Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Івацэвіцкім раёне. Частка другая

Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Бліжэйшым часам даследуем Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці на наяўнасць гістарычных ды архітэктурных аб’ектаў. Сёння нас чакае другая частка маршруту: шляхі паўстанцаў 1863–1864 гадоў, касцёлы, цэрквы, адна з самых вядомых сядзібаў на тэрыторыі Беларусі, месца нараджэння і помнік Тадэвушу Касцюшку ды шмат іншых цікавостак. Працягваем рушыць па маршруце Артычанка — Быцень — Любішчыцы — Івацэвічы — Шыбельная гара — Косава — Марачоўшчына — Бусеж — Альба — Бялавічы — Няхачава. Гэтым разам падрабязна прысвецім час самым знакамітым турыстычным мясцінам Івацэвіцкага раёна Косава і Марачоўшчыне.


1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Косава

Сапраўднай перлінай Івацэвіцкага раёна з’яўляецца колішняе мястэчка Косава ці, як кажуць месцічы, Косаў. Упершыню Косава ўзгадваецца ў прывілеі вялікага князя Аляксандра Ягелончыка 1494 года на наданне паселішча свайму маршалку Яну Літавору Храптовічу. З праведзеных археолагамі раскопак вядома, што паселішча на месцы Косава існавала значна раней, як доказ — адкрытае археолагамі гарадзішча X–XII стагоддзяў.

2.jpg
Фота: planetabelarus.by

Пасля Храптовічаў у Косава часта змяняліся гаспадары, сярод уласнікаў паселішча шматлікія вядомыя дынастыі: Сангушкі, Флемінгі, Чартарыйскія, Сапегі. Але перыяд найбольшага росквіту Косава пачаўся з таго, як у 1821 годзе маёнтак набыў адзін з першых прадпрымальнікаў на нашай зямлі, Войцех Пуслоўскі, які збудаваў у суседнім урочышчы Марачоўшчына, за паўтары кіламетры ад Косава, суконную мануфактуру, дывановую фабрыку. Адна з самых вядомых сядзібаў у Беларусі сёння, якую называюць Косаўскім замкам, таксама з’явілася тут дзякуючы Пуслоўскім.

3.jpg
Косаў, палац Сапегаў, 1930

З помнікаў, якія захаваліся ў самім Косава, апроч Косаўскага замка сёння варта звярнуць увагу на касцёл 1878 года пабудовы. Вядома, што першы драўляны касцёл у 1626 годзе тут фундаваў Леў Сапега, храм быў вядомы тым, што тут хрысцілі Тадэвуша Касцюшку. Сучасны мураваны неагатычны касцёл Святой Тройцы быў узведзены на месцы свайго драўлянага папярэдніка па фундацыі Вандаліна Пуслоўскага.

4.jpg
Траецкі касцёл, Косава, 1926

5.jpg
Фота: planetabelarus.by

6.jpg
Фота: planetabelarus.by

Унутры храма варта звярнуць увагу на арган рукі знакамітага арганнага майстра Фларыяна Астраменцкага. Арган з’яўляецца блізкай копіяй інструмента, які захоўваецца ў знакамітым касцёле ў Гервятах. Даследчыкі мяркуюць, што створаны ён быў таксама ў 1880-х гадах і з таго часу захаваўся ў аўтэнтычным выглядзе, калі не ўлічваць статуяў анёлаў, надбудаваных у 1990-х.

7.jpg
Фота: argany.by

8.jpg
Фота: planetabelarus.by

Косава — тыповае беларускае мястэчка, дзе побач з касцёлам была ўзведзена і праваслаўная царква. Яна была пабудавана ў 1868 годзе ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Такія цэрквы называюць «мураўёўкамі», бо будаваліся яны па тыповым праекце паводле загаду тагачаснага генерал-губернатара Мураўёва пасля здушэння паўстання 1863–1864 гадоў з мэтай наблізіць беларускую праваслаўную традыцыю да расійскай.

9.jpg
Фота: planetabelarus.by

10.jpg
Фота: planetabelarus.by

Тым, хто цікавіцца гісторыяй паўстання, у Косава таксама ёсць што паглядзець. Варта зайсці на мясцовыя каталіцкія могілкі ды пабачыць крыж-помнік, узведзены ў 1827 годзе на магіле трох паўстанцаў. Імя аднога з іх невядомае, прозвішчы двух іншых — Красінскі і Лукашэвіч. Цалкам верагодна, што гэты Лукашэвіч з’яўляўся кіраўніком слонімскага паўстанцкага атрада.

11.jpg
Фота: wikimedia.org

Па дарозе з касцёла на могілкі варта звярнуць увагу на невялікую прыдарожную каплічку, узведзеную напрыканцы ХІХ — у пачатку ХХ стагоддзя. А на саміх могілках захавалася каталіцкая капліца вельмі адметнай муроўкі 1859 года пабудовы. Не варта прамінаць і праваслаўныя могілкі, тут знаходзіцца вельмі прыгожая драўляная каплічка, пабудаваная ў 1871 годзе.

