Завершаная праца над першым этапам грантавага конкурсу адукацыйных праектаў. Усе дасланыя заяўкі прайшлі некалькі этапаў ацэнкі пры ўдзеле незалежных экспертаў і прадстаўнікоў арганізацый-партнёраў «Васьмінога».
«Уразіла не толькі колькасць заявак, але і разнастайнасць прапанаваных накірункаў дзейнасці і відаў актыўнасці. Сярод заяўнікаў было шмат вядомых навукоўцаў і педагогаў, дзеячаў культуры і навукі. Цэлыя зорныя калектывы. Шмат было таксама дэбютантаў са свежымі ідэямі. Конкурс быў сапраўды спаборніцкім, цікавым і напружаным...», — такімі ўражаннямі падзялілася адна з экспертак, якая працавала над заяўкамі.
«Мы прынялі рашэнне падтрымаць праекты на суму 285.916 еўра. Каб зразумець, наколькі складана было выбіраць пераможцаў, прывядзем такі факт: агульная сума, якую заклалі ў бюджэтах усе 113 заяўнікаў, складае 3.811.200 еўра. То-бок беларуская грамадзянская супольнасць, дыяспары і педагогі для рэалізацыі сваіх задумаў маюць патрэбу ў суме, якая ў 10 разоў перавышае цяперашнія магчымасці «Васьмінога», — паведамляе прэс-служба праекта.
Кіраўнік праекту «Васьміног» Аляксей Канстанцінаў заўважае, што некаторым заяўнікам не хапіла вопыту для складання праектных прапановаў: «Істотная частка заявак сфармулявана і аформлена з мноствам памылак. Мы разумеем, што шмат якія адукацыйныя ініцыятывы ўпершыню пісалі грантавыя заяўкі, а гэтая праца патрабуе пэўных кампетэнцый. Мы разумеем гэта як запыт і задачу на развіцьцё арганізацыйнага патэнцыялу. Мы таксама разлічвалі на большую колькасць інавацыйных праектаў, але большая частка атрыманых заявак абапіраецца на традыцыйныя практыкі і інструменты адукацыі».
Аляксей Канстанцінаў. Фота: "Васьміног"
У сітуацыі вострай канкурэнцыі былі адабраныя 15 годных праектаў, рэалізацыя якіх істотна паўплывае на адукацыйную сферу ў Беларусі. Яшчэ 19 праектаў атрымалі рэкамендацыі для паляпшэння заявак, якія можна будзе падаваць на новым конкурсе.
«Васьміног» выдзяляе гранты на наступныя праекты:
— навучанне дзяцей школьнага ўзросту з аўтызмам;
— стварэнне адукацыйнага і інавацыйнага відэакантэнту для вывучэння беларускай мовы і гісторыі, гуманітарных дысцыплін для школьнікаў;
— беларускамоўны падкаст па біялогіі (серыя крэатыўных перадач для школьнікаў);
— распрацоўка праграмнага зместу гісторыка-грамадазнаўчага і філалагічнага блоку для настаўнікаў;
— стварэнне падручніка па геаграфіі для старэйшых класаў;
— падтрымка падлеткавага клуба;
— арганізацыя летніка і нядзельнага клуба для беларускіх школьнікаў у Літве і Польшчы;
— падтрымка некалькіх школ выхаднога дня ў розных гарадах і краінах.
Апроч пералічаных напрамкаў, будзе падтрымана навучанне настаўнікаў інавацыйным метадам выкладання.
Пры адборы грантаатрымальнікаў «мы імкнуліся таксама ўлічваць «геаграфічны» прынцып, каб былі падтрыманыя ініцыятывы беларускіх дыяспар у розных краінах знаходжання. Так, сярод пераможцаў конкурсу — жыхары Польшчы, Літвы, Грузіі, Нямеччыны, Эстоніі і Беларусі».
У «Васьміногу» падкрэсліваюць, што «нам было вельмі складана ў эмацыйным плане прымаць рашэнне пра адхіленне некаторых заявак, але, як бы мы ні хацелі, падтрымаць усе 113 праектаў мы не ў змозе». Тым, хто на дадзены момант не атрымаў сродкі на свае задумы, трэба сачыць за абвесткамі «Васьмінога». Увосені 2023 года будзе абвешчаны чарговы конкурс грантавых праектаў для адукацыйных ініцыятыў, на які можна будзе дадаць дапрацаваныя і новыя заяўкі.
Чытайце яшчэ:
Аляксей Канстанцінаў: Мы прапануем лічбавую адукацыйную платформу беларусацэнтрычнага напрамку