Вера Буланда 2 траўня выступіла ў СШ № 76

Паэтка Вера Буланда ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» 2 траўня выступіла ў  СШ № 76. Пасля выступу выступоўца шчыра падзялілася сваімі ўражаннямі:

“Апошняя мая кніга “Шчырая споведзь мая” пачынаецца трыялетам “Мая прафесія Паэт”.

Мая прафесія Паэт –

Надзелена я гэтым правам,

Бо дзеля людскасці – не славы

Ма прафесія Паэт,

І не для радаснай забавы,

Як часта лічыць белы свет.

Мая прафесія Паэт –

Надзелена я гэтым правам.

З вучнямі рашыла ўзняць гутарку пра паэзію і даведацца, ці чытаюць яны, ці любяць паэзію, а галоўнае – беларускую… А яшчэ – ці згодны вучні з думкай паэта Леаніда Галубовіча “Як мала чытачоў, і тыя ўсе паэты…” Прыгадала, калі сама настаўнічала яшчэ на Лепельшчыне, мне аналагічнае пытанне, ці чытаюць вучні беларускіх паэтаў, задаў Анатоль Вярцінскі. Вучні і чыталі, і любілі паэзію. Тым больш, што ў мяне былі гурткі мастацкага чытання, лялечны тэатр і паэтычны гурток.

На просьбу прыгадаць паэтаў і пісьменнікаў, якія запомніліся вучням на працягу навучання ў школе, яны назвалі: Пімена Панчанку, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Валянціну Коўтун (дарэчы, некаторыя з іх напярэдадні былі ў музеі гісторыі Беларускай літаратуры на монаспектаклі “Свяча любові”, прысвечаным жыццю і творчасці паэткі) і інш. З сучасных паэтаў дзеці называюць мала каго, хаця ўспомнілі У. Някляева, Л. Дранько-Майсюка, С.Панізніка. Але, на шчасце, з вядомых ім паэтаў яны любяць вершы У. Караткевіча, Максіма Танка, Янкі Купалы, Якуба Коласа. З прозы любяць і гатовы перачытваць творы Івана Мележа “Людзі на балоце”, Ул. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, Янкі Маўра “Палескія рабінзоны”, “Чалавек ідзе” і інш.

З 11-класнікамі, а сустрэча якраз была з імі, мы закранулі і праблему вывучэння беларускай літаратуры ў школе. Ці не занадата мала гадзін адведзена ў школе на беларускую літаратуру, ці правільнае рашэнне аб адмене іспыту па роднай літаратуры? На маю думку – гэта яшчэ адзін крок супраць таго, каб будучыя таты і мамы, будучыя кіраўнікі розных устаноў ведалі, любілі глыбока вывучалі і дзяцей сваіх пераконвалі ў вартасцях нашай айчыннай літаратуры. Не сказаць каб дужа ахвотна напярэдадні іспытаў па другіх прадметах вучні пагадзіліся з маёй думкай, але ўсё ж такі з уважлівасцю слухалі вершы інтымнай лірыкі з маёй паэзіі, Я. Янішчыц, Р. Баравіковай і інш. Самае цікавае ў гэтай сустрэчы тое, што на яе напрасіліся два вучні з шостага класа: дужа любяць беларускую паэзію: адзін з іх – Мгер Азнауран, армянін па нацыянальнасці, са Спітака нядаўна з бацькамі прыехалі ў Мінск. Спрабуе сам гаварыць па-беларуску, а любімыя яго паэты Я.Купала і М. Багдановіч.”