Слова года ў Беларусі — «нацызм». Ужо каторы год...

Паводле Оксфардскага слоўніка слова года — rage bait. Недзе побач круцяцца aura farming ды biohack. Усё гэта — пра сацыяльныя сеткі і будучыню, якая надышла, не пагрукаўшы ў дзверы. У Беларусі — усё стабільна. «Нацызм», «генацыд», «калабаранты» — новы стары беларускі шорт-ліст. Заўжды актуальны.

Navahodnija cacki Фота: телеграм-канал Ксеніі Лебедзевай

Днямі пракуратура Савецкага раёна г. Мінска палічыла калядныя цацкі з партрэтам Ларысы Геніюш — «рэабілітацыяй нацызму». Праверка, папярэджанне... усё, як заўжды. Гэтае «заўжды» тут — самае страшнае. Бо народ прывучаюць да рэальнасці, калі дзяржава вызначае: што «нацызм», а што не. Без Оксфардскага слоўніка.

Што такое нацызм?

Права называць рэчы імёнамі — сакральнае. Некалі Бог даў Адаму права раздаваць імёны жывёлам у Эдэмскім садзе. Так і пайшло. Называючы рэч — ты вызначаеш яе якасць. Адсюль усе далейшыя спрэчкі пра тэрміналогію. Гэта не пра дакладнасць, а пра вартасць і прыналежнасць.

Слова «нацызм», якое так палюбілася прапагандзе, мае канкрэтнае значэнне. Агульнапрынятае. У цывілізаваным свеце (ён яшчэ існуе) ёсць кансэнсус на гэты конт. Гэта таталітарная, ультраправая, антыдэмакратычная, расісцкая і антысеміцкая ідэалогія, якая панавала на дзяржаўным узроўні ў Германіі ў 1933–1945 гадах.

Дзе ў творчасці Ларысы Геніюш — антысемітызм? Дзе — антыдэмакратызм? Якую ролю яна адыграла ў дзяржавабудаўніцтве Рэйху?.. Адзіны эпізод, з якім носіцца прапаганда — подпіс Геніюш пад лістом беларускай інтэлігенцыі да Гітлера. Але сама Геніюш гэта адмаўляла, маўляў, яе подпіс паставіў Іван Ермачэнка: «да камплекту», не спытаўшы.

Не кажучы пра тое, што сімпатыі Кнута Гамсуна ці Астрыд Ліндгрэн да тагачаснай Германіі былі куды больш яскравыя. Іхныя кнігі з беларускіх бібліятэк пакуль не вымаюць і не паляць (пакуль!). Не кажучы і пра тое, што кожны твор і творца маюць свой час і кантэкст. Арыстоцель ухваляў рабства, але гэта не значыць, што яго творы — прапаганда рабства, праўда?

Хто хоча паміраць за чырвоны колер?

Дык вось. Наконт права даваць імёны. У Беларусі значэнне словаў «нацызм», «генацыд», «дэмакратыя», «народ», «прэзідэнт», «выбары», «органы правапарадку», «рэпрэсіі» — вызначае не Оксфардскі слоўнік, а генпракурор Швед і ўся гэтая кампанія. Рэжым мае суверэннае права надаваць сваё значэнне агульнапрынятым словам.

Скажам, для міжнароднага прызнання т. зв. «генацыда беларускага народа» неабходна ініцыяваць разбіральніцтва ў міжнароднай юрысдыкцыі (суд ААН). І дачакацца вынікаў. Бо там вырашаюць спрэчкі між краінамі, вывучаюць, узважваюць і г. д. Для таго той суд і існуе. Інакш кожная краіна магла б аб’явіць, што яе «генацыдзілі» суседзі і — само слова згубіла б сэнс. Што мы і бачым у Беларусі.

Бо ў Беларусі — прыняты закон. І кропка. І калі заўтра дэкрэтам прэзідэнта чырвоны колер аб’явяць зялёным — ніхто не паспрачаецца. Ніхто не ўвядзе за гэта санкцыі. Людзі не выйдуць на пратэсты. Хто хоча паміраць за чырвоны колер?.. А турыстам будуць тлумачыць: «Ну вось, у нас так. Гэта наша бачанне колераў. Традыцыя».

Новы слоўнік беларускай мовы

Да чаго гэта ўсё? З кожным годам рэжым у Беларусі выбудоўвае сваю сістэму паняткаў, якая ў іхным разуменні і ёсць — азнака суверэнітэту. Свае імёны для рэчаў — свае правілы.

«Выбары» — фармальны каляндарны рытуал.

«Прэзідэнт» — пажыццёвы народны манарх.

«Органы правапарадку» — гвардыя манарха.

«Нацызм» — любая праява антысавецкасці, русафобіі ці нелаяльнасці.

Суверэнны — чытай альтэрнатыўны, прыватны. Альтэрнатыўны свет. Прыватная краіна. Як вам?..