Насуперак чаканьням, Кульлінковіч на сваім новым альбоме зусім не брыдкасловіць. У жанры паходнага рок-н-ролу ён максымальна карэктна іранізуе: маўляў, хто своечасова папісаў, ня трапіў у той “сьпісак”.
Спампаваць альбом можна тут.
Свой чатырнаццаты студыйнік каманда Кульлінковіча пісала ў прыгнечаным стане. Адну з найлепшых рок-каманд краіны давялі да таго, што яны, нібы злачынцы, з асьцярогай граюць раз на пару месяцаў канцэрты ў зачыненых на спэцабслугоўваньне невялікіх сталічных клюбах. Сытуацыя з чорнымі сьпісамі на “дзюбялях” адбілася самым кепскім чынам: за гэтыя 10 гадоў няпэўнасьці частка іх прыхільнікаў забылася на сваіх улюбёнцаў, новых слухачоў яны практычна не набылі, а таму граюць і пішуцца толькі для самых адданых, якіх з кожных годам робіцца ўсё менш…
Зрэшты, прыгнечанасьці гэтай на новым альбоме каманды не адчуваецца. Кульлінковіч, як стойкі алавяны салдацік, застаецца ў сваім рэпертуары. Ён з калегамі запісаў якраз той альбом, якога ад яго чакалі: з нэрвам, з пачуцьцём, з расстаноўкай ён даводзіць слушнасьць іранічнага погляду на жыцьцёвыя праявы. Не чуваць тут злосьці, не нясе Кульлінковіч крыўды, а толькі канстатуе: “Те, кто вовремя пописал, не попали в этот список”. Аўтар на ўсялякі папярэджвае ў адным з ключавых трэкаў дыску: “Я ещё тёплый” (у апошні момант з прыпеву вырашылі прыбраць брыдкаслоўе). Назва гэтага твору нашмат лепш пасавала б пад назву дыску, бо ў ёй, уласна, і закладзеная сутнасьць праграмы: Neuro Dubel з Кульлінковічам у добрай форме і здольныя даць яшчэ чаду. Кожную песьню, акрамя загалоўнай, бяры ды раціруй, развучы ды падпявай на ўвесь голас. Толькі вось раціраваць ды падпяваць няма каму, бо… глядзі вышэй.
У музычным пляне Neuro Dubel яшчэ больш палагаднеў: абсалютная большасьць песьняў вырашаная ў стылістыцы ненапружнага такога паходнага рок-н-ролу з адсылкай да старога добрага гіта пра “я принёс тебе ура”. Дарэчы, адну з самых сьветлых песьняў часоў альбому “Умные вещи” – “Гуси-лебеди” – узялі ды перапісалі наноў для гэтага дыску. Яе пазбавілі “мастацкага сьвісту”, затое трошкі асьвяжылі аранжыроўку. Праўда, незразумела, навошта. На кожным дыску каманды ўгадваецца песьня, на якую ставяць самі музыкі: у “Stasi” гэта была “Можно жить”, у “Афтарах правды” – “Ленін”, а тут – “Бифидокефир” (яна ж “Алкогольный чих”), бадзёрая музычная тэма з двума рознымі тэкстамі. Вось за такія тэксты чакае “дзюбялёў” неўміручасьць.
Ідэя: 9
Выкананьне: 9
Тэксты: 10
Запіс: 8
Аздабленьне: 7
Cяргей Будкін