22 верасня група вандроўнікаў ТБМ, журналістаў і музыкантаў здзейсніла аднадзённую паездку ў Віцебск.
У межах культурніцкай кампаніі “ Будзьма беларусамі!” у горадзе над Дзвіной адбылася творчая вечарына з удзелам Анатоля Мяльгуя і Элы Дзвінскай па кнізе “ Беларускае слова ад спеву” і канцэрт папулярнага спевака Змітра Вайцюшкевіча.
Першую палову дня вандроўнікі прысвяцілі экскурсіі па горадзе, якую наладзіў віцебскі краязнаўца Мікалай Півавар. Сябры наведалі Плошчу Перамогі, дзе адчулі нязломны дух горада, дакрануліся да старажытнасці ў сцянах ратушы і краязнаўчага музея, агледзілі помнік крэўскаму князю Альгерду, які быў жанаты на віцебскай князёўне Марыі і меў свой замак і сфатаграфаваліся ля помніка Альгерду, ўсталяванага скульптарам Слабодчыкавым.
Госці падняліся на Успенскую горку, з якой пабачылі горад на сямі халмах, Свята-Успенскі храм, Дабравешчанскую царкву, Нацыянальны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, мост праз раку Віцьбу. Падарожнікі наведалі яшчэ адну гістарычную мясціну: помнік ваярам 1812 года і губернатарскі палац, які ўлетку 1812 займаў Напалеон Банапарт.
Зміцер Вайцюшкевіч ў гэтым годзе з сям’ёй знаходзіўся на стажыроўцы ў Варшаве і выступаў у Польшчы. У дарозе артыст дзяліўся думкамі з вандроўнікамі пра беларускую культуру, пра тое як мы яе прапагандуем, развіваем, як яе ўспрымаюць у свеце, пра нашу нацыянальную самаідэнтыфікацыю, пра выхаванне дзяцей у беларускім духу.
Ва ўтульным арт-пабе “Тоrvald”на вуліцы Камсамольскай, 32 на сустрэчу з артыстам сабраліся каля 70 наведвальнікаў, пераважна моладзь. Ва ўступным слове да вечарыны музычны аналітык Анатоль Мяльгуй высока ацаніў 20-ці гадовыя творчыя дасягненні ўдзельніка “ Палаца”, “Кrіwі »” і “WZ-Orkiestra”, мультыінструменталіста і выканаўцы, які спалучае лепшыя рысы кампазітара, прадзюсара, шоў-мэна і спевака, і сваёй энергіяй фармуе сучасную беларускую музычную культуру.
Канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў Віцебску быў глыбокім па змесце, па жыццёвым роздуме і працяглым. Як калісьці, выступаючы ў КЗ Мінск, ён спачатку “загружаў публіку”, спяваў пра сур’ёзныя рэчы: пра сталенне і ўзрост, лёс і каханне, а потым цешыў, весяліў, завадзіў. Прагучала песня з новага альбома «Камета» «Святло Сараева», а за ёй іншыя творы — «Як бралі мяне ў салдаты», «Коўдра-магіла», «Стары муж», «Амерыка». Было і замілаванне роднай бярозкай, і пажаданне ўсім Веранікам, Адэлям, Палінам быць жаданымі і каханымі, мець надзею і веру.
Гарачымі воплескамі суправаджалі слухачы любімы хіт “ Я нарадзіўся тут”. На заканчэнне ў супольным выкананні прагучала песня “ Жыве Беларусь”. Маладыя мужчынскія і трапяткія жаночыя галасы ўторылі выканаўцу. Наведвальнікі клуба змаглі паўдзельнічаць у конкурсе, прапанаваным Э. Дзвінскай, на веданне паэтычнай асновы творчасці З. Вайцюшкевіча.
Самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі ў падарунак музычную біяграфію артыста “Беларускае слова ад спеву”, выдадзеную ў 2010 годзе ў выдавецтве “Кнігазбор”, і фотаздымкі з аўтографам галоўнага героя. Падзяка ад кампаніі “ Будзьма!” была выказана ўладальніку арт-паба ”Torvald” Віталю Броўку і Хрыстафору Жаляпаву за гасцінны прыём у Віцебску.
Мерапрыемства ў клубе “ Torvald” дасягнула галоўнай мэты: спявак, які вымушаны быў апошнім часам працаваць на чужыне, адчуў, што яго па-ранейшаму любяць, чакаюць і гатовыя прыняць у любым кутку Беларусі ў дэмакратычным асяродку.
У канцы 90-тых гадоў З.Вайцюшкевіч у складзе гурта “ Палац” выступаў на сцэне “Славянскага базару”, апошні раз наведваў горад ў 2003 годзе. І вось сёлета, на Дзень Волі у песне “ Віцебск-2030” ён іранізаваў на тэму, калі ж будзе дазволена зноў выступіць у Віцебску. Каб не адкладаць у далячынь, журналісты і ТБМаўцы арганізавалі яго канцэрт ў “ Торвальдзе”.