У мястэчку Астроўна пад Віцебскам 4 красавіка 1557 года нарадзіўся выбітны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, мысляр, дыпламат Леў Сапега. З гэтай нагоды разам з «Планета Беларусь» узгадвам жыццёвы шлях і вандруем па мясцінах памяці значнай постаці беларускай гісторыі.
Ён належаў да старажытнага і другога па ўплывовасці пасля Радзівілаў магнацкага роду. Прадстаўнікі Сапегаў былі не толькі найбагацейшымі людзьмі, але і займалі высокія вайсковыя і дзяржаўныя пасады. А некаторыя сталі вядомымі яшчэ і як дзеячы культуры.
Сапегі збіралі шматтысячныя бібліятэкі, калекцыянавалі творы мастацтва, займаліся архіўнай справай і развівалі тэатральнае мастацтва.
Але, мабыць, самым вядомым прадстаўніком гэтага беларускага роду стаў менавіта Леў Іванавіч, які пачынаў дзяржаўную службу з найніжэйшых чыноў, а дзякуючы сваёй адукацыі, розуму, дыпламатычным здольнасцям і прыроднай мудрасці, дасягнуў найвышэйшых пастоў. Пачынаў кар’еру на пасадзе гарадскога пісара, затым стаў вялікакняскім сакратаром, а з 1581 года — каралеўскім пісарам пры двары Стэфана Баторыя. Ужо праз чатыры гады атрымаў пасаду падканцлера Вялікага княства Літоўскага, а яшчэ праз чатыры — канцлера княства. У 1625 г. Леў Сапега становіцца Віленскім ваяводам, а з 1629 г. займае найвышэйшую пасаду ў ВКЛ — вялікага гетмана.
Першым зборнікам законаў на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы гісторыкі не выпадкова лічаць трэці Статут ВКЛ (1588 год). Самы непасрэдны ўдзел у стварэнні гэтага дакумента прыняў Леў Сапега. Ён асабіста рэдагаваў некаторыя артыкулы, за ўласныя грошы выдаў першыя 4 тысячы экзэмпляраў Статута і дамогся яго зацвярджэння Жыгімонтам Вазам.
Леў Сапега ў 1581 годзе прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні вышэйшага шляхецкага суда княства — Галоўнага Трыбунала.
На свае сродкі ён пабудаваў касцёлы ў Гродне, Оршы, Брэсце і ў іншых гарадах, праваслаўныя і ўніяцкія цэрквы ў розных мястэчках, манастыры ў Вільні і Бялынічах.
Роду Сапегаў належалі шматлікія беларускія землі, у тым ліку на тэрыторыі Віцебшчыны і Полаччыны.
Валодаў ён і сядзібай у Старым Лепелі, а калі яна згарэла, канцлер прыняў рашэнне перанесці сваю рэзідэнцыю на паўднёвы бераг Лепельскага возера. Так быў заснаваны горад Лепель.
Касцёл Святога Казіміра
У Лепелі быў пабудаваны каталіцкі храм — касцёл Святога Казіміра, які стаў адным з першых трох каталіцкіх храмаў на Віцебшчыне. Узведзены ў 1604 годзе касцёл неаднаразова гарэў, таму напрыканцы ХІХ стагоддзя быў узведзены новы мураваны храм, якім сёння ганарыцца Лепель.
На беларускай зямлі шануюць памяць гетмана Вялікага княства Літоўскага.
Напрыклад, у горадзе Лепелі ў 2010 годзе ў ягоны гонар усталявалі помнік.
У вёсцы Астроўна (24 км на захад ад Віцебска, 33 км на паўночны ўсход ад Бешанковічаў) Бешанковіцкага раёна, дзе нарадзіўся Леў Іванавіч, усталявана памятная шыльда.
Астроўна — не самае папулярнае сярод турыстаў месца, хоць тут ёсць што паглядзець і свая гісторыя. Знаходзіцца ў маляўнічым месцы на берагах трох азёраў: Астроўна, Доўгае, Палхоўка. Яшчэ некалькі азёраў (Дробнае, Гародна, Лукаўскае, Глыбокае) размешчаны недалёка ад аграгарадка.
Замак Астроўна заснаваны ў 1520-х віцебскім ваяводам І.Б. Сапегам на землях, якія засталіся яму і ягонаму брату ў спадчыну ад маці, княгіні Фёдары Фёдараўны Друцкай-Сакалінскай. Мястэчка вядома з XVI стагоддзя (у гістарычных крыніцах узгадваецца з 1546 года) як цэнтр староства Віцебскага павета.
Царква Святой Троіцы ў Астроўна.
У 1662 годзе ў Астроўна заснаваны кляштар дамініканаў. З 1772 года Астроўна далучана да Расійскай імперыі (цэнтр воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні). Напрыканцы XVIII стагоддзя ў Астроўна 97 жыхароў, 19 двароў. Тым часам вёска з’яўляецца значным гандлёвым цэнтрам. Штогод з 15 жніўня па 1 верасня ў Астроўна адбываліся кірмашы.
25-27 ліпеня 1812 года на тэрыторыі паміж Астроўна і Віцебскам адбыліся ар’ергардныя бітвы адступаючай расійскай арміі з французскім войскам Напалеона, якія ў гістарыяграфіі атрымалі назву «Бітва пад Астроўнам». На месцы бітвы ў 1962 годзе ўсталяваны помнік і памятны крыж.
У Астроўна можна ўбачыць і царкву Святой Троіцы (раней касцёл), XVI-XVII стст. У наш час пачала дзейнічаць без перапынку з 17 ліпеня 2006 года.
Палац Сапегаў у Ружанах.
Для паўнаты карціны можна таксама наведаць г.п. Ружаны (Брэсцкая вобласць), дзе да нашых дзён захаваліся руіны палацавага комплексу Сапегаў.