12.jpg
 Фота: planetabelarus.by

13.jpg
Фота: planetabelarus.by

Марачоўшчына

Далей заканамерна рушым ва ўрочышча Марачоўшчына, што месціцца за паўтары кіламетры на поўнач ад Косава. Тут варта наведаць музей-сядзібу, дзе ў лютым 1746 года ў мясцовай шляхецкай сям’і нарадзіўся легендарны генерал Тадэвуш Касцюшка, які паўплываў на гістарычнае развіццё не толькі Беларусі і суседніх дзяржаваў, але і стаў ганаровым грамадзянінам Францыі ды нацыянальным героем ЗША. Касцюшка пражыў у Марачоўшчыне каля 12 год, пасля смерці бацькі ягоная сям’я пераехала ў родавы маёнтак Сахнавічы пад Жабінкай і з той пары больш не наведвала Марачоўшчыну.

14.jpg
Марачоўшчына, В. Адам, 1848

15.jpg
Марачоўшчына, Напалеон Орда, 1875

Сядзіба Касцюшкаў у Марачоўшчыне згарэла па Першай сусветнай вайне і была адноўлена на падмурках XVIII стагоддзя паводле архіўных дакументаў і малюнкаў Напалеона Орды. Першы мемарыяльны камень на месцы дома Касцюшкі быў усталяваны тут у 1987 годзе, у 1999-м тут з’явіўся камень з барэльефам знакамітага генерала. А ў 2018 годзе нацыянальны герой вярнуўся дадому ў выглядзе помніка з бронзы.

16.jpg
Фота: intex-press.by

17.jpg
Фота: intex-press.by

17-1.jpg
Фота: intex-press.by

У музеі, які знаходзіцца ў памяшканні адноўленай сядзібы, пяць пакояў. Экспазіцыя дастаткова сціплая, але цалкам адлюстроўвае дух эпохі. У адной з заляў знаходзяцца матэрыялы археалагічных раскопкаў, праведзеных тут у 2003 годзе з мэтай даследавання падвальных памяшканняў колішняй сядзібы.

18.jpg
 Фота: intex-press.by

19.jpg
Фота: intex-press.by

Насупраць маёнтка Касцюшкаў у Марачоўшчыне ў 1838 годзе збудаваў свой палац сын аднаго з першых беларускіх прадпрымальнікаў Войцэха Пуслоўскага Вандалін Пуслоўскі. Сын працягнуў справу свайго бацькі ды збудаваў у маёнтку ў дадатак да суконнай фабрыкі бацькі яшчэ цагельню, гуту, бровар ды іншыя прадпрыемствы, якія абслугоўвалі на той час каля 200 працоўных.

20.jpg
Фота: planetabelarus.by

21.jpg
Фота: planetabelarus.by

Сам палац Пуслоўскіх захаваўся да нашых дзён у выдатным стане, добра адрэстаўраваны ды адчынены для наведвання. Будынак быў узведзены ў неагатычным стылі паводле праекта Францішка Яшчалда, а ў другой палове ХІХ стагоддзя над яго рэканструкцыяй працаваў Уладзіслаў Марконі. Косаўскі палац вельмі асаблівы, будынак складаецца з цэнтральнага двухпавярховага корпуса і двух бакавых крылаў, а дзякуючы гранёным зубчастым вежам яго часта называюць «замкам». Кожная вежа, паводле першапачатковай задумы, сімвалізавала месяц года, 4 з іх, цэнтральныя, былі ўзведзены самымі высокімі ў гонар ураджайных траўня, чэрвеня, ліпеня і жніўня.

22.jpg
 Фота: planetabelarus.by

23.jpg
Фота: planetabelarus.by

Лічыцца, што ў сядзібе было больш за сто памяшканняў і ніводнага праходнага. Пра шыкоўныя інтэр’еры палаца ўжо шмат напісана. З самага незвычайнага вядома, што ў параднай залі была шкляная падлога, у якой сярод водарасцяў плавалі рыбкі. Так яно ці не, яшчэ дакладна не даказана, але вядома, што падлога з падагрэвам там дакладна была. Паабапал палаца быў закладзены шыкоўны парк, дзе расло больш за 150 відаў раслінаў, а для асабліва рэдкіх экзэмпляраў была збудавана аранжарэя.

24.jpg
Фота: planetabelarus.by

25.jpg
Фота: planetabelarus.by

Пасля Леанарда Пуслоўскага, які прайграў маёнтак Косава ў карты, тут часта змяняліся гаспадары. Па Першай сусветнай вайне палац быў разрабаваны, шмат каштоўнасцей вывезена за мяжу. За польскім часам у будынку сядзібы месцілася акруговая адміністрацыя ды школа пчаляроў. У 1944 годзе падчас пажару палац канчаткова страціў унутраную аздобу, ацалелі толькі знешнія сцены будынка.

26.jpg
Фота: intex-press.by

Косава — адно з самых папулярных турыстычных месцаў у Беларусі, таму з тым, каб падсілкавацца, тут не будзе праблемаў. Каля царквы ў Косава працуе сталоўка «Вясна», а ва ўрочышчы Марачоўшчына можна пад’есці ў рэстарацыі «У графа Пуслоўскага» ці ў кафэ «У Тадэвуша».

27.jpg
Фота: intex-press.by

Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. 

ПЖ, Budzma.org