Сёння споўнілася б 59 гадоў вядомаму беларускаму мастаку, перформеру, актывісту, лаўрэату прэміі імя Францішка Аляхновіча Алесю Пушкіну. У 2023 годзе Алесь Пушкін быў закатаваны ў гродзенскай турме.
Алесь Пушкін
«Алесь быў і ёсьць цэлым сусьветам»
Сам Алесь Пушкін калісьці напісаў прарочае: «У Беларусі не могуць жыць мастакі: іх або выціскаюць у эміграцыю, або забіваюць».
Смерць мастака агаломшыла. Словамі ўдзячнасці, роспачы, гневу адгукнуліся тады вельмі многія беларусы.
«Я бачыла і бачу ў ім ня толькі вельмі глыбокага і лірычнага мастака і працалюба на мяжы фанатызму. Ён быў яшчэ ваяром. Быў у Афганістане, так казаў. І бяз страху ды агрэсіі падыходзіў да ўсяго на сьвеце, у тым ліку да ворагаў, да мянтоў і гэбоўцаў», — напісала пра Алеся Пушкіна пісьменніца Святлана Курс з нагоды яго трагічнай смерці.
«Яго ўзялі ў палон і забілі. Ён пайшоў у няволю, бо ўбачыў у тым сьведчаньне, ахвяру і службу. Алесь дзейнічаў менавіта на такіх высокіх абаротах, і я яго разумела. Алесь быў і ёсьць цэлым сусьветам, які застаецца з намі ў ягоных карцінах, якія ня маюць канца пэрспэктывы».
Культаралог, крытык, літаратар Максім Жбанкоў:
«Чалавек са сваёй партытурай. Чалавек, адметны ды асобны. Адкрыты, але патаемны.
Ніколі не бачыў яго злосным ці агрэсіўным. Ніколі не бачыў яго заклапочаным. Здаецца, Пушкін ляцеў праз жыццё як анёл скрозь навальніцу.
Ён не памёр. Проста вярнуўся дамоў».
Выстава ў памяць Алеся Пушкіна
Сёння ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі адкрыецца выстава «Ales Pushkin. AFTERLIFE», прысвечаная мастаку. Асноўная канцэпцыя экспазіцыі грунтуецца на акцыях і перформансах Алеся Пушкіна, якія ён праводзіў у адкрытай прасторы з 1989 года.
Адкрыццё выставы: 6 жніўня, 19:00
Адрас: Варшава, Foksal 11.
Куратар: Андрэй Дурэйка
Выстава працягнецца да 31 жніўня 2024 года.
Падчас адкрыцця выставы выступіць «Вольны хор».
Падрабязней пра выставу тут.
***
Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў вёсцы Бобр Крупскага раёна.
Акрамя выставачнай дзейнасці, распачатай у часы перабудовы, Алесь Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэння і ў студэнцкім руху.
25 сакавіка 1989 года Алесь Пушкін ажыццявіў першы ў Беларусі маніфест сац-арту: напісаныя ім 12 плакатаў, супярэчных дзяржаўнай ідэалогіі, планавалася пранесці па галоўным праспекце Мінска да плошчы перад домам ураду. Калоне ўдалося прайсці толькі ад Тэатральнага інстытута да Дома друку, дзе мастак быў арыштаваны ў ліку астатніх 130 чалавек. Пушкіна асудзілі на 2 гады зняволення ўмоўна з пяцігадовым выпрабавальным тэрмінам.
У 1993 годзе адкрыў прыватную галерэю «У Пушкіна». Займаўся рэстаўрацыяй і роспісам храмаў. З 1997 года жыў на радзіме ў вёсцы Бобр.
У 1999 годзе Алесь быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс «Падарунак прэзідэнту». 21 ліпеня 1999 года, калі скончыўся канстытуцыйны тэрмін праўлення Аляксандра Лукашэнкі, Пушкін прыкаціў да прэзідэнцкай адміністрацыі тачку гною з шыльдай-падзякай Лукашэнку за працу.
Штогод святкаваў Купалле ў Бабры і ладзіў акцыі ў дзень абвяшчэння БНР.
Распісваў і рэстаўраваў праваслаўныя і каталіцкія храмы, афармляў пастаноўкі, пісаў карціны. Удзельнік і лаўрэат шматлікіх замежных і айчынных выстаў.
Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года па справе аб нібыта рэабілітацыі нацызму: на выставе ў Гродне быў партрэт беларускага антысавецкага партызана Аўгена Жыхара.
На момант завядзення справы Алесь Пушкін быў у Кіеве, але прынцыпова вярнуўся ў Беларусь, ведаючы пра крыміналку. Яго затрымалі проста на працы — ён рэстаўраваў палац у Жылічах.
30 сакавіка 2022 года мастака асудзілі да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Палітвязень Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня 2023 г. у гродзенскім шпіталі, куды яго даставілі ў цяжкім стане з турмы.
Чытайце яшчэ:
Карціны Алеся Пушкіна ў польскім замку (фота)
«Яны забілі яго». Лявон Вольскі пра Алеся Пушкіна і свой асабісты спіс ахвяраў