Выстава «Ales Pushkin. AFTERLIFE» адчыніцца 6 жніўня а 19:00 у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Гэтая дата абрана невыпадкова: у дзень нараджэння мастака, насуперак яго гвалтоўнай смерці, якая адбылася год назад у гарадзенскай турме.
Асноўная канцэпцыя экспазіцыі грунтуецца на акцыях і перформансах Алеся Пушкіна, якія ён праводзіў у адкрытай прасторы з 1989 года. Гэтыя акцыі паказваюць яго як радыкальнага мастака-акцыяніста, які працаваў з культурным, сацыяльным і палітычным кантэкстамі. Для выставы абрана некалькі ключавых тэм, якія раскрываюць разнабаковае мастацтва аўтара і застаюцца актуальнымі ў сённяшні гістарычны момант: Дзень Волі, Падарунак Прэзідэнту, Святы і Святы, Беларускі Рэзістанс, Супраціў Вайне.
Экспазіцыя выкарыстоўвае інсталяцыйны метад самога аўтара і працягвае яго выхад у прастору. Большасць экспанатаў створана на аснове медыйных артэфактаў, дакументаў і арыгінальных відэапрац з архіва мастака, сяброў і калег. У выставу таксама інтэграваны арыгінальныя працы мастакоў, фатографаў і відэадакументалістаў, якія супрацоўнічалі з Алесем і чыя творчасць канцэптуальна звязана з яго ідэямі. Гэта дадае больш уяўлення аб атмасферы часу і працягвае яго мастацкую спадчыну.
Алесь Пушкін — мастак, перформер, актывіст, куратар, галерыст. Нарадзіўся ў 1965 годзе і жыў у мястэчку Бобр, паміж пушчаў-балот на ўсходзе Беларусі. Займаўся рэстаўрацыяй, манументальным царкоўным жывапісам і тэатральным мастацтвам. Адна з найважнейшых акцый «Падарунак прэзідэнту «За пяцігадовую плённую працу!»» адбылася ў 1999 годзе і лічыцца пераломнай для беларускага арт-актывізму. За свае перформансы і палітычныя погляды на працягу ўсяго творчага жыцця неаднаразова адбываў судовыя і турэмныя пакаранні. 11 ліпеня 2023 года Алесь памёр у гродзенскай турме № 1.
Руфіна Базлова (Stitchit) (Прага), Аляксандр Васюковіч (Варшава), Андрэй Дурэйка (Дзюсельдорф), Іяланта Кіліян (Познань), Янак Коўзель (Констанц), Максім Тымінько (Амстердам), Антось Цялежнікаў (Варшава), Яна Шостак (Варшава), Раман Шэлл (Берлін).
Асаблівым момантам падчас адкрыцця выставы стане выступ «Вольнага хора».
Куратар: Андрэй Дурэйка
Выстава працягнецца з 6 па 31 жніўня 2024 года.
Адрас: Музей Вольнай Беларусі: Варшава, Foksal 11
Гадзіны працы: аўторак — пятніца: 16:00–20:00;
субота — нядзеля: 12:00–20:00
Больш інфармацыі пра мерапрыемства па спасылцы.
паводле прэс-рэлізу