15 траўня 50 цікаўных і закаханых у свой край вандроўнікаў з Віцебска праверылі, ці праўда сэрца віцебскага паазер’я знаходзіцца на Вушаччыне.
Падчас вандроўкі акрамя вялікай колькасці азёраў яны яшчэ пабачылі 3 сядзібна-паркавых комплексы: у вёсцы Арэхаўна, Чарапоўшчына і г.п. Обаль, пабывалі ў трох мемарыялах: у в. Мікалаёва, Паперына і Гомель, а таксама касцёл св. Веранікі ў в.Селішча і касцёл Святога Духа ў в. Ула і царкву Святога Духа і беларускі Стоўнхэндж у в. Бікульнічы ля возера Янава.
Асабліва ўразілі сядзібы Маліноўскіх у Чарапоўшчыне і Грабніцкіх у Обалі. Змрочны назоў вёскі, Чарапоўшчына, не паўплываў на ўражанне ад сядзібы Маліноўскіх — усе вандроўнікі былі ў захапленні ад гэтай сядзібы і парку вакол яе. І некаторыя нават займелі жаданне выкупіць і прывесці ў парадак, каб ладзіць там шыкоўныя балі. Палац у Обалі захаваўся значна горш, ад яго засталіся толькі калоны і сцены. Каля ўваходу былі львы, якія цяпер захоўваюцца пад пільным вокам керамічнага завода, бо нехта прыдумаў гісторыю пра скарб у гэтых ільвах, пра што яны трапілі пад пагрозу быць ушчэнт разламанымі.
Вандроўнікі выказвалі занепакоенасць станам сядзібаў і велічнага барочнага касцёла св. Веранікі, у якім добра захаваўся алтар і сутарэнні.
Мы сустрэліся з разнастайнымі цікавымі людзьмі: Антанінай Аляксандраўнай Быкавай — энергічным экскурсаводам, жонкай брата Васіля Быкава, а таксама з мясцовымі жыхарамі, якія з задавальненнем праводзілі нас і расказвалі пра цікавыя мясціны ў іх вёсцы. Асобную падзяку хочацца выказаць добрай спадарыні з вёскі Арэхаўна.
Шкада, не атрымалася даехаць да Глыбачкі і заказніка”Крывое” праз кепскія, размытыя дарогі.
Гэтай вандроўкі не было б без падтрымкі грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, сяброў-вандроўнікаў, а таксама экскурсавода і выдатнага краязнаўцы Міколы Півавара. Падчас падарожжа было багата пытанняў пра іншыя мерапрыемствы кампаніі і згадкі пра ўдзел у ранейшых падзеях.
А ў канцы кожны з удзельнікаў атрымаў па паштоўцы грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і зрабіў падарунак арганізатарам, выказаўшы сваё задавальненне і пазітыўныя ўражанні ад вандроўкі на аркушы:
“Беларусь — краіна напаўразбураных замкаў і палацаў, крыжоў і курганаў, краіна, атуленая туманамі і асыпаная пялёсткамі. Калі гэта ёсць у нашых сэрцах, то яно не знікне ніколі!!!”
Трымайце Беларусь у вашых сэрцах!
Тэгі: Віцебшчына