15 красавіка, акурат на Вялікдзень у межах праекту «12 Unplugged» выступіць два калектывы, кожны зь якіх мае сваю ўнікальнасьць. Гурт «Стары Ольса» запрашае ўсіх заглыбіцца ў гучаньне сярэднявечча ды пачуць сапраўдны «жывы» балянс інструмэнтаў. А этна-калектыў Guda пакажа сваю велікодную веснавую праграму і прадставіць традыцыйны пагляд на ўтварэньне космасу. Слухач адчуе, як з гукаў чалавечага голасу нараджаецца матэрыя гэтага сусьвету.
![]()
Гурт «Стары Ольса» — лідэры ў сваім кірунку сярэднявечнай музыкі. Фактычна музыкі былі сярод тых, хто ўвёў моду на сярэднявечча. На сёньня дыскаграфія гурта з 13-гадовай гісторыі налічвае 11 выдадзеных дыскаў, кожная зь іх праграмаў унікальная па-свойму. На «Тузіне Гітоў» каманда дэбютавала ў 2004 годзе з сваім яскравым канцэртным нумарам «Літвін», трошкі пазьней музыкі прадставілі яшчэ адзін свій гіт — «У карчме», які забраўся на самую вяршыню чарту. Музыкі з радасьцю пагадзіліся ўзяць удзел у тузіноўскім канцэртным праекце. І вось зь якой прычыны: «Сярэднявечная і старадаўняя музыка гучыць звычайна са сцэны з выкарыстаньнем узмацняльнай апаратуры. Пры гэтым няма магчымасьці заглыбіцца ў самое гучаньне сярэднявечча — праз апаратуру ня чутны сапраўдны „жывы“ балянс інструмэнтаў. Менавіта гэтае спалучэньне ціхай лютні і гучнай дуды, рамантычнай флейты і агрэсіўных барабанаў, высакароднага рэбэка і пранізьлівага шалмея ствараюць своеасаблівы характар і дазваляюць перанесьціся ў часе, — кажа лідэр „Старога Ольсы“ Зьміцер Сасноўскі. — „Жывы“ балянс старадаўніх інструмэнтаў — гэта зусім іншы сьвет у параўнаньні з выступам праз калёнкі. Невялікі клюб, блізкі кантакт са слухачамі, нязмушаная атмасфэра — цікавы экспэрымэнт і рэдкая магчымасьць». |
![]()
Этна-гурт Guda мае 15-гадовую гісторыю. Ужо доўгі час гэты ўнікальны калектыў супрацоўнічае з «Тузіном Гітоў». Якраз на пляцоўцы парталу паўстаў іх афіцыйны сайт. Многія ведаюць, што манера выкананьня гурту найболей наблiжаная да выкананьня народных песень аўтэнтычнымi носьбiтамi. Выканаўцы практыкуюць галосны сьпеў, у аснове сваёй выконваюцца кампазыцыі акапэла. Хоць досыць часта Guda экспэрымэнтуе, як у сваёй апошняй кампазыцыі «За горэю крэмянэю», ці ў кавэры на Depeche Mode «I Feel You», зробленага разам з Neuro Dubel. На «Тузін. Unplugged» гурт прадставіць велікодную веснавую праграму. «Вялікдзень адно з традыцыйных сьвятаў беларускага календара. Па старадаўніх уяўленьнях у гэты час адбываецца пераўсталяваньне сусьвету, цыклічная зьява, якая мае штогадовы рытм, — распавядае ўдзельніца гурта Вікторыя Міхно. — Мы прадставім традыцыйны пагляд на ўтварэньне сусвету, а слухач адчуе, як з гукаў чалавечага голасу нараджаецца матэрыя гэтага сусьвету». Сьпевы калектыву да ўсяго будзе суправаджаць адмысловы візуальны шэраг, які рыхтуе мастачка па выцінаках Натальля Сухая. |
Падчас выступаў гледачы змогуць задаць пытаньні музыкам. Весьці імпрэзу па традыцыі будзе Алег Хаменка, музыкант і нязьменны вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў». Да ўсяго, наведнікі канцэрту маюць шанец атрымаць прызы ад сяброў «Тузіна Гітоў» — кампаніі «Будзьма беларусамі».
Канцэрт пачнецца ў 19:00 15 красавіка (нядзеля) у менскім клюбе «Графіці» (зав. Калініна, 16).
Кошт квітка — 60 000 руб. Набыць квіткі можна ў клюбе загадзя з 12:00 да 23:00 штодня, акром суботы і нядзелі.
Інфалінія: (029) 638-44-44, (033) 638-44-44, skype, google: Diskoteq, ICQ: 531-07-353.