Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Івацэвіцкім раёне. Частка чацвёртая

Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Сёння нас чакае заключная частка маршруту: Артычанка — Быцень — Любішчыцы — Івацэвічы — Шыбельная гара — Косава — Марачоўшчына — Бусеж — Альба — Бялавічы — Няхачава. Апошнімі наведаем вёскі старажытнай Слонімшчыны, сёння Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Бялавічы і Няхачава. Тут нас чакаюць шляхі выбітных прадстаўнікоў навукі і культуры, уніяцкая царква — помнік народнага дойлідства з рысамі барока і класіцызму, грэка-каталіцкія іконы другой паловы XVIII стагоддзя, былая паштовая станцыя ХІХ стагоддзя, будынак адной з першых чыгуначных станцый на тэрыторыі Беларусі ды шмат іншых цікавостак.


1.jpg
 Фота: planetabelarus.by

Бялавічы

Прапануем спыніцца ў вельмі цікавай вёсцы Бялавічы, гісторыя якой значна старэйшая за першыя ўзгадкі паселішча ў гістарычных крыніцах. Менавіта тут радзіма маці Івана Жахлівага Алены Глінскай, родныя мясціны доктара медыцыны Віленскага ўніверсітэта, аднаго з пачынальнікаў краязнаўства, аўтара жыццяпісу Вітаўта Міхала Гамаліцкага. Яшчэ ў Бялавічах захавалася аўтэнтычная грэка-каталіцкая царква з сапраўднымі ўніяцкімі абразамі і шмат іншых цікавостак.

2.jpg
Фота: planetabelarus.by

Вёска Бялавічы лічыцца самым старажытным паселішчам у Івацэвіцкім раёне: археолагамі тут быў знойдзены крэмневы наканечнік стралы, якому каля 5 тысячаў год. Тут жа, у Бялавічах, знойдзены тры курганныя могільнікі ХІІ і ХІІІ стагоддзяў, адзін з якіх месціцца акурат на тэрыторыі сучасных вясковых могілак.

3.jpg
Бялавічы, Свята-Ільінская царква, 1930

Вёска вядомая ў пісьмовых крыніцах з ХV стагоддзя. У 1485 годзе вялікі князь Казімір падараваў вёску цвярскому князю Міхалу Барысавічу, пасля смерці якога паселішча перайшло да Васіля Глінскага. У 1508 годзе тры браты Глінскія Міхал, Іван і Васіль пасля няўдалай спробы мецяжу з мэтай змены ўлады ўцяклі ў Маскву. У Бялавічах у Васіля быў двор, у якім ён жыў са сваёй жонкай, сербкай па паходжанні Ганнай Якшыч, тут у іх нарадзілася дачка Алена Глінская, якая пасля стала вялікай маскоўскай княгіняй. Алена Глінская стала жонкай саракасямігадовага цара Васіля ІІІ, калі ёй не было і дваццаці год. Праз чатыры гады ў іх нарадзіўся сын Іван, які стаў вядомым сваёй жорсткасцю царом Іванам Жахлівым.

4.jpg
 Вяселле Алены Глінскай і Васіля ІІІ

4-1.jpg
Алена Глінская, рэканструкцыя па чэрапе. С. Нікіцін, 1999

Пасля таго, як Глінскія ўцяклі, усе іхнія маёнткі былі сканфіскаваныя. У 1509 годзе Жыгімонт Стары перадаў Бялавічы Сямёну Чартарыйскаму. Пасля тут гаспадарамі былі Тышкевічы, Сапегі, Пуслоўскія. За Тышкевічамі Жыгімонт Аўгуст надзяліў Бялавічы статусам мястэчка і прывілеем на правядзенне кірмашоў. У 1598 годзе мястэчка Бялавічы перайшло ва ўласнасць канцлера Льва Сапегі, за якім у 1630 годзе тут была ўзведзена ўніяцкая царква, перабудаваная ў другой палове XVIII стагоддзя. У такім выглядзе мы можам пабачыць яе і сёння, наведаўшы Бялавічы.

5.jpg
Фота: fotobel.by

5-1.jpg
Фота: fotobel.by

Пасля скасавання ўніяцтва Расійскай імперыяй царкву перадалі праваслаўным, але амаль усе грэка-каталіцкія абразы ў ёй былі захаваныя. І сёння іх можна пабачыць у праваслаўнай Свята-Ільінскай царкве ў Бялавічах. У 1960-х гадах храм быў зачынены, але на дзіва не ператвораны ні ў сховішча, ні ў клуб. Будынак вярнуўся да вернікаў у 1990-я гады.

6.jpg
Фота: godedinstva.by

6-1.jpg
Фота: gosz.rooivacevichi.gov.by

У XVIII стагоддзі ў Ільінскай царкве ў Бялавічах каля пяцідзесяці год святаром служыў Леў Гамаліцкі. У 1771 годзе ў яго нарадзіўся сын Міхал, які пасля стаў знакамітым доктарам, прафесарам медыцыны, педагогам, гісторыкам ды публіцыстам. Міхал Гамаліцкі не пайшоў па шляху святарства, і насуперак бацьку пасля навучання ў Жыровіцкай базылянскай павятовай школе паступіў не ў Жыровіцкую духоўную семінарыю, а ў Віленскі ўніверсітэт на факультэт медыцыны, дзе навучаўся ў 1808–1815 гг.

7.jpg
Міхал Гамаліцкі

Пасля таго, як Гамаліцкі атрымаў ступень доктара медыцыны, ён пачаў выкладаць ва ўніверсітэце тэарэтычную фізіялогію, узначаліў Віленскае таварыства лекараў. Міхал Гамаліцкі — адзін з першых, хто пачаў даследаваць пераліванне крыві. Але ў 1827 годзе па стане здароўя Гамаліцкі вымушаны быў сысці на пенсію і пакінуць выкладчыцкую практыку.

