Венгрыя. Краіна з крыўдай на Еўропу

Апошнія гады Венгрыя часта ідзе насуперак іншым краінам Еўразвяза. Тармозіць дапамогу Украіне, да апошняга не давала згоды на ўступленне ў НАТА Швецыі. Еўразвяз вінаваціць венгерскія ўлады ў парушэнні прынцыпаў дэмакратыі, пагражае карамі, у тым ліку фінансавымі. Але галоўны праваднік венгерскай палітыкі прэм’ер-міністр Віктар Óрбан са сваёй партыяй ужо каторы раз перамагае на выбарах, гэта значыць мае падтрымку значнай часткі венгерскага грамадства.


Прычынай сённяшняй венгерскай адасобленасці і «капрызнасці» з’яўляецца глыбокая гістарычная крыўда на Заходнюю Еўропу, якая адабрала ў Венгрыі статус супердзяржавы і «апусціла» да ўзроўню сярэдняй еўрапейскай краіны (18-е месца па плошчы і 16-е па насельніцтве). Па волі Антанты пасля Першай сусветнай вайны адбыўся сапраўдны разбор Венгрыі. Паводле мірнай дамовы, падпісанай у Вялікім Трыанонскім палацы Версаля 4 чэрвеня 1920 г. (Трыанонскі трактат), краіна страціла ажно 2/3 тэрыторыі на карысць Румыніі, Чэхаславакіі, Югаславіі і Аўстрыі. 

Razbor Vienhryi ŭ 1920 h.

   Разбор Венгрыі ў 1920 г.

 
Асабліва балючай для венграў была страта Сяміграддзя (Трансільваніі), захопленага Румыніяй у снежні 1918 г. са згоды Антанты. Сяміградскае княства на працягу XVI і XVII стагоддзяў было фактычна адзінай незалежнай венгерскай дзяржавай, рэшту краіны падзялілі туркі і аўстрыякі. З Сяміградскага княства паходзіў і быў яго ўладаром наш знакаміты вялікі князь і польскі кароль Стэфан Баторы. 

Асноўную тэрыторыю Венгерскага каралеўства ў XVI ст. акупавала Асманская Турцыя, паўночная частка краіны трапіла пад уладу Габсбургаў, якія пераўтварылі яе ў буферную зону паміж аўстрыйскімі і турэцкімі ўладаннямі. 

Buda pad uladaj Turcyi
Буда пад уладай Турцыі

У самым канцы XVII ст. пасля разгрому туркаў пад Венай у 1683 г. Венгрыя была аб’яднаная пад уладай Габсбургаў, якія кіравалі краінай як венгерскія каралі. Пасля паразы Аўстрыі ў вайне з Прусіяй венгерская арыстакратыя дамаглася стварэння ў 1867 г. дуалістычнай дзяржавы, у якой Венгрыя атрымала амаль поўную аўтаномію. 

Аднак венгры, стаўшы гаспадарамі ў сваёй краіне, самыя пачалі падкоп пад яе дзяржаўнасць праз вострую асіміляцыйную палітыку адносна іншых народнасцей каралеўства. І гэта пры тым, што венгры ў сваёй дзяржаве ніколі не былі большасцю, яны прыйшлі ў Еўропу ў Х ст. на землі, заселеныя іншымі народамі, найбольш славянамі, і ў ХІХ ст. складалі каля 40% агулу насельніцтва. Нягледзячы на заклікі і націскі з Вены, венгерскія палітыкі ніяк не хацелі аслабіць ці злагодзіць мадзьярызацыю славянаў і валахаў (румынаў). Апошнія пад канец XVIIІ ст. ужо мелі большасць у Сяміграддзі — складалі там каля 60% насельнікаў. 

Narody Vienhryi.1910 h.
Народы Венгрыі,1910 г.


Калі ж пасля заканчэння Першай сусветнай вайны пачалося стварэнне новых дзяржаў і перакройванне старых межаў, выявілася, што ў адной дзяржаве з венграмі мала хто хоча заставацца. Славакі пайшлі ў агульную дзяржаву з чэхамі. Іх лідар ксёндз Андрэй Глінка выказаўся лапідарна: «Тысячагадовы шлюб з Венгрыяй аказаўся няўдалым, нам трэба развітацца!». Харватыя ўвайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў, славенцаў (ад 1929 г. — Югаславія), сяміградскія румыны абвясцілі аддзяленне Сяміграддзя, і яго заняла Румынія.
Увогуле гістарычны лёс Венгрыі складваўся неяк нешчасліва, асабліва ў ХХ ст. Да акройвання венгерскай тэрыторыі ў 1918–1920 гг. моцна спрычынілася Венгерская Савецкая Рэспубліка, створаная камуністамі і сацыялістамі ў сакавіку 1919 г. Яна так напалохала Антанту (у перспектыве злучэння яе з бальшавіцкай Расіяй), што тая дала санкцыю на інтэрвенцыю суседніх краінаў і падзел венгерскай тэрыторыі. 

У Другую сусветную вайну Венгрыі не ўдалося своечасова выскачыць з лагеру гітлераўскіх саюзнікаў, як тое ўчынілі Балгарыя і Румынія. Гітлер таго не дапусціў, у сакавіку 1944 г. вермахт акупаваў краіну і Чырвоная армія Венгрыю не вызваляла, а здабывала, добра яе зруйнаваўшы. 

Венгерская крыўда на Еўропу спрычынілася да сённяшняга квазісяброўства Орбана з Пуціным, і гэта пры тым, што венгры не забыліся пра крывавыя здушэнні расійцамі іх рэвалюцый у 1848 і ў 1956 гадах. 

Rasiejski miedaĺ za zdušennie Vienhryi ŭ 1849 h.

Расейскі медаль за здушэнне рэвалюцыі ў Венгрыі ў 1849 г.

Прэм’ер Орбан дзеля ўтрымання ўлады ўмела гуляе з гістарычнымі крыўдамі свайго народа. Вось толькі адзін, можа, не надта значны, але характэрны факт. Урад Віктара Орбана пасля пераняцця ім улады ў 2010 г. ужо на першым паседжанні абвясціў Днём Нацыянальнага Адзінства 4 чэрвеня. У гэты дзень у 1920 г. у Версалі пад Парыжам быў падпісаны Трыанонскі трактат.

Канстанцін Семяновіч, budzma.org