрацыі палаца Гатоўскіх. Тут хтосьці ўпарта фатаграфаваў хімер пад дахам палаца, іншыя пайшлі гуляць па жывапісным парку — шукаць дрэвы-экзоты і атрымліваць асалоду ад беларускай восені.
У 2006 г. у Чырвоным Беразе на месцы дзіцячага канцлагера быў створаны мемарыял у памяць пра дзяцей, што загінулі ў вайне. Гэта на рэдкасць цяжкае месца, настолькі трапна яно перадае страшную трагедыю Другой сусветнай. Абмінуць яго мы не мелі права.
Апошні прыпынак экскурсіі — Жылічы з велізарным палацам Булгакаў і паркам. Рэстаўрацыя комплексу падыходзіць да кульмінацыі, і тым не менш музейныя супрацоўнікі гераічна прымаюць аўтобусы з вандроўнікамі. Паралельна з намі сюды заехалі Магілёў, Доўск і Мінск.
Для ўсіх цікаўных прыкладаем мапу маршрута і заклік абавязкова наведаць гэтыя мясціны.
Станіслаў Хацкевіч, www.vitebsk4.me
Фота: Андрэй Бялецкі