8.jpg
Фота: rossa.lt Магіла Міхала Гамаліцкага на могілках Росы ў Вільні

Цікавасці Міхала Гамаліцкага не абмяжоўваліся толькі галіной медыцыны. Як тыповы прадстаўнік адказнай інтэлігенцыі таго часу, ён зрабіў значны ўнёсак у развіццё і іншых сфераў: у 1830-х гадах распачаў вывучэнне гісторыі Віленскага краю, даследаваў гісторыю яго касцёлаў, цэркваў, жыццё святога Казіміра, на аснове архіўных матэрыялаў авалодаў ведамі палеаграфіі і археалогіі. Значна дапоўніў «Гісторыю горада Вільні» Міхала Балінскага сваёй рэцэнзіяй на кнігу.

9.jpeg

Міхал Гамаліцкі апекаваўся маладым Адамам Кіркорам, прымаў удзел у ягоных археалагічных экспедыцыях. У 1857 годзе Міхал Гамаліцкі стаў чальцом Віленскай археалагічнай камісіі, створанай Яўстахам Тышкевічам, шмат рэдкіх дакументаў з уласнай бібліятэкі перадаў Віленскаму музею старажытнасцей. Гамаліцкі збіраў старажытныя рукапісы, кнігі, на падставе якіх напісаў працу пра жыццё і дзейнасць князя Вітаўта «Fragmenta Witoldowe», якую да смерці не паспеў надрукаваць.

10.jpg
Віленскі музей старажытнасцей

Памёр Міхал Гамаліцкі 2 лютага 1861 года ў Вільні, пахаваны на могілках Росы. А ў роднай вёсцы Бялавічы ў гонар 225-годдзя са дня нараджэння выбітнага земляка быў усталяваны памятны валун.

11.jpg

Родны брат Міхала Гамаліцкага, які таксама нарадзіўся ў Бялавічах, пайшоў па шляху свайго бацькі ды стаў святаром. Іпаліт Гамаліцкі быў доктарам багаслоўя ды апошнім рэктарам уніяцкай Літоўскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах. У 1846 годзе ў Іпаліта Гамаліцкага памерла жонка, пасля яе адышоў і сам святар.

12.jpg
 Плацыд Янкоўскі

Лёсам шасці дзяцей Іпаліта Гамаліцкага апекаваўся брат ягонай жонкі Плацыд Янкоўскі, сын удзельніка паўстання Тадэвуша Касцюшкі Габрыэля Янкоўскага. Плацыд Янкоўскі быў прафесарам Жыровіцкай духоўнай семінарыі ды служыў у віленскай Мікалаеўскай царкве, у свой час ён спрычыніўся да ліквідацыі Берасцейскай уніі, за што атрымаў узнагароду ад расійскай праваслаўнай царквы.

13.jpg
 Жыровічы, 1879

Але гэты ягоны ўчынак нават блізкія сябры ацанілі негатыўна, таму Янкоўскі вырашыў пераехаць з сям’ёй у Бялавічы, дзе працягнуў служэнне ў Ільінскай, але ўжо на той час праваслаўнай царкве. Тут ён займаўся літаратурнай дзейнасцю, выдаў уласную кнігу «Нататкі сельскага святара», у якой апісаў жыццё і побыт мясцовых жыхароў, ужо пераважна па-расійску.

14.jpg

Плацыд меў добрую адукацыю, ведаў шмат моваў, яшчэ жывучы ў Вільні перакладаў на польскую Шэкспіра, Гётэ, Мацоні, напісаў шмат уласных твораў па-польску. Плацыд Янкоўскі пражыў у Бялавічах каля 10 год. Рэшту жыцця правёў на самоце ў Жыровічах, дзе і памёр 28 лютага 1872 года.

15.jpg

Гісторыя Бялавічаў ды месцічаў невычэрпная, але помнікаў, якія тут можна пабачыць на свае вочы, засталося зусім няшмат. Тыя, што захаваліся, абавязкова варта наведаць.

16.jpg
 Фота: planetabelarus.by

Няхачава

17.jpg
Фота: wikimedia.org

Апошнім прыпынкам на Івацэвіччыне прапануем зрабіць вёску Няхачава. Развіццё паселішча звязана з тым, што тут у 1871 годзе была пракладзена чыгунка Масква — Мінск — Брэст. Будынак чыгуначнай станцыі, якую мы можам пабачыць і сёння, быў узведзены тут у стылі мадэрн на пачатку ХХ стагоддзя, станцыя мела назву Косава-Палескае ў гонар мястэчка Косава, якое месціцца за 12 кіламетраў ад яе.

18-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Але і да пабудовы чыгункі Няхачава было месцам, дзе перакрыжоўвалася шмат важных шляхоў ды гасцінцаў. Пра гэта сведчыць узведзены тут у 1846 годзе па тыпавым праекце будынак паштовай станцыі, які можам пабачыць і сёння. Усе падарожныя ў свой час мелі магчымасць тут адпачыць і змяніць коняў. На станцыі меліся і жылыя памяшканні. Сёння паштовая станцыя добра адрэстаўраваная, і тут месціцца рэстарацыя «Гасцінны двор», дзе можна добра падсілкавацца. А ў суседнім будынку пры жаданні можна спыніцца на ноч, там працуе аднайменны гатэль.

19.jpg
Фота: planetabelarus.by

20.jpg
Фота: planetabelarus.by

Вандруйце разам з «Будзьма!». ПЖ